Зьмена ўлады ў Кіргізіі была для беларусаў як гром сярод яснага неба. Каб усенароднаабранага прэзыдэнта асобныя хуліганствуючыя элемэнты павалілі за адзін дзень? Не, такога мы і ў страшным сьне сабе ўявіць ня можам.Беларускія палітолягі таксама выявілі ў гэтым пытаньні свой акадэмізм. Шаноўны Віталь Сіліцкі ў сьвежым нумары часопісу «ARCHE» запэўнівае, што пасьля Ўкраіны пераваротаў у СНД чакаць ня варта. Вуліца можа мець значэньне, толькі калі на яе выйдуць сто тысяч чалавек, звыклі думаць палітолягі. Як і беларускія сацыёлягі, яны абсалютызуюць яго вялікасьць працэнт.

Між тым у кіргіскім выпадку апазыцыя нават не прэтэндавала на тое, што яна атрымала большасьць галасоў выбарцаў. У лепшым выпадку — чвэрць. А рэжым усё адно зваліўся — «як сьпелая груша», сказаў адзін расейскі публіцыст. Як раней у Кіеве ці Тбілісі, варта было рашучай, узброенай ідэяй меншыні выйсьці на плошчу і сказаць: «У адстаўку! Радзіма, свабода! Прэч!» — як рэжым паскідаў транты ў «мэрсэдэс» дый паслухмяна паехаў прэч. А плястыкавыя галовы АМОНу палічылі за лепшае расступіцца. Лепш атрымаць па галаве, чым застацца без душы.

Галоўная выснова з Кіргізіі: рэвалюцыю могуць зрабіць і некалькі тысяч рашуча настроеных людзей. Калі няма дэмакратыі. Калі няма свабодных выбараў як мэтаду вырашэньня грамадзкіх спрэчак. Бо ніякія вулічныя пратэсты няздольныя пахіснуць дэмакратычную ўладу, абраную на свабодных выбарах.

Чаму ж у Беларусі ў 1996-м 50-тысячныя дэманстрацыі не прывялі да рэвалюцыі? Адказаў напрошваецца тры. Першае і галоўнае — Лукашэнка тады быў абраны на свабодных выбарах, і нават пракудны Захад ня ставіў гэтага пад сумнеў. Па-другое, Лукашэнка тады цешыўся актыўнай падтрымкай большасьці грамадзянаў. Па-трэцяе, лідэры тагачаснай апазыцыі не былі гатовыя ўзяць на сябе адказнасьць за разьвіцьцё падзей у краіне, ім было зручней заставацца ў апазыцыі, у вечнай інтэлігенцкай апазыцыі.

Што мы маем сёньня? Падтрымка Лукашэнкі калі й ёсьць, дык пасіўная, і то вельмі-вельмі пасіўная. Яму не застаецца нічога іншага, як абапірацца на разбрынялыя і канкуруючыя сілавыя структуры, прынізьліва чапляючы ўзнагароду за ўзнагародай на грудзі аднаго шчыра праваслаўнага палкоўніка.

Пра справядлівасьць апошніх выбараў і рэфэрэндуму значная частка грамадзтва мае вельмі пэўную думку, і гэта адпаведным чынам адбіваецца на легітымнасьці гэтай улады у вачах грамадзтва.

На пытаньне ж пра лідэра апазыцыі адказалі падзеі 25 Сакавіка. Тыя людзі, што адгукнуліся на экстравагантны заклік Андрэя Клімава. Што выйшлі ня дзеля Клімава, а дзеля Дня Волі. Але што ня выйшлі б на Дзень Волі, калі б ня урвіс Клімаў. Тая палкасьць, зь якой гэтыя хлопцы кідалі выклік амону. Галоўная выснова з Дня Волі: патэнцыял пратэсту ў грамадзтве высокі, і справа, магчыма, толькі ў лідэры, які пяройдзе Рубікон.

Улады зрэагавалі на падзеі 25 Сакавіка стэрэатыпна — крымінальнай справай. Ніводзін мускул на твары АНТ ня выдаў, як шмат людзей пасьля падзеньня Акаева і нашага 25 Сакавіка страпянуліся ад пачуцьця непазьбежнасьці пераменаў.

Напэўна, нас чакае новы ўсплёск абмеркаваньняў, белай, залатой ці проста пад нацыянальным сьцягам ёй быць. Але ня трэба забывацца, што рэвалюцыя можа быць і колеру круглага стала. І такі кшталт, дарэчы, нашмат больш адпавядае беларускай палітычнай культуры.

Як ні стараліся, лукашэнкаўцы ня здолелі сьцерці другую Беларусь — Беларусь Быкава і Ліцэю, вясковых гаспадароў, рок-музыкаў. Ці лукашэнкаўцы акажуцца дастаткова разумнымі, каб зразумець гэта ўпару, як генэрал Ярузэльскі? На сумленьні ягоных малойчыкаў чарнелі жахлівыя злачынствы — і ксёндз Папялушка, і расстрэл рабочых у Радаме. Але, скарыстаўшыся з аслабленьня савецкага кантролю, генэрал Ярузэльскі арганізаваў круглы стол у час, калі «Салідарнасьць» была бледнай копіяй самой сябе. Польшча перайшла ў іншую якасьць, і замацаваў яе камсамолец Квасьнеўскі, а Ярузэльскі жыве на сваю генэральскую пэнсію…

Ці задумаецца пра гэта Лукашэнка, летучы 4 красавіка да Пуціна над стэпамі Ўкраіны, што абуджаюцца пад веснавым сонцам? Вядома, не, яшчэ раз не і сто разоў не, скажуць шаноўныя палітолягі, і прафэсар Манаеў падмацуе іх сваімі апошнімі зьвесткамі. І градус грамадзтва ня той, і тэмпэрамэнт прэзыдэнта, і Лукашэнкава палітычная эліта ў сваіх марах пакуль не глядзіць вышэй за крэсла кансультанта «Татнафты». І самае паскуднае, што ў гэтым выпадку палітолягі сапраўды маюць рацыю, а ідэя круглага стала належыць сфэры чыстых ідэяў… Хіба, яна будзе запатрабаваная не пры Лукашэнку, а ў невядомым пасьля Лукашэнкі. Хай хоць так.

Ня трэба параўноўваць Польшчы з Румыніяй, каб сказаць, што дэмакратызацыя праз самы абшарпаны круглы стол лепшая за дэмакратызацыю праз самую зыркую рэвалюцыю. Толькі ў Беларусі шанцы на круглы стол сыходзяць як дым. Вось пра што нагадалі падзеі ў Бішкеку і Менску, якія хочаш ня хочаш, а ўстаюць у адзін шэраг.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0