Карціна «Турэцкі гамбіт» замацоўвае нэаімпэрскі стыль расейскага кіно.

Ягоныя складнікі — касьцюмчыкі і настальгія ад «Сібірскага цырульніка» (стварала фільм студыя Міхалкова «ТрыТэ»), спэцэфэкты і кліпавыя выкрунтасы ад «Начной варты»; бульварнае начыньне і прыгоды — ад папулярнага Барыса Акуніна.

«Турэцкі гамбіт» — экранізацыя яго раману пра тытулярнага дарадцу Эраста Фандорына. Фільм — ня лепшы і ня горшы за пасьпяхова забытага гледачамі «Азазэля» — першы фільм з сэрыі пра расейскую міс Марпл у нагавіцах.

У «Гамбіце» Эраст Фандорын (Ягор Бяроеў) мусіць выкрыць шпега ў расейскім штабе падчас расейска-турэцкай вайны. У гэтым яму дапамагае імпэтная Варвара Суворава (Вольга Красько), якая прыехала ў адведкі да жаніха і пастаянна блытаецца пад нагамі.

Галоўныя героі — стандартныя тыпажы, надта неглыбокія, каб стацца адкрыцьцём, і не занадта павярхоўныя, каб выклікаць раздражненьне. На іх фоне лепей глядзяцца пэрсанажы другога пляну: нечакана аб’ёмным падаецца Гоша Куцэнка ў ролі турэцкага афіцэра, а Ўладзімер Ільін, хаця й апранае звыклую маску вайсковага апекуна, у фільме на сваім месцы.

«Турэцкі гамбіт» («Турецкий гамбит»)

Расея, 2005, каляровы, 130 хв.

Жанр: ваенна-гістарычны дэтэктыў

Адзнака: 5 (з 10)