Адгукаючыся на запатрабаваньні часу, у Беларусі зьявіліся выканаўцы і калектывы, якія працуюць нелегальна, трымаючыся на генным узроўні прынцыпаў кансьпірацыі.

Іх не пачуеш на Бангалоры, а запісы можна знайсьці толькі ў лябірынтах сеціва. У іх свой шлях — змаганьне праз музыку й слова з захадамі ўлады падзяліць музыкаў на «чэсных» і «нячэсных». А ў песьнях усё гранічна дакладна: тут — чорнае, тут — белае. Больш дакладна: чырвонае і белае. — Зьміцер Падбярэскі.

«Чырвоным па беламу» — праект некалькіх беларусаў. Нічога падобнага раней у беларускай музыцы не было.

Тым жа літаратарам, якіх амаль выціснулі з уласнае хаты, не застаецца нічога, як сустракацца з чытачамі на кватэрах, хоць на прыкладзе С.Антончыка можна чакаць, што і за чытаньне вершаў на кватэры можна атрымаць кару. У Беларусі тым часам адрадзілася пашыраная за савецкім часам зьява: музычныя кватэрнікі. З дапамогай сеціва плошча «кватэры» павялічваецца да неймаверных памераў.

«Чырвоным па беламу» — тыповы «кватэрнік» — беларускамоўны хіп-хоп сацыяльна-палітычнай афарбоўкі. Неяк давялося пачуць меркаваньне маладога афраамэрыканца: хіп-хоп — блюз сёньняшняга дня. Але блюз — перш за ўсё музыка індывіда, «маналёг» ад першай асобы, аповед пра скрухі і праблемы жыцьця. Для блюзу няма забароненых тэм, гэта музыка прыгнечанай меншасьці, якую да пачатку ягонай камэрцыялізацыі таксама «не рэкамэндавалі» пускаць у прыстойныя месцы. Аднак блюз у якасьці альтэрнатывы саладжавай эстрадзе нарадзіў рытм-энд-блюз, той — рок-н-рол. І музычная рэвалюцыя зрабілася фактам!

Хіп-хоп рэвалюцыі ня зробіць. Але прымусіць задумацца над жыцьцём, асабліва маладую аўдыторыю, можа.

Праз паўтара месяца пошукаў удалося пагутарыць з адным з удзельнікаў калектыву, адшукаўшы яго недзе «на скрыжаваньнях Эўропы». Аднайменная тэлепраграма можа быць спакойная: з боку Эўропы папулярнасьць ёй не пагражае. Асьцярожнасьць удзельнікаў «ЧпБ» можна зразумець: ёсьць у іх песьнях тое, што можа пацягнуць выкарыстаньне не аднаго папулярнага артыкулу Крымінальнага кодэксу. Але пайшлі на гэта выканаўцы сьвядома. Набалела — яшчэ мяккае слова для таго, каб вызначыць прычыну нараджэньня праекту.

Адной з такіх прычын быў, на думку майго суразмоўніка, які выступае пад мянушкай Кроў, факт поўнай (ягоныя словы) адсутнасьці беларускамоўнага хіп-хопу. Стаж у «ЧпБ» невялікі. Катэгарычнасьць пазыцыі Крова (ад анг. crow — варона) вынікала нават з таго, што творчасьць «IQ48» для ўдзельнікаў «ЧпБ» — гэта не хіп-хоп. Адначасова Кроў зрабіў уражаньне інтэлігентнага, разумнага чалавека з дакладна акрэсьленымі поглядамі.

Мяркуючы па ўсім, гэта нешта накшталт творчай суполкі бязь ярка выяўленага лідэра. Займаюцца ўдзельнікі праекту хто чым, папярэдні музычны вопыт калі й быў, дык нязначны. А «ЧпБ» для іх — спосаб выказаць погляды на жыцьцё: ніяк не прафэсія, толькі хобі.

Што да песень, то калі «Мы беларусы», «Пра зьніклых», «Ліст да Аляксандра Лукашэнкі» мала чым вылучаюцца на фоне традыцыйнага хіп-хопу, дык «Годнасьць» зроблена з сапраўднай выдумкай. Музычным фонам паўстае спачатку intro зымітаванага сымфанічнага аркестру, пасьля чаго зададзены аркестрам востры рыф кладзецца ў рытмічны падмурак усёй песьні. Цікава і арыгінальна!

Такім чынам, кожны можа скласьці ўласнае ўражаньне аб тым, што робяць закансьпіраваныя хіп-хопэры «ЧпБ». Дастаткова зайсьці на вэб-старонку www.c-p-b.tk. І калі неўзабаве пасьля гэтай публікацыі ўваход на гэтую старонку зачыніцца, можна будзе казаць пра першую перамогу выканаўцаў: іх пачулі!

Зьміцер Падбярэскі: Тэматыка твораў выканаўцаў хіп-хопу ў сьвеце вельмі разнастайная. Чым быў выкліканы ваш зварот менавіта да вострых палітычных, сацыяльных тэм?

Кроў: Самі мы — беларусы. Нас хвалюе тэматыка Беларусі. Праз хіп-хоп мы можам выказаць, што нязгодныя з тым, што цяпер творыцца ў Беларусі. Аб гэтым і сьпяваем.

ЗП: Ці выразна вы ўсьведамлялі тое, што, зьвяртаючыся да такіх тэм, робіцеся ўдзельнікамі ня столькі шоў-бізнэсу, колькі ў першую чаргу фігурантамі палітычных рэалій?

К: Мы ўдзельнічаем у палітыцы таксама ня толькі ў Беларусі, але і ва ўсёй Эўропе. Таму мы з найвышэйшай адказнасьцю падыходзім да гэтай тэматыкі.

ЗП: Наколькі музыканты ангажуюцца ў палітыку? Бо разьмяжоўваць уласна творчасьць і грамадзянскую пазыцыю, погляды музыкантаў неабходна.

К: Мы — таксама людзі, маем уласныя думкі. З дапамогай таленту музыканты могуць выказваць уласныя погляды і зьвяртацца да грамадзян.

ЗП: У некаторых песьнях «ЧпБ» прысутнічаюць словы, якія абражаюць чалавечую годнасьць.

Поўны варыянт артыкулу чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"

(Паводле праграмы «Па-за тактам» радыё «Свабода»)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0