Са сталоўкай мне пашанцавала. Усе васямнаццаць месяцаў, пакуль я рыхтаваў гэты рэпартаж (ха-ха), быў прыстойны і разнастайны асартымэнт страў, дый гатавалі смачна. Ну, насамрэч дванаццаць месяцаў, а што друкаваць яго будуць усе васямнаццаць, то хто б сумняваўся (хе-хе).

Нават выбар быў: дзьве першыя стравы, дзьве другія. Кармілі кашамі — рысавай, грэцкай, гарохавай, панцаком, час ад часу макаронай. Бульбу часьцей давалі тоўчаную. Раз на тыдзень — дранікі. Сьвята для большасьці і бяда для тых, хто трапляў тады ў нарад у сталоўку — даводзілася звыш нормы абіраць бульбу. У дадатак да гарніру ішлі тушонка, катлеты, часам смажаная скварка ці якая-небудзь поліўка (бяда, калі з кансэрваванай кількі ў тамаце — сапраўднае вычварэнства), смажаная камбала. На абед — абавязкова нейкая салата. Масла двойчы на дзень — на сьняданак і ўвечары па 15 грамаў. У выходныя — вараныя яйкі і сок альбо фруктовае пюрэ (50 г).

Раніцай і ўвечары салдаты п’юць гарбату, у абед — кампот.

Першыя паўгоду службы прыгадваюцца пастаянным пачуцьцем голаду. Нават пажылыя паварыхі ўжывалі вайсковы слэнг: «Што, нехватос?» — і як маглі падкормлівалі. Для тых, хто праходзіў вучэбку, у тых жа Печах, выклікала зьдзіўленьне тое, што ў нас можна было атрымаць дабаўку. Спачатку дзіўна было бачыць, як «старыя» недаядалі свае порцыі, амаль не краналі хлеба.

Асабліва няўтульна я пачуваўся пасьля вячэры, калі разумеў, што наступным разам буду есьці толькі раніцай. Потым зьявілася магчымасьць нешта набываць у краме перад заступленьнем у нарад, а бывала, частавалі мясцовыя сябры, да якіх раз-пораз наведваліся сваякі. Пры гэтым заўсёды ўзьнікала праблема з захоўваньнем прыпасаў, рабіць гэтага ў казарме нельга, а хацець есьці ад гэтага не перастаеш. Вось і шукаеш розныя схованкі, на якія потым палююць сяржанты. Знайшоўшы, у найлепшым выпадку дапамогуць тэрмінова зьнішчыць «кампрамат» — у горшым «гаспадарлівага» салдата чакае пакараньне — той жа нарад на службу. Магчыма, у сталоўку… Зрэшты, хоць і называюць дзе-нідзе гэты нарад грэбліва — маслы, гэта для маладога і вечна галоднага байца ў пэўнай ступені паратунак.

Як і ў кожнай сталоўцы, у вайсковай таксама штодня вывешваецца мэню, у якое дасьціпнікі ўносяць карэктывы.Да назвы супу «Ленінградзкі» прыпісваюць «блякадны», маючы на ўвазе тое, што ў гэтым супе крупіна за крупінай ганялася з дубінай. Нярэдкімі былі подпісы да катлет «хлебныя», што часам цалкам справядліва паказвала на галоўны інгрыдыент стравы.

Паход у сталоўку — вайсковы рытуал, з адмысловымі элемэнтамі страявой, выкананьнем песьні. Толькі пры адсутнасьці начальства афіцыйныя словы каманды ігнаруюцца, і тады можна пачуць: «Рота, падрыхтавацца да жору!» Але часьцей гучыць слова пайка, вядомае кожнаму.

Зьмяшаныя падразьдзяленьні, у якіх служаць розныя па пэрыядах вайскоўцы, маюць адпаведны парадак абслугоўваньня ў сталоўцы — старэйшы па пэрыядзе мусіць абслужыць малодшага. Лічыцца, што такім чынам зьнікае магчымасьць эксплюатацыі маладога папаўненьня старэйшымі.

Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"

Працяг будзе.