2004. С. і дождж

Сустрэча адбылася ўлетку, калі можна выпадкова трапіць пад залеву. Вуліцай Кірава я кіраваўся ва ўнівэрсытэт. Каля Міністэрства замежных спраў мяне і засьпеў дождж, ды такі, што давялося забегчы на ганак Палацу школьнікаў. Празь некалькі імгненьняў там зьявіўся і спадар С. Я ўважліва паглядзеў на чаравікі спадара С. і падумаў, як выдатна, што ў нашай краіне носяць такія цудоўныя чаравікі. С. таксама разглядаў мой абутак, ён разглядаў ня толькі мой абутак, ён разглядаў мяне з такім выглядам, нібыта я мушу яго ведаць і павітацца зь ім. Напэўна, мне варта было павітацца з добра апранутым незнаёмцам, але пасьля прывітаньня трэба было б пра нешта гаварыць, а гаварыць пра дождж я не хацеў. Я падумаў, што спадар С. ішоў з прэзыдэнцкага палацу ў Міністэрства замежных спраў — адпаведна, ён дыплямат. Пра беларускую дыпляматыю, як і пра залеву, гаварыць не хацелася. Мы прастаялі на ганку хвілін з дваццаць, але не сказалі адзін аднаму ніводнага слова. Дождж скончыўся, і мы разышліся ў супрацьлеглых напрамках. С. у бок МЗС, а я — у бок Нацыянальнай бібліятэкі. Недзе праз паўгоду я ўбачыў С. на тэлеэкране. Спадар Л. і спадар С. нешта там абмяркоўвалі. Закадравы голас сказаў, што чалавек, зь якім я хаваўся ад нечаканай навальніцы, — прэм’ер-міністар Сідорскі. Як цудоўна жыць і ня ведаць твару прэм’ера, а потым нечакана даведацца пра ягоны выдатны абутак. Я нават сам сябе пахваліў за канструктыўную апалітычнасьць.

P.S. Цяпер, калі інфармацыйная прастора перапоўнена тварамі ўкраінскіх прэм’ераў, я падумаў, ці пайшоў бы я галасаваць за С., каб ён вылучыўся ў прэзыдэнты? Не, не пайшоў бы.

Напiсаў 27.12.2004, 13:45.

Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0