У артыкуле Алеся Аркуша «Рызыкоўная барацьба намэнклятуры» (НН, №7 за 18 лютага) актуалізуецца пытаньне: ці існаваў «Саюз вызваленьня Беларусі» ў рэальнасьці? Ці маглі быць яго лідэрамі Баліцкі й Адамовіч? І ці маглі нацыянал-дэмакраты ўзяць уладу ў свае рукі на мяжы 1920-х і 1930-х? З Алесем Аркушам палемізуе Анатоль Сідарэвіч.

Ігнатоўскі, Чарвякоў, Луцкевіч. Менавіта гэты трыюмвірат адыгрываў ключавую ролю ў беларускім дзяржаўным і грамадзкім жыцьці ў 1920-х, піша ён.

Ігнатоўскі, Чарвякоў, Луцкевіч. Назавём іх трыюмвіратам. Менавіта яны адыгрывалі ключавую ролю ў беларускім дзяржаўным і грамадзкім жыцьці ў 1920-х.

Давайце прыгадаем. Хто ўваходзіў — побач зь дзеячамі БНР — у склад Часовага беларускага нацыянальнага камітэту (1919—1920)? Хто, выявіўшы выдатнае палітычнае чуцьцё, на базе леваэсэраўскае «Маладое Беларусі» стварыў Беларускую камуністычную арганізацыю, паставіўшы КП(б) Літвы і Беларусі перад фактам існаваньня ў Беларусі другое кампартыі, у якой працуюць Сьцяпан Булат, Васіль Камлюк (вось дзе прататып для прыгодніцка-гістарычнага раману!), Міхал Мароз, Язэп Каранеўскі, Аляксандар і Васіль Сташэўскія, Міхась Чарот ды іншыя, не выключаючы Міхала Гурына-Маразоўскага? (Які ўнёсак у справу беларускае дзяржаўнасьці, навукі і культуры зрабілі яны, цяпер можна даведацца з энцыкляпэдычных біяграм). Хто выпатрабаваў у БССР Баліцкага? Хто даў працу ў наркамасьветы БССР шэфу канцылярыі Найвышэйшае рады БНР Некрашэвічу? Хто паставіў выкладчыкам у БДУ і Белпэдтэхнікуме старшыню Рады БНР Лёсіка? Па чыёй кнізе дзеці і моладзь вывучалі гісторыю Беларусі ў 1920-х, а дарослыя — і на пачатку 1990-х?

Беларускія народныя камісары

Аляксандра Чарвякова па праву можна лічыць адраджальнікам БССР у ліпені 1920 г. Зноў-такі, яму хапіла палітычнага чуцьця і дыпляматычнага ўмельства, каб дамагчыся для Беларусі максымальна магчымага. Ён — адзіны зь сяброў першага ўраду БССР, які здолеў ня толькі застацца ў кіраўніцтве рэспублікі, але і падняцца на самую высокую прыступку яе дзяржаўнае герархіі: у 1920—1924 г. ён адначасова ўзначальваў ЦВК і СНК БССР і быў у 1920—1922 г. наркамам замежных спраў (рэспубліка была прызнаная Нямеччынай).

Чарвякоў ад лістапада 1920 г., калі аднавілася КП(б)Б, і да сьмерці быў неадменным сябрам яе Цэнтральнага бюро, а потым Бюро ЦК. З кастрычніка 1921 г. да яго далучыўся Ігнатоўскі (перапынкі былі з сакавіка 1922 да сакавіка 1923 г., а таксама зь лютага да лістапада 1924 г.). Дарэчы, Ігнатоўскі быў адзіным сябрам кіраўніцтва КП(б)Б у 1920-х, які меў вышэйшую адукацыю. Зь першых сакратароў толькі Аляксандар Крыніцкі і Ян Гамарнік скончылі гімназіі і трохі павучыліся ва унівэрсытэтах, але ў іх не было, як у Чарвякова, няскончанае вышэйшае адукацыі. (Коласаў аднавясковец і аднакашнік Аляксандар Сянкевіч, які атрымаў дыплём у ЗША, быў кароткі час кандыдатам у сябры Бюро ЦК.)

Ня выключана, што Чарвякоў і Ігнатоўскі былі знаёмыя яшчэ ў Вільні. Цяпер яны ўдвух працавалі ў кіраўніцтве БССР.

Некансалідаваная эліта

Вядома, у кіраўніцтва КП(б)Б уваходзілі й іншыя дзеячы. Язэпу Адамовічу, старшыню СНК, не хапіла дыпляматычнасьці. Ягоны канфлікт з Крыніцкім прывёў да адстаўкі абодвух спрэчнікаў. Але з 1924 г., калі ў склад БССР была вернутая частка яе віцебскіх і магілёўскіх земляў, у буйнога дзеяча вырас былы старшыня Горацкага павятовага савету Мікалай Галадзед — спачатку другі сакратар ЦК, а потым старшыня СНК.

Папулярным стала імя былога старшыні Аршанскага павятовага савету Зьмітра Прышчэпава (памятаю, зь якім піетэтам вымаўлялі гэта прозьвішча дзядзькі з падслуцкіх вёсак у 1960-х гадах). Прыметную ролю з 1925 г. адыгрываў у жыцьці рэспублікі наркам Іван (Янка) Васілевіч, які заняў кабінет Галадзеда ў ЦК КП(б)Б. Ён, як і Чарвякоў, быў намесьнікам наркама ў час Літбелу, потым даслужыўся да пасады кіраўніка падатковага ўпраўленьня наркамату фінансаў СССР. І вось з гэтае пасады трапляе ў 1925 г. у БССР. Хто стаяў за гэтым пераводам? Фармальна — кіраўніцтва ЦК ВКП(б). Але хто падаў ідэю? Ці не Чарвякоў?

Важна зацеміць наступны факт: беларуская ўладная герархія знаходзілася ў стадыі станаўленьня. Яна папаўнялася пасьля першага (1924) і другога (1926) узбуйненьня БССР. Да пачатку пагрому (1930) яна не пасьпела «ўстаяцца» і кансалідавацца. Адсюль і відавочныя «праявы ўнутранай барацьбы», і немагчымасьць змовы.

І да ўзбуйненьняў БССР, і пасьля іх фармальнымі і нефармальнымі лідэрамі ўладнай эліты заставаліся Чарвякоў ды Ігнатоўскі. Названыя А.Аркушам наркам А.Баліцкі ды намесьнік наркама А.Адамовіч не адыгрывалі ключавой ролі. Наркам Баліцкі фармальна зьяўляўся куратарам Інбелкульту (Акадэміі), але прэзыдэнт гэтай установы У.Ігнатоўскі быў ягоным шэфам па партыйнай і па дзяржаўнай (сябар Прэзыдыюму ЦВК) лініі. (Ніколі прэзыдэнт Акадэміі не стаяў так высока ў БССР, як у 1920-х.) Ну а А.Адамовіч і па адміністрацыйнай, і па партыйнай лініях быў падначалены сябру ЦВК БССР, наркаму і кандыдату ў сябры Бюро ЦК КП(б)Б Прышчэпаву.

Іх ідэалёгія

Кожны, хто вывучае і выкладае гісторыю БССР, ня можа не адзначыць: Чарвякоў ды Ігнатоўскі былі тымі дзеячамі, якія турбавалі Маскву пытаньнем пра ўсходнебеларускія землі.

Апрача «зьбіраньня» беларускіх земляў, яны праводзілі палітыку «зьбіраньня» беларускіх кадраў. Ці няма іхняе заслугі і ў тым, што ў 1923 г. была абвешчана амністыя «для ўчасьнікаў беларускіх процісавецкіх вайсковых фармаваньняў 1918, 1919 і 1920 гадоў», «для беларускіх процісавецкіх палітычных дзеячаў, сябраў нацыянальных беларускіх урадаў, Вялікае беларускае рады, Найвышэйшае рады, Ураду Беларускае Народнае Рэспублікі, Беларускае вайсковае камісіі», «для быўшых сябраў беларускае партыі эсэраў, заявіўшых, што згаджаюцца з савецкаю ўладаю», «для ўсіх беларускіх сялян, якія належалі да процісавецкіх выступленьняў» (артыкул Луцкевіча «Савецкая амністыя»)?

Мы можам казаць пра ленінскую нацыянальную палітыку, пра канцэпцыю СССР як саюзу раўнапраўных рэспублік, але не забывайма, што сталінскаму пляну аўтанамізацыі супрацьстаяла і кіраўніцтва КП(б)Б, і ці ня ў першую чаргу сябры Цэнтральнага бюро Чарвякоў ды Аляксандар Хацкевіч, якога можна было б назваць праваю рукою старшыні ЦВК БССР. (У тым, што ЦБ КП(б)Б выступіла супроць сталінскай канцэпцыі, нічога дзіўнага: па-першае, дзейнічаў аўтарытэт Леніна, па-другое, стаўшы «сувэрэнамі», трапіўшы ў кіраўніцтва БССР ці Ўкраінскае ССР, «інтэрнацыяналісты», як правіла, уваходзілі ў мясцовыя інтарэсы і нават станавіліся іх абаронцамі. Так было, напрыклад, з Аляксандрам Мясьніковым, які адмоўна паставіўся і да таго, што Расея адарвала ад БССР яе віцебскія, смаленскія і магілёўскія землі, і да ідэі ССР Літвы і Беларусі.)

Палітыка «каранізацыі» і «беларусізацыі» таксама была складоваю часткаю ідэалёгіі белнаркамаў. Мы можам казаць пра вялікую ролю ў правядзеньні беларусізацыі Ігнатоўскага і Баліцкага, але не забывайма, зноў жа, пра Хацкевіча. Пік «беларусізацыі» гісторыкі зьвязваюць і зь яго імем.

Нарэшце, сацыяльна-эканамічная палітыка белнаркамаў зводзілася да безумоўнай падтрымкі новае эканамічнае палітыкі Леніна—Бухарына. Калі сталіністы ў 1929 г. вінавацілі Бухарына за лёзунг «Обогащайтесь!», дык Чарвякова ў тым жа годзе вінавацілі за прамову на VII зьезьдзе Саветаў БССР у траўні 1925 г. Старшыня ЦВК сказаў тады: «Багацей, селянін, здабывай больш багацьця, і чым больш ты будзеш багаты, тым больш багата будзе наша Савецкая рабоча-сялянская дзяржава».

Поўны варыянт артыкулу чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0