На выбарах у Малдове камуністы зноў склалі большасьць у парлямэнце, і, адпаведна, яны ж перавыберуць прэзыдэнтам Вароніна. Масква не хавае раздражненьня.

Там лічаць, што малдаўскія камуністы на чале з Вароніным іх падманулі. Нягледзячы на спрыяньне Расеі, Малдова абрала курс на інтэграцыю з Эўропай.

Нашы сувязі з Малдовай вельмі трывалыя. Засталіся традыцыйныя культурныя й чалавечыя кантакты з часоў СССР. Большасьць беларусаў і цяпер добра ведае малдаўскіх «зорак» эстрады і кіно, смак малдаўскіх вінаў і фруктаў. Я лічу, для беларусаў Малдова сёньня бліжэйшая за Латвію.

Таму дзіўным выглядае малалікасьць у нашых мас-мэдыя (незалежна ад формы ўласнасьці) інфармацыі пра нядаўнія парлямэнцкія выбары. Для Беларусі досьвед тых выбараў незразумелы. Няясна, чаму тамтэйшыя ўлады не пусьцілі беларускіх назіральнікаў. Сёньня беларускія дзяржаўныя і недзяржаўныя СМІ назвычай асьцярожна камэнтуюць падзеі ў Малдове. Адзінай крыніцай інфармацыі для нас застаюцца маскоўскія тэлеканалы. А там малдаўская тэматыка падаецца тэндэнцыйна, выключна з расейскіх шавіністычных пазыцый, што не супадае зь меркаваньнем афіцыйнага Менску.

Урад, здаецца, па-ранейшаму гатовы сябраваць з Малдоваю, як і з Украінаю. Што стварыла б новую геапалітычную мадэль у рэгіёне. Але вакол палітычных працэсаў у Малдове ў дзяржаўных СМІ створаны інфармацыйны вакуўм.

Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"

Гары Куманецкі

Валянцін Акудовіч, філёзаф і культуроляг, які шмат разоў бываў у Малдове, кажа:

— Сярэдні беларус мо й не разабраўся ў пэрыпэтыях малдаўскае палітыкі, але атрымаў ясны знак — Расеі выракаюцца ўсе.

Я ў чарговы раз змушаны пераглядаць свае погляды. Бо калі летась я пісаў, што Лукашэнка ня зьменіцца ніколі, то цяпер ужо сумняюся. Досьвед камуністаў Малдовы сьведчыць, што дзеля самазахаваньня ўлада гатовая на ўсё, нават на радыкальную зьмену ўласных палітычных прынцыпаў. Цяпер малдаўскія камуністы — у авангардзе капіталізацыі й вэстэрнізацыі. Апазыцыя, што трымалася гэтых ідэй, засталася ў апазыцыі. Гэта маргіналізуе апазыцыю, што складаецца з паўтузіна палітычных рухаў і партый. Ведаючы непрадказальны характар Лукашэнкі й яго паталягічную прагу ўлады, цалкам магу дапусьціць, што ён скарыстаецца й малдаўскім досьведам. Але там прэзыдэнта выбірае парлямэнт. І пытаньне пра працяг паўнамоцтваў Вароніна ці якога іншага малдаўскага лідэра ня ставіцца так, як яно стаіць у Беларусі. Разам з тым навідавоку тэндэнцыя: улада, нават самая кансэрватыўная, можа трансфармавацца, каб выжыць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0