Адзіная Радзіма

Твае сябры ў далёкай старане

Пра Беларусь маркотна пішуць вершы

І спадзяюцца, што ты ім паверыш,

Ты не паверыш, ты ня верыш, не.

Яны ня выйшлі на астатні бой,

Схаваліся, збаяліся загінуць,

У прыцемках пакінулі Радзіму.

Мы засталіся, засталіся тут, з табой.

Краіна Беларусь, наш родны кут,

Наш мілы край, адзіная Радзіма,

Мы вызвалім цябе альбо загінем,

Мы назаўсёды застанемся тут.

■ ■ ■

Профіль

Калі мой профіль выб’юць на манэце

І зьявіцца вульгарная любоў,

Мне стане сумна жыць сярод рабоў,

У хцівым ды рацыянальным сьвеце.

Тады хай прыйдзе фальшываманэтчык,

Каб маса грошаў выйшла зь берагоў,

Калі мой профіль выб’юць на манэце

І зьявіцца вульгарная любоў.

Хай: на банкнотах более нулёў,

Манэты павыкідваюцца дзецям,

Дэнамінацыя зьядае каралёў,

Каб шлях па коле распачаць наноў,

Калі мой профіль выб’юць на манэце.

■ ■ ■

1974. Першы пашпарт

Парасон мне на дзень нараджэньня бацькі падарылі.

З парасонам пайшоў я атрымліваць першы свой пашпарт.

Памяшканьне, прапахлае клеем канторскім,

Падалося надзіва ўрачыста-сьвяточным,

Бо мне выдалі пашпарт, і я расьпісаўся

Па-над тоненькай рыскаю, пад фатакарткай.

Пашпартыстка заўзята мяне віншавала,

Ну а я разглядаў яе доўгія зграбныя пальцы,

Перапэцканыя ў безнадзейна-вучнёўскі атрамант.

У руцэ — парасон, а ў кішэні — мой пашпарт.

Мусіць, варта хоць неяк адзначыць падзею.

Трэба лодку узяць напракат, ёсьць жа пашпарт…

Дзядзька-лодачнік выдаў дабротныя вёслы.

Плыў я доўга, і плыў я ўсё проці цячэньня.

Ну а потым, як скончылісь сілы, спыніўся,

І паклаў на какоры бліскуча-сьлязьлівыя вёслы.

Дождж пайшоў. Неба ж доўга зьбіралася з духам,

Каб наш горад засьмяглы памыць і пачысьціць.

Я раскрыў над сабой парасонавы купал

І павольна паплыў, толькі ў іншым кірунку.

5.07.1987

■ ■ ■

Кінадэтэктыў

У тэлевізійнай атмасфэры,

Пазьбягаючы альтэрнатывы,

Кантактуе рэчыва кватэры

З вобразамі кінадэтэктыва.

Поўніцца канструкцыя пакою,

Нібы кампазыцыя POP-ART(у),

Рысамі станоўчага героя,

Сьціснутага ў фокусе стандартаў.

У праграмаваныя сустрэчы,

Адназначна, рухаецца злодзей.

Шматсэнсоўна дзейнічае сьледчы

Ў трафарэце жанравых паводзін.

Ускладняецца мэтафарычнасьць

Графікі на плоскасьці экраннай.

Прымітыўна-кволая лягічнасьць

Факты выбудоўвае старанна.

Мкнуцца зачапіцца за сумленьне

Дыялёгі на літаратурнай мове.

Бандзюганы ботаюць па фені.

Праўда заўсягды ў апошнім слове.

04.06.1985 — 06.12.2004

■ ■ ■

Інструмэнты

Прываблівае дробная карціна,

Калі шрубоўка, а за ёй пінцэт

Трапляюць у гадзіньнікавы сьвет —

У мэханізм, дзе луснула спружына.

У арганізм, дзе ціхая гадзіна,

У лябірынт, у нетры, у сакрэт

Кругазвароту зорак і плянэт

Заходзяць інструмэнты агрэсіўна.

1986

■ ■ ■

Маналёг пацыфіста

Мне млосна ад колькасьці розных Багоў,

Падобных да знака дарожнага «STOP».

Мне сумна глядзець на анучы сьцягоў,

Пад якімі віруе шалёны натоўп.

Мне прыкра глядзець на прыгожых дзяўчат,

Ад якіх патыхае атрутай і злом.

Мне горка глядзець, як чужынскі салдат

П’е нашу ваду, каўтае нагбом.

Мне робіцца гідка ад тых дзецюкоў,

Што ныюць, ажно на ваніты бярэ.

Мне сорамна бачыць ланцуг жабракоў,

Што бруднай пятлёю вісяць на царкве.

Толькі марна ты клічаш мяне на вайну

І дарэмна палохаеш чорнай турмой.

Я нікуды ўсё роўна з табой не пайду.

Ты — забойца, мой вораг, і д’ябал з табой.

1994—2004

Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0