Кулінковіч: «Я ў шоку…»

Канцэрт «Нэйра Дзюбэлю», заплянаваны на 1 красавіка, не дазволены. Кіраўніцтва клюбу, дзе мусіў адбыцца канцэрт, спасылаецца на аддзел культуры Менгарвыканкаму, чыноўнікі кажуць, што нічога не адмянялі.

Адмена выступу стала шокам для музыкаў, бо дазвол на правядзеньне канцэрту ўжо быў дадзены, грошы на рэкляму ўкладзеныя, палова квіткоў раскупленая. Аляксандар Кулінковіч кажа: «Я ў шоку, ня ведаю, што будзе далей, гэта ж не палітычная акцыя, а наш сольны канцэрт».

Дазвол на правядзеньне імпрэзы давала ўпраўленьне культуры Менгарвыканкаму. Начальнік аддзелу гэтага ўпраўленьня Ўладзімер Хамянкоў пацьвярджае гэты факт: «Дачыненьня да адмены канцэрту мы ня маем і дазволу не скасоўвалі; відаць, у арганізатараў зьявіліся нейкія праблемы і яны вырашылі не праводзіць канцэрту», — дадае ён. Між тым, кіраўніцтва «Рэактару» спасылалася менавіта на тэлефанаваньне з упраўленьня культуры…

Які б дурань ні забараніў — няважна. Усё адно ён толькі дадасьць групе Кулінковіча культавасьці.

Сяргей Будкін

Надсану — прэмію Багушэвіча

Літаратурную прэмію імя Францішка Багушэвіча Беларускі ПЭН-цэнтар сёлета прысудзіў а.Аляксандру Надсану за кнігу «Біскуп Чэслаў Сіповіч: сьвятар і беларус». Як сказаў старшыня ПЭН-цэнтру Лявон Баршчэўскі, журы выбірала з чатырох прэтэндэнтаў. Кнізе Надсана аддалі перавагу як наватарскай: «У нас звычайна па гісторыі беларускай царквы выдаюцца абагульняльныя працы, а тут усё паказана на прыкладзе жыцьця і дзейнасьці аднаго чалавека». Прэмію ляўрэату мяркуюць уручыць падчас ягонага найбліжэйшага прыезду ў Беларусь.

«Залаты апостраф»

«Залаты апостраф» — прэмію недзяржаўнага часопісу «Дзеяслоў» — атрымалі сёлета Людміла Рублеўская (у намінацыі «проза»), Алесь Пісьмянкоў (пасьмяротна, у намінацыі «паэзія») і аўтар «НН» Усевалад Сьцебурака (у намінацыі «дэбют»). Узнагароджваньне адбылося ў Дзень Волі.

Кінаклясыка для ўсіх

«Кінавідэапракат» мяркуе ўвосень аднавіць у Менску кінавідэасалён клясычных фільмаў. Год таму яго зачынілі, бо рамантавалі дом, у якім ён месьціўся. Цяпер салён атабарыцца ў адным са сталічных кінатэатраў.

АВ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0