«Душа». Група «Нэа». (р) Маркуц—Касалапаў, 2003—2004

Сынгл гэты — з даволі заблытаным, складаным лёсам. Апошнім часам пра гурт, які гады тры таму актыўна гучаў па радыё, падзабылі. Таму выданьне «Душы» трэба ўспрымаць як своеасаблівы напамін, што «Нэа» існуе і нацэлена на вяртаньне да актыўнай дзейнасьці. Шчыра б гэтага хацелася. Бо тандэм Вадзіма Касалапава — Андрэя Маркуца здольны ствараць сапраўды выразныя, запамінальныя і ў той жа час — аніяк не «хімічна-кампутарныя» песьні. Як хоць бы тая ж «Душа», якую можна лічыць найлепшай у даробку групы.

Сынгл зьмяшчае песьню «Гномы», два рэміксы загалоўнай песьні, мінусоўку «Душы», каб кожны ахвочы мог прымерыць на сабе пакручасты творчы лёс беларускага музыканта, і ў якасьці бонусу — клясыку савецкай песьні «Любімы горад» (дарэчы, правілы добрага тону вымагаюць згадваць аўтараў). Адметнасьць вэрсіі ў тым, што «Нэа» зьлёгку, вельмі ашчадна афарбавалі клясыку рытмікай рэгі, і песьня загучала сьвежанька і сучасна. Што даводзіць: сапраўднае — не старэе, асабліва калі паставіцца да клясыкі з павагай і душой. Творчы патэнцыял «Нэа» не падлягае сумненьню, хоць чым далей, тым больш на тым самым стылёвым полі, на якім працуе «Нэа», зьяўляецца калектываў часам зь неабыякімі амбіцыямі. Застаецца толькі спадзявацца, што часы творчых выпрабаваньняў у гэтых музыкантаў засталіся ззаду, а новы альбом, актыўнае вяртаньне на сцэну не прымусяць сябе чакаць.

І яшчэ цікавостка: на выданьне гэтага дыску музыкі пазычылі грошы, звычайны для Беларусі наклад разышоўся хутка, пазыка вярнулася, і «Нэа» нешта нават зарабілі.

Задушэўны СЛУХАЧ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0