Ва ўсім можна пагадзіцца з панам Лявонавым у артыкуле «Пад прыгнётам мужнее нацыя», апроч некаторых дэталяў. Я пэсымістычна стаўлюся да выказваньня, што тры мільёны грамадзян дабрахоць прачытаюць праект новай Канстытуцыі, пагатоў яшчэ й годна ацэняць яго. Абыякавай большасьці важна, хто трымае асноўны закон у руках, і тое, ці дбае ён пра народны дабрабыт. Грамадзка актыўных людзей няшмат, але іх ініцыятыва вартая ўвагі дзеля магчымай рэалізацыі ў кіраваньні краінай. І новая Канстытуцыя павінна гэта ўлічваць.
Новая Беларусь пачнецца ня з новай Канстытуцыі, а на папярэднім прыняцьцю Асноўнага закону этапе. Але каб прайсьці гэты этап ды зрабіць нешта прынцыпова новае, аднаго месяца, як прапануе пан Лявонаў, будзе замала.
Зьмены ў законы нельга рабіць на падставе ўсеагульнага апытаньня (рэфэрэндуму) — разуменьне дзеяньня законаў ды наступстваў патрабуе неабыякіх ведаў і аналітычнага мысьленьня. Рэфэрэндум пагэтаму мае праводзіцца толькі ў выпадках, лёсавызначальных для народу. Такім выпадкам зьяўляецца выбар канцэпцыі разьвіцьця, які павінен фармулявацца проста і зразумела. Што ж тады з законамі? Кожны з нас мае права рабіць прапановы і атрымліваць абгрунтаваныя адказы на іх. Кожны з нас мае права на рэалізацыю сваіх прапаноў. Адзіным грунтам, на падставе якога робяцца ацэнкі, ёсьць разьвіцьцё беларускага этнасу па сваіх форме і зьмесьце. Вось той канцэптуальны выбар, які варта зрабіць на рэфэрэндуме. Менавіта ён вызначае сэнс і цноту існаваньня нашай дзяржавы.
Ігар Хаменка, Менск
* * *
Я вырашыў падыскутаваць зь вельмі шаноўным сп.Васілём Лявонавым. Добра, што паважанага сп.Лявонава хвалюе праблема дзяржаўнага будаўніцтва пасьля сыходу Лукашэнкі. Але дзіўная размова — ставіць воз наперадзе каня. Ён гаворыць, што трэба прапанаваць грамадзянам новую рэдакцыю Канстытуцыі, якая павінна ясна вызначаць правы, абавязкі грамадзян па кіраваньні дзяржавай, устанаўліваць рэальную адказнасьць улады перад грамадзянамі.
Ці могуць быць у сёньняшняй Беларусі свабодныя, сумленныя выбары? Пры гэтым выбарчым законе, асабліва пры цяперашнім парадку фармаваньня камісій усіх узроўняў — ніколі. Але ж рэжым Лукашэнкі ня вечны, — гэта знае кожны думаючы грамадзянін Рэспублікі. Рэжым можа лопнуць як мыльная бурбалка. Сёньня галоўнае пытаньне — як законным шляхам адхіліць ад улады чалавека, які насуперак усякаму здароваму сэнсу шукае магчымасьці застацца пажыцьцёвым прэзыдэнтам.
На маю думку, бліжэйшыя 40 гадоў краіна Беларусь павінна быць толькі парлямэнцкая.
Другое пытаньне — адносіны з нашымі суседзямі. Тут наогул пытаньня няма. Дачыненьні маюць быць самыя добрыя, адкрытая мяжа з Эўропай, акрамя мафіёзнай Расеі. Захаваньне бясьпекі ў нашай частцы сьвету. Беларусь уваходзіць у склад NATO.
Анастас Семяновіч, Бараўляны