Іншы раз трэба ганарыцца тым, што не напісаў. І я ганаруся.

Ужо даўнавата было тое, як мне захацелася напісаць артыкул ці то нарыс пад назвай «Самазванцы». Я хацеў расказаць пра тое, што ў 1918—1919 гг. зьявілася мода праводзіць усебеларускія зьезды і абвяшчаць сябе прэзыдэнтамі Беларусі. Я хацеў давесьці да чытача просьценькую выснову: пасьля Ўсебеларускага зьезду 1917 г. і Акту 25 Сакавіка думка пра беларускую дзяржаўнасьць стала звычайнаю справаю, і гэта вырашылі скарыстаць асобныя элемэнты, якіх вабіла ня столькі беларуская ідэя і беларуская дзяржаўнасьць, колькі беларуская ўлада, якою можна было патаргавацца.

Я меўся пісаць пра Аляксандра Бахановіча ды Казімера Цьвірку-Гадыцкага.

«Прэзыдэнт» Бахановіч

Імя Бахановіча трапілася мне на вочы ў другой палове 1980-х, калі я працаваў у знакамітым Віленскім беларускім фондзе. Там я ўбачыў дасье на яго. Уражвала якасьць друку на машынцы: надрукавана з двух бакоў, а аркушы бязь дзірачак, гладзенькія… Там я прачытаў ліст Бахановіча да Антона Луцкевіча. Нарэшце, я сустрэў імя Бахановіча ў Луцкевічавым «Дзёньніку». Усімі гэтымі крыніцамі я карыстаўся, калі пісаў для ЭГБ артыкул «Бахановіч Аляксандар». І ўжо зусім нядаўна я прачытаў у БДАМЛіМ дакумэнт, які падказвае, калі першы раз Луцкевіч сустрэўся з Бахановічам — улетку 1918 г. Сустрэча адбылася, калі былы паручнік Бахановіч узначальваў у Петраградзе Цэнтральны камітэт аб’яднаных грамадзкіх арганізацый Гарадзенскай губэрні. Захаваўся пісаны А.Луцкевічам чарнавік ліста да начальніка адміністрацыі акупаваных тэрыторый фон Фалькенгаўзэна з просьбаю прыняць дэлегацыі Віленскае Беларускае Рады (братоў Луцкевічаў і Дамініка Сямашку) і згаданага ЦК (А.Бахановіча ды П.Мінька) дзеля абмеркаваньня пытаньня пра рээмігрантаў, г.зн. пра тых уцекачоў і выгнанцаў, якія вырашылі вярнуцца на Гарадзеншчыну.

Вядома, што ў ліпені 1918 г. ЦК аб’яднаных грамадзкіх арганізацый Гарадзенскай губэрні разагналі бальшавікі. Пасьля гэтага Бахановіч апынуўся ў Кіеве. І ня выключана, што там ён сустракаўся з Луцкевічам увосень 1918 г., калі той узначальваў Надзвычайную дэлегацыю Рады БНР у гетманскай Украіне. Як жыў-паводзіўся ў сталіцы Ўкраіны паручнік Бахановіч пасьля, вядома зь лістоў, якія пісалі Луцкевічу сам Бахановіч і Яўген Хлябцэвіч (лісты цытуюцца ў 4-й кніжцы «Полымя» за 1991 г.).

Калі гетмана Скарападзкага скінулі, Бахановіч уцёк у Адэсу. Там адразу ж уступіў у Беларускі нацыянальны цэнтар і прапанаваў яму прыняць на сябе функцыі Часовага краёвага ўраду Беларусі. Нагадаю, што ў той час Беларусь мела ўжо два ўрады: у Горадні — урад БНР, а ў Менску — урад БССР. Цяпер мог паўстаць і трэці «кабінэт». Аднак 21 студзеня БНЦ, у якім фактычным кіраўніком быў консул БНР Сьцяпан Некрашэвіч, Бахановічаву прапанову адхіліў. Ды наш герой не здаваўся. 26 студзеня ён паведаміў сябрам БНЦ, што ў Слоніме адбыўся Другі ўсебеларускі зьезд, які абраў Дырэкторыю, а яго, Бахановіча, паставіў на чале яе. І зноў няўдача: БНЦ ня толькі не паверыў у праўдзівасьць гэтае інфармацыі, але 28 студзеня выключыў экс-паручніка са свайго складу. Затое Бахановічу ўдалося ашукаць Антона Дзянікіна, і той 2 лютага тэлеграмаю вітаў ягоны «ўрад». Аднак адэскія беларусы выкрылі падманшчыка, і францускія акупацыйныя ўлады выслалі Бахановіча з Адэскае акругі.

Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"

Самазванцы

Антон Луцкевіч

«Прадстаўніцтвы» і «ўрады»

Пад той час, як усю зямлю Беларускую, пабітую на часткі рознымі акупантамі, дратавалі чужацкія войскі, а правамочны ўрад Беларускае Народнае Рэспублікі прымушаны быў шукаць прыпынку ў прыязных для нас чужых дзяржавах (Лацьвіі, Ліцьве, Украіне, Францыі, Нямеччыне, Чэхах і т.д.), — на целе беларускага народу вырасталі паганыя, ядавітыя грыбы. Гэта — чысьленыя самазваныя «прадстаўніцтвы» Беларусі, беларускія «ўрады» і т.п., каторыя, маючы на мэце адно толькі паспэкуляваць на беларускай справе і набіць сабе кішэні грашмі розных ворагаў Беларусі, паганілі імя беларускае і абніжалі павагу запраўднага беларускага дзяржаўнага прадстаўніцтва.

Беларускі барон

Пачнём з Украіны. З благаслаўленьня ліхой памяці гетмана Скарападзкага — напярэдадні яго палітычнае сьмерці — згуртавалася ў Кіеве цэлая грамада беларускіх паноў-абшарнікаў з Магілёўшчыны з баронам Розэнам на чале. Гэтая група, разам з гетманам Скарападзкім, манілася далучыць да Ўкраіны тую часьць Беларусі, якая аставалася на ўсходзе ад лініі Берасьцейскага міру. Быў намечаны ў гетмана ўжо і «намесьнік» для Беларусі — бяздарны, пусты генэрал Дашкевіч-Гарбацкі.

Украінскі народ выгнаў вон Скарападзкага, а разам з тым разьбіліся і ўсе пляны магілёўскіх паноў, памыкаўшыхся спэкульнуць на беларушчыне.

Пан Бахановіч

Пад націскам бальшавікоў на Кіеў, дзе пры Скарападзкім была сабралася ўся расейская рэакцыя, гэныя чорныя крукі пачалі ўцякаць у Адэсу. І тут на рубяжы 1918—1919 г. мы бачым новую спробу спэкуляцыі на беларусах. Гэтым разам папрабаваў шчасьця нейкі авантурнік Бахановіч (з Горадзеншчыны), быўшы некалі афіцэрам у расейскай арміі. Бахановіч гадоў дваццаць бадзяўся па Расеі, калі ж узьнялася бальшавіцкая рэвалюцыя, ён завёў нейкія падазрыцельныя адносіны зь немцамі і пры іх помачы прыяжджаў зь Пецярбургу на Беларусь. Не знайшоўшы тут грунту для сваёй спэкуляцыі, ён перакінуўся ў Кіеў і з усёй маскоўскай чорнай сотняй перасяліўся адтуль у Адэсу. Карыстаючыся з таго, што з Бацькаўшчынай не было ніякае сувязі, Бахановіч заявіў тамтэйшым беларускім арганізацыям, быццам у Менску Рада Рэспублікі і Ўрад разагнаны немцамі, а затое ў Слоніме адбыўся новы «ўсебеларускі кангрэс», каторы выбраў «дырэкторыю» зь пяцёх асоб, за галаву яе назначыўшы яго, Бахановіча. Нягледзячы на паказаньне «натарыяльных» копій пастаноў «кангрэсу», ніколі ня быўшага, прадстаўнікі ўраду Бел. Нар. Рэспублікі зразу «раскусілі» самазванца і раскрылі яго карты перад францускай галоўнай камандай у Адэсе, да каторай Бахановіч зьвярнуўся па пропуск у Парыж на міравую канфэрэнцыю. Адначасна Бахановіч зьвязаўся з генэралам Дзянікіным, абвесьціў ад імя Беларусі прылучэньне яе назад да Расеі, атрымаў некалькі сот рублёў «задатку» за прадажу Беларусі і меўся атрымаць некалькі мільёнаў «на арганізацыю беларускай арміі», каб, маючы пропуск у Парыж, з гэтымі грашмі пусьціцца на вольны сьвет. Генэрал Дзянікін, верачы Бахановічу, паслаў яму прывітальную тэлеграму, высказваючы сваю радасьць з прычыны павароту беларусаў пад «Матушку-Расею»! Але адэскія беларусы папсавалі ўсе пляны Бахановіча: французы яго арыштавалі як звычайнага ашуканца і выпусьцілі, толькі ўзяўшы падпіску, што пакіне распачатую авантуру. Дзянікін таксама адрокся ад яго і грошы ня даў.

Так скончылася і другая спроба спэкуляцыі на беларусах, і толькі зрэдка даходзяць глухія весткі, што ў Празе Бахановіч «працуе» ў расейска-чарнасоценскай хаўрузіі як «прадстаўнік» Беларусі, здаволіваючыся дробнымі міласьцінамі…

Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"

Друкуецца паводле: «Наша Думка», 1921, 14 студзеня, дзе апублікаваны ўпершыню пад крыптанімам Г.Б.

Падрыхтоўка да друку і камэнтары Анатоля Сідарэвіча

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0