Армэнія. Краіна, зь любога пункту якой можна ўбачыць біблійны Арарат. Гара знаходзіцца ў Турцыі, але застаецца духоўным сымбалем і сусьветна вядомым брэндам Армэніі. Краіна, дзе максымумы характару можна вытлумачыць асаблівасьцямі рэльефу. ТАКаНЕ. Такі відэаверш нарадзіла ў мяне Армэнія.

Няма ў чорна-белых армян паўколераў, паўінтанацый, няўпэўненасьці ў самаўспрыманьні. Усе ў гарнітурах у чорна-белую палоску, скураных чорных куртках, радзей — дублёнках. Кожны — энцыкляпэдыя армянскай гісторыі. З зайздрасьцю слухаў аповеды пра армянскія карані вядомых ва ўсім сьвеце асоб, пра якія тут ведаюць абсалютна ўсе. «Калі б мы актыўна не прапагандавалі нашай культуры — даўно б зьніклі з мапы сьвету і незалежнай краіны ня мелі б».

Калі багаты — палац на ўзгорку Ерэвану, належыць «Дурному Гаго», побач — пэрсанальная царква, «Майбах» не хаваецца ў гаражы (як у багатых менчукоў), а, не кіруючыся ніякімі правіламі дарожнага руху, імчыць на чырвонае сьвятло. Кіроўца толькі крычыць ды маша рукамі: «Адыдзі!» У маршрутках, калі няма месца, усе пасунуцца, потым яшчэ, і яшчэ, і яшчэ раз…

Мова адразу незразумелая, потым пачынаеш вітацца «барэў дзэс» («добры дзень» па-нашаму) і дзякаваць у рэстарацыях «шнора калюцюн». Рэстарацый, бараў і кавярняў у Ерэване шмат, значна больш, чым у Менску. І яны абсалютна розныя. Ад начнога клюбу «Монтэ-Крыста», дзе зьбіраюцца геі і лесьбіянкі, замежнікі і творчая моладзь ды танчаць на сталах, да эстэцкага бару «The Club», дзе можна папіць гарбаты, лежачы на падушках. Ёсьць яшчэ супэрдарагія джазавыя, мэксыканскія і кітайскія…

«Армэнія — цьвік у ісламскім сьвеце…» — кажуць пра сябе жыхары краіны. Мо таму і ёсьць лёгкі налёт ісламскіх традыцый. Гарадзкія, а тым больш вясковыя жанчыны рэдка ядуць разам з мужчынамі. Выняткі складаюць тыя, хто працуе на замежныя кампаніі і фундацыі, якіх даволі багата.

Вёска працавітая, але бедная. Сем’і вялікія, жывуць усе разам, пакуль не зьявіцца свая, а зь ёй — асобны дом.

Далягляды Армэніі — гэта горы. Усюды. З гор краіна пачынаецца, гарамі і канчаецца.

Царква свая — Армянская Апостальская. У полі на азэрбайджанскай мяжы пад Мазрофам — пабудова: толькі сьцены, няма акон і дзьвярэй. Каплічку нашу нагадвае. Цэрквы IV—V стагодзьдзяў не зачыняюцца, няма аховы, абразоў, толькі зрэдку захаваўся старажытны росьпіс на сьценах ды крыжы.

Армэнія — краіна старажытная, якая і беларуса робіць самім сабой.

Фотарэпартаж Андрэя Лянкевіча з Армэніі можна паглядзець у папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0