Язэпу Сажычу, былому прэзыдэнту Рады БНР (1982—1997), які жыве цяпер у Флорыдзе, 5 верасьня споўніцца 88 гадоў. Нягледзячы на ўзрост, ён выдатны апавядальнік. Сп.Сажыч як па кніжцы, ды яшчэ й з гумарам, расказваў пра жыцьцё. Інтэрвію ператварылася ў аўтабіяграфічны маналёг.

Найбяднейшы, але здольны

— Фізычна слаба пачуваюся, але мазгаўня яшчэ працуе: у кантакце зь іншымі беларусамі, цікаўлюся падзеямі, чытаю «Беларуса», «Нашу Ніву». Мяне, Барыса Рагулю і Ўладзімера Набагеза нябожчыца жонка калісьці назвала «трыма беларускімі мушкетэрамі». Надта падобныя ў нас лёсы: усе з Наваградзкай акругі, скончылі адну гімназію, потым сталі афіцэрамі й урэшце — дактарамі. І да гэтых часоў разам трымаемся. Хоць Барыс ужо зусім слабы. Нябожчык Аляксандар Стагановіч — пасол у польскім Сойме — ахрысьціў нас «наваградзкай мафіяй». З трох «мафіёзі» я — найстарэйшы…

Ляжу часта ў ложку, а ўспаміны ў галаве круцяцца — хоць кнігу выдавай. Нарадзіўся ў Гарадэчні. Гадаваўся ў страшнай беднаце: бацька памёр, калі мне было два годзікі, і я зрабіўся гаспадаром — араў, касіў. Стаў лідэрам у хаце: як скажу, так і будзе! Калі мама, Вера Дарашэвіч, злавалася, называла «праклятым бальшавіком». Маці была ў бацькі другой жонкай. Ад першага шлюбу засталіся на руках трое дзетак. Мамачка, хоць была чалавекам амаль непісьменным, была вельмі інтэлігентная. Братка, ты не ўяўляеш сабе, як мы з мамачкай любілі адно аднаго. Апынуўшыся на вайне, перад апошняй атакай быў упэўнены, што мяне заб’юць. Страшыўся аднаго — што мама не перажыве страты…

Калі споўнілася 14 год, здарылася падзея, якая моцна паўплывала на мой лёс. Кашу ля рэчкі сена, пад’яжджае брычка з войтам Сокалам: «Хадзі вучыцца, ты здольны хлопец». Я кажу: «Дык гэта грошай вялікіх каштуе». А ён: «Нічога, я ведаю дырэктара Ціханоўскага, прыходзь да мяне ў гміну». Войт мне выпісаў пасьведчаньне, перахрысьціў і кажа: «Сынку, хадзі вучыся, але не давярай ніякай савецкай прапагандзе!» Пасьля таго, як зачынілі беларускую гімназію, перайшоў у наваградзкую польскую гімназію, плаціў толькі 25 працэнтаў ад сумы. Я быў найбяднейшы з усіх хлопцаў. За гады навучаньня ў гімназіях не знайшоў магчымасьці купіць аніводнай кнігі — пазычаў у багацейшых сяброў. Гімназія мела лінгвістычную скіраванасьць, шмат вучылі на памяць. Я перапісваў на паперку і, ідучы дадому (дзесяць кілямэтраў штодня), вучыў на памяць. І цяпер шмат лацінскамоўных твораў памятаю.

Пахаваны зажыва

— Пачалася вайна (нямецка-польская. — Рэд.). На фронце я зрабіўся героем: кідалі ў цяжкія абставіны, і я неяк зь іх вылазіў. Камандзір дывізіі, таксама беларус, Мікалай Болтуць называў мяне «беларускім ільвом». Пяць разоў хадзіў у атаку — быў камандзірам левага флянгу. У час апошняй атакі паднімаю пісталет і крычу: «Хлопцы, за мною!» А кулямёт як трахне — добра мяне прасёк. Ляжу, гляджу на рану і думаю: усё, заб’юць немцы. Аказалася, што яны добра ратавалі афіцэраў, — адразу мяне паднялі зь зямлі і адвезьлі ў амбулянс. Нямецкі маёр, малады хірург, зрабіў рэнтген, пагладзіў па галаве і кажа: «Юнге, ты шчасьлівы! Косьць не закранута, мы цябе вылечым».

Якраз тады Саветы дамовіліся з Гітлерам: Нямеччына выпускае дадому беларусаў і ўкраінцаў, а СССР — «фольксдойчаў». Я прыйшоў у Гарадэчна. Наша хатка стаяла на цэнтральнай вуліцы. Стаіць мая мамачка, прыглядаецца да хлопцаў у шынялях. Падыходзіць да яе адзін з суседняй вёскі: «Што, бабушка, сынка чакаеш? Палёг твой сынок у баі…» Наша сям’я належала да наваградзкага сабору Сьв. Мікалая, настаяцелем там быў Мікалай Армацэвіч. Я добра ведаў яго, нават у царкве прыслужваў. І мамачка адразу пабегла да сьвятара. Зрабілі па мне вялікую паніхіду, усе плакалі, сьпяваў хор. Пра гэта я пазьней даведаўся... І вось прабіраюся гародамі дадому, а мамачка ў калодзежы набірае ваду. Убачыла мяне і адразу самлела, думала, што прывід убачыла. Ужо ў Нямеччыне ў 1948 г. прыехаў я неяк на хрэсьбіны да Барыса Плескача. Прыяжджаю ў Швэнінген. Гляджу — Армацэвіч! Той вочы вытарашчыў, падбег да мяне, цалуе: «Выбачай, родненькі. Я ж паніхіду па табе ўжо справіў. Вер, доўгім будзе тваё жыцьцё».

Украінскі прыклад

— Нядоўга адбыўшы ў Гарадэчні, пераехаў у Львоў, таварыш-камсамолец папярэдзіў, што небясьпечна заставацца. Праціснуўся там ва ўнівэрсытэт, на ўлікова-эканамічны факультэт, адвучыўся тры сэмэстры. Калі прыехаў у Львоў, нацыяналізмам не хварэў. І мае калегі-студэнты, адданыя галіцкія патрыёты, уцягнулі мяне ў «бандэраўцы». Калі немцы заявілі, што Галіцыя — гэта частка Аўстрыі, галічане пайшлі ў падпольле. Была ўтворана УПА, якая змагалася і з камуністамі, і з фашыстамі. Я быў зьвязаны з гэтай арганізацыяй, быў камандзірам у адной зь вёсак. Нацыяналістам стаў у Львове. Калі жылі пад палякамі, аб незалежнасьці і ня марылі — нейкія правы, аўтаномія і ўсё. А ў сяле пад Львовам бачу: дзяўчаты выцягваюць з-пад куфраў жоўта-блакітныя сьцягі, усе сьпяваюць, сьвяткуюць — нацыянальны ўздым калясальны. Божа, думаю, а ў нас што?.. Украінцы мяне пытаюць, якія сьцяг і гімн у Беларусі, а я ня ведаю… Нават вусаты селянін-украінец, калі пачуў адказ, адкуль я прыехаў, сказаў: «Дык ты ж ліцьвін!» Гэта мяне страшэнна ўзварушыла.

Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"

Запісаў Аляксандар Адзінец

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0