Па Эўропе коціцца другая хваля «аксамітных рэвалюцый». Сэрбія, Грузія, Украіна. Ці закране гэтая хваля Беларусь?
Пытаньне адкрытае. Адказ на яго патрабуе дакладнага аналізу таго, што адбываецца ўнутры і вакол краіны. Артыкул Юр’я Хадыкі.
Відавочна, што дэмакратычныя рэвалюцыі канца 1980-х выразна адрозьніваліся ад рэвалюцый «другой хвалі». Магутны парыў народных мас да свабоды практычна не сустракаў у краінах «сацыялістычнага лягеру» арганізаванага супраціву старой камуністычнай намэнклятуры. Прычыны лёгкасьці перамог дэмакратычных сіл у Чэхіі, Вугоршчыне, ГДР, Польшчы і краінах Балтыі ляжаць на паверхні. У нацыянальных элітах там заўжды існаваў моцны антыкамуністычны пласт. А кіроўныя рэжымы былі дыскрэдытаваныя як прыслужнікі калянізатараў.
У постсавецкіх краінах гэтыя фактары былі выяўлены значна слабей. Таму і высьпяваньне ўмоў для другой хвалі «аксамітных рэвалюцый» расьцягнулася тут на 15 год. Затое цяпер ёсьць падставы гаварыць пра акалічнасьці, якія патрэбны для перамогі дэмакратыі негвалтоўным шляхам ва ўмовах жорсткага супрацьдзеяньня посткамуністычных рэжымаў. І ў Сэрбіі, і ў Грузіі, і ва Ўкраіне дэмакратычныя сілы мелі легальнае прадстаўніцтва як у нацыянальных, так і ў мясцовых органах улады. У немалой ступені таму, што выбарчае заканадаўства было зьмененае і ўключала прынцып прапарцыйнага прадстаўніцтва. Гэта спрыяла росту папулярнасьці партый.
Па-другое, кіроўныя рэжымы ня мелі поўнага кантролю над прыватным бізнэсам. Таму апазыцыя валодала матэрыяльнай базай для агітацыі. У прыватнасьці, мела доступ да агульнанацыянальных электронных СМІ.
Па-трэцяе, рэвалюцыі не адбываліся спантанна, але былі прывязаны да выбарчых кампаній. Непасрэдным штуршком зьяўляўся даказаны падман выбарцаў. Нешматлікія радыкальныя моладзевыя арганізацыі адыгрывалі ролю генэратараў масавых выступленьняў, у выніку якіх аўтарытарныя рэжымы ціха сыходзілі ў нябыт.
Нарэшце, немалаважным фактарам посьпеху была істотная замежная дапамога дэмакратычным сілам — як маральная, так і матэрыяльная. Паслугачам аўтарытарных рэжымаў гэтая акалічнасьць асабліва недаспадобы. Яны хуценька забылі камуністычную практыку падтрымкі «прагрэсіўных сіл» па ўсім сьвеце і грашыма, і зброяй. Але, што больш дзіўна, гэтай падтрымкі часта саромеюцца ўрады дэмакратычных краін.
Падтрымка аднадумцаў ва ўмовах злому сьветапоглядных канцэпцый была агульнапрынятай практыкай. Не былі б ахрышчаны славяне бяз значных капіталаўкладаньняў з боку хрысьціянскай Бізантыі, дый без самаахвярнай працы сярод паганцаў сьвятых Кірылы і Мятода.
Мы жывём менавіта ў такі пераломны час. Калектывісцкія каштоўнасьці камуністычных грамадзтваў сябе не апраўдалі. Але эліта гэтых грамадзтваў нікуды ня зьнікла. Мімікруючы, яна імкнецца ўтрымаць уладу ў сваіх руках. Толькі міжвідавое скрыжаваньне не дае жыцьцяздольных нашчадкаў. Таму прыдуманыя А.Лукашэнкам гібрыды накшталту «праваслаўнага атэізму» і «рынкавага сацыялізму» не прынесьлі і не прынясуць народу Беларусі ніякай карысьці. Гэта адзнакі ідэалёгіі паўзы. Яна скончыцца, колькі б ні цягнулася. А.Лукашэнка разумее непазьбежнасьць сваёй «каляровай рэвалюцыі». І не стамляецца пераконваць свой электарат у яе немагчымасьці.
Насамрэч ён проста цягне паўзу. І робіць для гэтага ўсё магчымае, каб перашкодзіць зьяўленьню ў краіне перадумоў, неабходных для рэвалюцый «другой хвалі». Зь нечаканай дальнабачнасьцю беларуская камуністычная намэнклятура яшчэ ў 1992 г. задушыла спробу ўвесьці ў краіне прапарцыйную сыстэму галасаваньня, якая падрывае славуты «адміністрацыйны рэсурс». А.Лукашэнка як зрэнку вока аберагае архаічную выбарчую сыстэму, што дайшла да нас з савецкіх часоў. У першую чаргу, яму патрэбны стопрацэнтны кантроль за складам выбарчых камісій. Ён цудоўна разумее, што ў адваротным выпадку апазыцыя атрымае тысячы сьведкаў фальсыфікацый і «элегантныя» перамогі стануць немагчымымі.
Таксама ён ніколі добраахвотна не дазволіць непадкантрольнага выкарыстаньня апазыцыяй агульнанацыянальных электронных СМІ і тым болей стварэньня незалежных радыё і тэлебачаньня. Ён выкарыстае ўсе мэтады, каб ператварыць палітычныя партыі ў маргінальныя арганізацыі, пазбаўленыя сваіх мясцовых структур.
Але гучней за ўсё лукашэнкаўская прапаганда будзе лямантаваць пра казачную замежную дапамогу дэмакратам.
Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"