Добра, калі доктар умее вяртаць здароўе ня толькі лекамі, але і словам. Асабліва словам родным. Дзевяць дзяўчат з IV курсу лячэбнага факультэту мэдычнага ўнівэрсытэту дамагліся права навучацца па-беларуску.

«У Канстытуцыі напісана, што мы маем такое права, і яны нічога ня зробяць». А вось хлопцам не стае сьмеласьці. Пасьля заняткаў па нэўралёгіі ў адным з пакойчыкаў 9-й клінічнай бальніцы адзіная беларускамоўная група ў мэдунівэрсытэце адказала на пытаньні карэспандэнта «НН».

«НН»: Вы адзіная беларускамоўная група ў мэдыцынскім унівэрсытэце?

Наста Картэль: Пакуль што адзіная.

«НН»: А як вы знайшлі адна адну?

Наста Картэль: Пачалося з таго, што мы разам з Алесяй Норкай зайшлі ў Таварыства беларускай мовы. Тады мы яшчэ былі першакурсьніцамі. У нас запыталіся, ці не жадаем мы навучацца на беларускай мове. Мы нават ня ведалі, што такое магчыма. Але падумалі: чаму б не? Нам далі ўзор заявы: «Мы, такія і такія, жадаем навучацца на беларускай мове, выкарыстоўваючы наша канстытуцыйнае права». Пачалі хадзіць па групах, зьбіраць подпісы. Спачатку падпісалася 18 чалавек. Але пасьля людзі з розных прычын пачалі адмаўляцца — і група выйшла ўдвая меншая. На другім курсе пачалі займацца па-беларуску. Як бачыце, ужо да чацьвёртага давучыліся.

«НН»: Чаго сярод вас хлопцаў няма?

Алеся Норка: Вось такія ў нас хлопцы! Спачатку яны былі, а потым камусьці сьмеласьці не хапіла, камусьці мама не дазволіла.

«НН»: А ў вас не было ніякіх праблем у сувязі з тым, што вы навучаецеся па-беларуску?

Алеся Норка: Мае бацькі дык не адразу пра гэта даведаліся. Што да праблем з кіраўніцтвам… У Канстытуцыі напісана, што мы маем такое права, і яны нічога ня зробяць.

«НН»: А як да вас выкладчыкі ставяцца?

Наста Картэль: Збольшага добра. Бывае пачуўшы, што мы па-беларуску размаўляем, пачынаюць казаць: «Я па-беларуску ня буду, давайце па-расейску». Ці «праз тое, што я ня ўмею па-беларуску, давайце на нашай катэдры вы будзеце па-расейску займацца». Здараецца і інакш. Была ў нас адна выкладчыца, якая сама спачатку кепска размаўляла, але ўвесь час казала, што па-беларуску размаўляць трэба, запісвала словы, прасіла, каб яе папраўлялі, гутарыла з намі. У яе нават маленькі ўласны слоўнічак склаўся.

«НН»: Ці шмат у мэдунівэрсытэце выкладчыкаў, якія чытаюць лекцыі ды вядуць сэмінары па-беларуску?

Наста Картэль: Некалькі чалавек. Але каб на адной катэдры было больш за аднаго беларускамоўнага выкладчыка — такога ня памятаю.

«НН»: Вам, мабыць, часта даводзіцца вынаходзіць новыя мэдычныя тэрміны?

Наста Картэль: Так, практыка прывучае! Што мы там прыдумалі? «Брулявіна», напрыклад. У перакладзе на расейскую — «мочевина». Хаця насамрэч мы пасьля знайшлі навуковы адпаведнік — «карбамід». «Клятчатку» называлі «цаляўкай»: ад «цэля» — «клетка». Некаторыя тэрміны запазычвалі з ангельскай, польскай моў. Слоўнічак нават складалі, але ён пакуль у даволі хаатычным стане.

Гутарыў Алесь Кудрыцкі

Для сапраўдных беларускіх хлопцаў прозьвішчы сапраўдных беларускіх дзяўчат: Рудзіч Алена, Лукашэвіч Юля, Картэль Наста, Базык Вольга, Кася Крот, Чугунова Вольга, Норка Алеся, Маскалёва Таня, Сокал Ірына.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0