Няма адказаў ля дошкі і нечаканых кантрольных. Пануе поўнае свабода ў форме адзеньня. Вучні могуць слухаць музыку і хадзіць па кабінэце ў часе заняткаў. Строгія касьцюмы не абавязковыя нават падчас выпускных экзамэнаў. Школа мараў? Не — фінская школа.

Нягледзячы на адносна невялікую колькасьць вучэбных гадзін у тыдзень і досыць кароткую праграму навучаньня на кожным узроўні, фінская адукацыйная сыстэма можа лічыцца ўзорам для Эўропы. Фінляндыя паказвае найлепшыя вынікі ў навуцы, а пэдагагічныя спэцыяльнасьці тут такія ж папулярныя, як прафэсіі ў сфэры інфарматыкі.

Паводле зьвестак Міжнароднай праграмы ацэнкі вучняў (PISA), сярод прадстаўнікоў 41 краіны ў прыродазнаўчанавуковых пытаньнях найлепш арыентуюцца фіны. Тое самае зь лінгвістычнымі ведамі. Калі ж гаварыць пра здольнасьць спраўляцца з матэматычнымі задачамі, фінаў апярэджваюць толькі карэйцы. Другое месца прадстаўнікі Фінляндыі занялі таксама ў досьледах, на мэце якіх было прадэманстраваць уменьні рашаць праблемы. Для параўнаньня — польскія школьнікі апынуліся толькі на 26 месцы, перад Латвіяй і адразу за Нарвэгіяй.

Бясстрэсавае выхаваньне

Пры галоўным уваходзе адной са школ з швэдзкай мовай навучаньня ў Хельсынкі мяне чакае настаўніца, зь якой я папярэдне дамовілася пра сустрэчу па тэлефоне. Яна вядзе мяне на свой урок у дзявятай клясе. Ідучы праз школьны вэстыбюль, я ўглядаюся ў велізарныя вітрыны, за якімі адно пры адным стаяць чучалы зьвяроў.

— Гэтага льва, ільвіцу і гэтую мартышку нам падарыў заапарк, рэшту экспанатаў школа зьбірала на працягу многіх год, — тлумачыць мая суправаджальніца. — Вучні нават на перапынках маюць магчымасьць падвучыць біялёгію, — усьміхаецца яна.

У кабінэце матэматыкі ўжо сядзяць некалькі вучняў. Настаўніца зачыняе дзьверы, падыходзіць да графпраектара і на празрыстай плёнцы накідае абрысы двух тэлевізараў. Збоку падае дзьве цаны, зь якіх адна большая. Заданьне — падлічыць, на колькі працэнтаў адзін тэлевізар таньнейшы за другі.

Вучань, які сядзіць перада мной, выцягвае з заплечніка слухаўкі ад плеера і надзявае іх. Другі пачынае хадзіць па клясе. Трэці школьнік завяршае сваё другое сьнеданьне. Дзьве дзяўчыны побач размаўляюць. Настаўніца ў поўным спакоі раздае ксэракопіі з чарговым заданьнем. Ня робіць заўваг, не крычыць на занадта шумных вучняў.

— Ганна-бананна! — жартам гукае раптам настаўніцу вучаніца з густым макіяжам на твары — не разумее заданьня, патрабуе дапамогі…

Наш прынцып — цярпімасьць

Пасьля ўроку настаўніца тлумачыць, што гэтая кляса трохі слабейшая ў матэматыцы. На пытаньне, чаму яна дазваляе на занятках вучням займацца ўсім, чым яны хочуць, пэдагог адказвае:

— Наш прынцып — цярпімасьць.

Фінская сыстэма адукацыі істотны націск робіць на так званае бясстрэсавае выхаваньне. Адсутнасьць рэакцыі на пэўныя непажаданыя паводзіны падчас уроку ці дазвол на стаўленьне да настаўніка як да равесьніка са школьнай парты — гэта толькі два аспэкты ўжыванага мэтаду.

За бясстрэсавасьць даводзіцца плаціць. Згодна з дасьледаваньнямі, што праводзяцца па даручэньні міністэрства адукацыі, з году ў год расьце колькасьць выпадкаў агрэсіі ў школах. Непакоіць тое, што да росту сумнай статыстыкі прычыняюцца дзеці, маладзейшыя за 15 год.

— У нашай школе толькі аднойчы здарылася, што адзін з вучняў ня здолеў справіцца са сваёй злосьцю на настаўніка і ўкусіў яго. Іншых такіх экстраардынарных здарэньняў, на шчасьце, не было. Той інцыдэнт скончыўся для вучня размовай з псыхолягам. Таксама нам удалося выклікаць бацькоў, — расказала дырэктар.

— Затое ў школах няма праблем з алькаголем ці наркотыкамі. Мне не даводзіцца таксама наймаць для школы ахову, — дадае яна.

А як у правінцыі?

Саарэла — невялікая мясцовасьць за некалькі кілямэтраў ад Оўлу — гораду ў цэнтральнай Фінляндыі. Тут навокал лес, драўляныя дамы, менш руху на вуліцах. Будынак базавай школы і ліцэю ў Саарэле нашмат меншы за той, што давялося бачыць у Хельсынкі. Большасьць дзяцей адзета сьціплей, радзей можна сустрэць нафарбаваных дзяўчат.

На гэтым адрозьненьні паміж школай у сталіцы і ў правінцыі канчаюцца.

Клясы абсталяваны аднолькава. У кожным кабінэце ёсьць тэлевізар, графпраектар, дошка (на якой малююць флямастэрамі, а ня крэйдай). Маркеры, карткі, папера для ксэракопій — таксама за кошт школы.

На ўроках той самы гармідар і лібэральныя настаўнікі. Вучні, якія слухаюць на занятках музыку ці займаюцца сваімі справамі, не зьяўляюцца аб’ектамі для крытыкі ці карных захадаў.

— Я ведаю, што шмат што залежыць ад мяне. Заўжды сачу за паводзінамі вучняў і, калі яны пачынаюць размаўляць з прыяцелямі на пабочныя тэмы, мяняю тактыку — стараюся хутка прыцягнуць нечым іх увагу. Ніколі не было, каб я на некага накрычала. Нас вучаць, што гэта недапушчальна, — тлумачыць Тар’я, настаўніца фінскай мовы ў саарэльскім ліцэі.

Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0