Паддашак. У застойныя 1970-я гады сьвяткаваньне Дня Волі было пад забаронай. За такую акцыю можна было трапіць у Гулаг. Аднак пад самым носам у кампэтэнтных органаў — на праспэкце Скарыны, 16 (тады Ленінскім), насупраць КДБ — зьбіраліся людзі, што кідалі выклік сыстэме. На паддашку будынку, у майстэрні мастака Яўгена Куліка зьбіраліся артысты і паэты.

Вуліца Дзімітрава. Пазьней традыцыйныя сустрэчы перанесьліся ў майстэрню Алеся Марачкіна і Віктара Маркаўца, на Дзімітрава, 3. Цяпер ад будыначку не засталося й знаку, а на Дзімітрава — фэшэнэбэльны квартал.

Асееўка. «Назва «Дзень Волі» зьявілася пазьней, — кажа Вінцук Вячорка, старшыня Партыі БНФ, колішні ўдзельнік «Майстроўні» і «Талакі». — Перастаўшы называць гэтае сьвята Днём Незалежнасьці, мы дазваляем уладзе выкарыстоўваць гэту назву ў сваіх мэтах, што яна і робіць».

Паводле згадак сп.Вячоркі, першае публічнае сьвяткаваньне 25 Сакавіка «Майстроўня» зладзіла ў 1982 г. у лесе бліз вёскі Асееўка (Асіпавіцкі кірунак). Было вогнішча, і быў узьняты бел-чырвона-белы сьцяг.

Опэра. А праз два гады сьцяг узьняўся ўжо над менскай Опэрай. Прычым пралунаў цэлы дзень. «Мо міліцыя тады яшчэ ня ведала гэтага сьцягу і палічыла, што прыехала якаясьці замежная дэлегацыя», — кажа Вячорка. Праз 12 гадоў Опэра зноў трапляе ў БНРаўскую геаграфію: у 1996-м на Дзень Волі там адбыўся 30-тысячны мітынг, зь якога пачалася славутая Менская Вясна.

Ангар на Маякоўскага. На тэрыторыю часьці ўнутраных войскаў, што на вуліцы Маякоўскага, 25 сакавіка 2000 г. прывезьлі пад 200 затрыманых. Усяго ў той дзень было затрымана каля 500 чалавек. На вуліцу былі выведзены вадамёты і бронетранспартэры. Так была разагнаная акцыя, у якой бралі ўдзел 10 тысяч чалавек.

Плошча Якуба Коласа. На падыходзе да яе ў 1997 годзе на дэманстрантаў, што ўдзельнічалі ў традыцыйным дзеньвольскім маршы, напаў АМОН. Амонаўцы правакацыйна вырывалі ў людзей бел-чырвона-белыя сьцягі. Дэманстранты адбілі напады і дайшлі да плошчы Якуба Коласа, дзе меў адбыцца традыцыйны мітынг. Была кроў, былі параненыя. Пасьля мітынгу ціхары арыштавалі дзясяткі чалавек. Некаторыя зь іх, як мастак Рыгор Кійко ці студэнт Вадзім Кабанчук, правядуць за кратамі доўгія месяцы. Ускладаючы кветкі да помніка Коласу, ушануйце і гэтых змагароў за незалежнасьць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0