Цяпер беларусы ня маюць належнае сталіцы, бо ня маюць Старога гораду. Аднаўленьня гістарычнай памяці не дасягнуць без адбудовы Менску даакупацыйных часоў і прамаўленьня праўды пра яго разбуральнікаў. Эсэ Сяргея Абламейкі.

Працяг. Пачатак у №10.

Монстар індустрыялізацыі запатрабаваў плоймы работнікаў-шрубак. Усе гэтыя шрубкі трэ было карміць, адзяваць, лячыць, вучыць і перавозіць ад месца жыхарства да месца працы. Таму й праклалі буйныя магістралі праз сэрца старога Менску — розныя там «дублёры праспэктаў» і «паркавыя магістралі». А пасьля дабілі ўсё мэтрапалітэнам.

Ты пішаш «паркавыя магістралі» і ўсьведамляеш, што адна такая магістраль загубіла Замкавую, Падзамкавую і Завальную, — які заняпад, якое эстэтычнае падзеньне нават у назьве, ня кажучы ўжо пра сутнасьць!

Менск сублімаваны

У пракладцы Паркавай магістралі праз сэрца старога гораду была ня толькі эстэтычная, але й больш злавесная сымболіка. Па Паркавай з Драздоў на працу езьдзілі партыйныя босы — сатрапы імпэрыі, якія дапільноўвалі ў нас чужы інтэрас. Той інтэрас не супадаў, не супадае і ніколі не супадзе з інтарэсамі Менску, яго жыхароў і іх краіны.

Страціўшы горад, бедныя менчукі сублімавалі свой клопат аб ім у прымітыўнае «азеляненьне», а іх прыродная культура надалей праяўляецца ў чысьціні на гарадзкіх вуліцах. Стрыманая прыстойнасьць — частка мэнталітэту тутэйшага чалавека.

Зь іншага боку, ты разумееш, што калі б у 1940—1950-я гады нехта ў Менску загаварыў пра рэстаўрацыю ці рэгенэрацыю старога гораду па прыкладзе варшаўскага Старога места, наўрад ці б ён застаўся на волі, а мог бы і з жыцьцём разьвітацца.

Беларускі Дрэздэн

Твая бабця ня раз гаварыла табе пра жудасныя савецкія бамбёжкі Менску падчас нямецкай акупацыі. Яна расказвала, як хадзіла паглядзець на разбомбленыя рэшткі вуліцы Талстоя за Домам ураду, і чалавечыя кішкі віселі там на правадах.

Бабця казала, што гэта славутая савецкая лётчыца Грызадубава ніяк не магла пацэліць у Дом ураду і зраўнавала зь зямлёй усё вакол яго. Таму ты ведаеш, адкуль на вуліцы Берсана сёньня новыя камяніцы. Ня важна, ці сапраўды гэта была Грызадубава, — важна, што за немцамі ніхто іншы, апрача саветаў, Менску не бамбіў.

Аднойчы, расказвала бабця, паліцай гуляў вясельле ў Траецкім прадмесьці, дык падпольшчыкі далі інфармацыю на той бок фронту, прыляцеў нейкі ас і пацэліў проста ў дом зь вясельлем. Праўда, ня зь першага разу. Астатнія бомбы троху прарэдзілі забудову…

Божа, якая прорва паміж намі! Іх тады хвалявалі і цяпер хвалююць здраднікі радзімы — і дома, і за мяжой. А нас — усяго толькі родны кут.

Вызваленыя ад спадчыны і ўспамінаў беларусы з захапленьнем глядзелі савецкія фільмы пра савецкіх разьведчыкаў, якія самааддана ратавалі замінаваныя эўрапейскія гарады ад задуманага фашыстамі зьнішчэньня…

Менску і менчукам няма розьніцы — саветы ці немцы, і адны і другія іх не шанавалі, а толькі палагоджвалі на іх зямлі свае справы.

Бацька народаў заклікаў не пакідаць ворагу нічога каштоўнага. У выніку пры адступленьні зь Менску спэцкаманда НКВД з агнямётамі і камсамольскія атрады з бутэлькамі з бэнзінам падпалілі кожны (!) дом на вуліцы Савецкай (цяпер праспэкт Скарыны) ад БДУ да сёньняшняй разьвілкі на пляцы Якуба Коласа і ўсю вуліцу Леніна. Пажар, натуральна, ахапіў і прылеглыя кварталы.

На тых вуліцах стаялі шыкоўныя мураваныя дамы пераважна ХІХ ст. зь ляпной плястыкай, частымі аконнымі пераплётамі, мастацкай коўкай і шматлікімі мэзанінамі. Большасьць іх мела драўляныя перакрыцьці. За тры дні згарэла ўсё дашчэнту — некаторыя гмахі абрынуліся, а некаторыя навісьлі над дарогай. На няшчасьце сёньняшніх менчукоў, кальцавой дарогі тады не было, і тагачасная вуліца Савецкая была адзінай трасай на Маскву. Ёю і рухаліся нямецкія калёны. Немцы дбалі пра сваіх жаўнераў і ня дбалі пра менчукоў, а таму кіраванымі выбухамі зьнесьлі небясьпечныя руіны на ўсім працягу Савецкай, а пазьней прыгналі менчукоў на разборку завалаў.

«Гражданочка, в сторонку»

Калі энкавэдысты падпальвалі Дом піянераў, да іх кінуліся маткі дзяцей, што займаліся там у розных гуртках: «Што ж вы робіце, вы хіба не зьбіраецеся вяртацца?..» А ў адказ клясычнае: «Гражданочка, в сторонку». Гэта, дарэчы, быў не найгоршы адказ і не найгоршы вынік. У іншых беларускіх гарадах тых, хто пратэставаў супраць падпалу іх дамоў, расстрэльвалі на месцы. «Свае».

Адыходзячы, саветы спалілі Гомель, Полацак і іншыя гарады. І ніхто сёньня пра гэта не гаворыць. Мо таму, што першай будынінай, што паўстала на руінах ужо ў 1946 годзе, стаў новы гмах МГБ? Будынак даваеннага НКВД, дзе цяпер МУС Беларусі, відаць, для «новых задач» быў ужо замалы. Жылыя дамы на праспэкце сталі будаваць толькі празь некалькі гадоў, а арганізацыя зь першага адбудаванага дому выклікае жах у людзей і дагэтуль.

Паводле фотадакумэнтаў, Стары горад у Менску быў хоць і спалены, бяз дахаў, але цэлы. Пасьля пажару ня вытрымалі адзінкавыя дамы, некаторыя, як гатэль «Эўропа», былі зьнішчаны нямецкімі бомбамі. Але немцы карысталіся пераважна лёгкімі бомбамі. У першыя дні вайны ў Дом ураду такіх трапіла каля 20-ці, але ён, як вядома, стаіць і дагэтуль. Калі менчукі падчас акупацыі хадзілі ў кіно ў Дом афіцэраў, яны маглі бачыць дзьве двухмэтровыя варонкі ад нямецкіх бомбаў проста ў залі — астатняя частка будыніны не пацярпела. Затое калі Менск вызвалілі, зьнікла ўсё левае крыло гэтага функцыяналісцкага будынку Лангбарда ў выглядзе самалёту.

Шмат чаго ў Менску было зьнішчана як бы сымбалічна. Часам ты думаеш, што гэта не выпадковы сымбалізм. Абодва менскія дамы Луцкевічаў пасьпяхова перажылі вайну, але пасьля вяртаньня саветаў іх зьнесьлі і пабудавалі на тым месцы прыбіральню.

Дом Ігнатоўскага захаваўся, але быў зьнесены, і на яго месцы цяпер стаіць танк пераможцаў. Касьцёл бэнэдыктынак, дзе ў 1942 годзе была абвешчана аўтакефалія Беларускай праваслаўнай царквы, вайну таксама перажыў, але й яго разбурылі ды паставілі на тым месцы гмах Генэральнай пракуратуры…

Калі ты ўспамінаеш пра рэпарацыі, якія саветы ўзялі зь немцаў за разбураныя саветамі ж помнікі Менску, ты думаеш, што яны аказаліся і някепскімі бізнэсмэнамі.

Падчас вайны ў Дамініканскім касьцёле была нямецкая вайскова-мэдычная ўстанова, дык саветы яе бамбілі бязьлітасна — разбурылі шыкоўныя старажытныя дамы на паўднёва-ўсходнім баку пляцу Волі, там дзе цяпер кансэрваторыя, разбурылі сам кляштар, часткова пашкодзілі касьцёл, а таксама зьнішчылі кварталы вакол яго — паміж Камуністычнай (Валоцкай), Кастрычніцкай (Юраўскай) і Энгельса (Дамініканскай). Пасьля вайны ўзялі зь немцаў грошы на аднаўленьне комплексу дамініканаў як помніка агульнабеларускага значэньня і неўзабаве гэты помнік зьнесьлі з прычыны непажаданасьці яго суседзтва з новапабудаваным помнікам Сталіну. Цікава, ці не пайшлі нямецкія грошы на тую 18-мэтровую статую тырана?

Прага, кастрычнік—сьнежань 2004 г.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0