Тыдзень таму, 16 сакавіка, завяршылася першынство краіны па шахматах сярод мужчын.

Трынаццаць тураў аказаліся нешчасьлівымі для чэмпіёна краіны-2004: ён прайграў усё, што можна. Пасьля адзінай перамогі над Віктарам Купрэйчыкам майстар Андрэй Малюш, паводле трапнай заўвагі на беларускім шахматным сайце, зьдзейсьніў «занадта доўгую ракіроўку» — адзінаццаць параз запар, ня менш сэнсацыйных, чым леташні ўзьлёт. Экс-чэмпіёна, які раптоўна «страціў форму» (а частку партый гуляў хворым), моцна крытыкавалі ў кулюарах, але паспрабаваў бы хто паўтарыць яго посьпех 2004 году…

Галоўны судзьдзя турніру Абрам Ройзман адзначае, што першынство краіны выйшла беспрэцэдэнтна моцнае: шэсьць гросмайстраў, чатыры міжнародныя майстры. Сам ён, чэмпіён БССР 1966 г., у такіх ніколі не гуляў. Сапраўды, сёлета ў вялікай залі Палацу шахмат і шашак прызямліліся знакамітыя «гросы» Андрэй Кавалёў, Аляксей Фёдараў. Апошні ў сярэдзіне турніру дагнаў колішняга чэмпіёна сьвету сярод падлеткаў, міжнароднага майстра Юр’я Ціханава, які бліскуча стартаваў і ўрэшце выканаў норму першага гросмайстарскага балу (9,5 пункта). 33-гадовы магілёвец Фёдараў, восеньню пазбаўлены дзяржаўнай стыпэндыі за нібыта «неспартыўныя паводзіны» на Шахматнай алімпіядзе, у вырашальнай партыі чорнымі перамог Андрэя Жыгалку і ў трэці раз стаў чэмпіёнам краіны. Усяго ён набраў 10 пунктаў. Юры Ціханаў, які ў апошнім туры пасьпяшаўся згадзіцца на нічыю, заняў другое месца. Ён, як і новы чэмпіён, не прайграў ніводнай партыі і кажа, што вельмі стаміўся.

Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0