Вольця жыве ў Менску. Ёй 19, яна зь перапэцканымі ў розныя колеры рукамі, шчакамі ды ідэямі. Кожны дзень малюе і штодня імкнецца ня памятаць пра тое, што «самавучак ніхто ня любіць».

На ейных карцінах — коткі і маладыя кабеты, дзяўчаты і хлопцы, дрэвы з райскімі яблыкамі, Менск-мэгаполіс, матылькі і людзі, якія наталяюць смагу жоўтай поўняй, сарванай зь неба.

Вольця малюе дзе хочаш і чым хочаш: «Хто пад руку патрапіў, таму не пашанцавала!». А трапляюць пад руку палатно, кардон, ДВП ды розныя фарбы — акрылавыя, пастэль, масьляныя крэйдачкі, туш… толькі не гуаш, бо гэта Вольця ня любіць, і лепш для гуашы не трапляцца на вочы. Свой стыль Вольця называе экспэрымэнтальным, з сучасных менскіх мастакоў паважае Руслана Вашкевіча, любімыя мастакі ўсіх часоў і народаў — Босх, Клімт, Гаген і Янсэн. Пра свой стыль жыцьця Вольця апавядае мне, шмат сьмеючыся і папіваючы чырвонае віно.

Вольця: Усё пачалося тады, калі я для кагосьці штосьці намалявала і ўжо не змагла спыніцца. Я хадзіла ў дзьве студыі — пры Ўнівэрсытэце культуры і пры ПК трактарнага заводу, але зьбегла. Гісторыя выйшла сьмешная: нас увесь час прымушалі маляваць адзін і той жа жудасны гаршчок, але я парвала малюнак, бо хацела маляваць самавар. Прыйшла і сказала, што хачу самавар замест гаршка, а мне кажуць, каб зноў бралася за гаршчок. І я сышла. Усё гэта жахліва: гаршчочкі розныя, кубікі-рубікі… ня ведаю, хто іх церпіць, але я ня дзеля гэтага… Тое, што я малюю, — мая ўласная знаходка.

(На адным зь яе малюнкаў у куточку — «накаляканае» простым алоўкам: «У мяне няма ні кропелькі жаданьня сачыць за правіламі прапазыцыі і правіламі пэрспэктывы!», другі падпісаны: «Wake up and draw!», на наступным чырвоныя літары: «Why do I love you so much?»).

Тэда Лі: Думкі і пачуцьці лягчэй выказваць малюнкамі ці ўсё яшчэ словамі?

В: Малюнкамі. Чым больш гэтым займаешся, тым горш. Іншы раз, калі ў гэтым стане праводзіш шмат часу, бывае цяжка два словы зьвязаць.

ТЛ: Колькі выставаў табе ўдалося зрабіць?

В: Пакуль толькі адну, у бібліятэцы на вуліцы Казінца. Была выстава сумесная зь менскімі фатографамі, выстаўляліся каляжы. Яна выйшла як першы блін сабаку. Прыйшлі свае людзі. Мы ня надта стараліся рэклямаваць падзею. Надрукавалі пару дзясяткаў афішак.

ТЛ: Што трэба такому мастаку, як ты, каб зладзіць наступную выставу?

В: Шмат працаваць і знаёміцца зь людзьмі. Бо ўсё ў нас на сувязях. Бяз сувязяў нікуды не прарвешся. Вось на Нямізе адчынілася новая галерэя, дзе нікога выстаўляць ня стануць, калі яго не прызналі за мяжой. А выстаўляюцца ў іх беларускія мастакі. Выходзіць, спачатку ты мусіш ехаць за мяжу, каб цябе палюбілі, а потым ужо зможаш паказвацца на Радзіме.

ТЛ: Гэта не падштурхоўвае цябе ехаць за мяжу?

Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0