Доўгі шпацыр у бясконцасьць

Яны гадаваліся дзьверы ў дзьверы, на ўскрайку гораду, каля палёў, і лясоў, і садоў, з краявідам на мілую званічку школы для сьляпых.

Цяпер ім было па дваццаць, ня бачыліся амаль год. Заўсёды паміж імі была прыемная, гульлівая цеплыня, але ніколі ані слова пра каханьне.

Яго звалі Ньют. Яе — Катарына. Толькі мінуў поўдзень, і ён пагрукаў у яе дзьверы.

Катарына падышла да дзьвярэй. Яна несла тоўсты, бліскучы часопіс, які чытала.

Часопіс быў цалкам прысьвечаны нявестам.

— Ньют! — зьдзівілася яна.

— Не магла б ты пашпацыраваць са мной? — сказаў ён. Ньют быў сьціплы хлопец, нават з Катарынай. Ён хаваў сваю сьціпласьць за адсутным выглядам. Нібыта тое, што яго хвалявала, было далёка. Нібыта ён быў сакрэтным агентам на вакацыях, які робіць кароткі перапынак між прыгожымі, далёкімі й рызыкоўнымі ўчынкамі. Ньют заўжды размаўляў у такой манеры, нават калі справа тычылася яго больш чым непасрэдна.

— Пашпацыраваць? — перапытала Катарына.

— Крок за крокам, — сказаў Ньют. — Празь лісьце, цераз масты…

— Нават не падазравала, што ты ў горадзе, — сказала яна.

— Прыехаў хвіліну таму, — сказаў ён.

— Усё яшчэ ў войску, як я бачу, — сказала яна.

— Яшчэ сем месяцаў, — сказаў Ньют. Ён быў жаўнер першай клясы артылерыі. Яго ўніформа скамечылася. Яго боты былі нячышчаныя. Яму трэба было пагаліцца. Ён працягнуў руку да часопісу:

— Давай паглядзім прыгожую кніжку.

Катарына працягнула часопіс.

— Я выходжу замуж, Ньют, — сказала яна.

— Я ведаю, — сказаў ён. — Давай пройдземся.

— У мяне столькі справаў, Ньют, — сказала яна. — Да вясельля ўсяго тыдзень.

— Пасьля шпацыру, — сказаў ён, — ты зробішся ружовай. Ты зробішся ружовай нявестай. — Ньют гартаў старонкі часопісу. — Ружовай нявестай… як яна… як яна… як яна, — казаў ён, паказваючы ёй ружовых нявест.

Катарына зрабілася ружовай, калі падумала пра ружовых нявест.

— Гэта будзе мой падарунак Генры Сьцюарту Чэйзэнзу, — сказаў Ньют. — Калі я вазьму цябе на шпацыр, я вярну яму ружовую нявесту.

— Ты ведаеш яго імя? — зьдзівілася яна.

— Маці пісала, — сказаў ён. — Зь Пітсбургу?

— Так, — сказала яна. — Ён бы табе спадабаўся.

— Мабыць, — сказаў ён.

— Ты… ты прыйдзеш на вясельле, Ньют? — спытала яна.

— Сумняюся, — адказаў Ньют.

— Твой водпуск такі кароткі?

— Водпуск? — ён разглядаў рэкляму хатняга срэбра на дзьве старонкі. — Я ня ў водпуску.

— Што? — сказала яна.

— Гэта называецца самаволкай, — сказаў Ньют.

— Не, Ньют! Скажы, што не! — сказала яна.

— Так, — сказаў ён, усё яшчэ гледзячы на часопіс.

— Чаму, Ньют? — сказала яна.

— Мне трэба было высьветліць, які арнамэнт будзе на тваім срэбры, — сказаў ён. Ён чытаў назвы арнамэнтаў для срэбра з часопісу. — «Альбэмарль»? «Верас»? «Легенда»? «Паўзучая ружа»?

Ён падняў вочы, усьміхнуўся.

— Я пляную падарыць табе і твайму мужу лыжку, — сказаў ён.

— Ньют, Ньют, скажы мне праўду, — прасіла яна.

— Я хачу прайсьціся, — сказаў ён.

Яна сашчапіла рукі ў сястрынскім болі.

— О Ньют, ты мяне падманваеш, што пайшоў у самаволку, — сказала яна.

Ньют ціха зымітаваў паліцэйскую сырэну і падняў бровы.

— Ад... адкуль?

— Форт Брэг, — сказаў ён.

— Паўночная Караліна?

— Каля Фэетвілю, дзе Скарлет О’Хара хадзіла ў школу.

— Як ты дабраўся сюды, Ньют? — спытала яна.

Ён зрабіў кулаком з адстаўленым вялікім пальцам жэст, нібыта галасуе на дарозе.

— Два дні, — сказаў ён.

— Твая маці ведае? — спытала яна.

— Я прыехаў не наведаць маці.

— Каго ты прыехаў наведаць?

— Цябе, — сказаў ён.

— Чаму мяне? — спытала яна.

— Таму што я цябе кахаю, — сказаў ён. — Цяпер мы можам прагуляцца? Крок за крокам, празь лісьце, цераз масты…

І яны шпацыравалі, ішлі празь лес па карычневым дыване зь лісьця. Катарына была злосная і ўзрушаная, сьлёзы стаялі ў яе вачах.

— Ньют, — казала яна. — Гэта абсалютнае вар’яцтва.

— Што? — сказаў Ньют.

— Цяпер казаць, што ты мяне кахаеш. — Ты ніколі не казаў пра гэта раней.

Яна спынілася.

— Давай працягнем шпацыр.

— Не, — сказала яна. — Досыць. Ня трэба мне было наагул з табой ісьці.

— Ты пайшла, — сказаў ён.

— Каб вывесьці цябе з дому, — сказала яна. — Калі б хто-небудзь зайшоў і пачуў, што ты мне кажаш за тыдзень да вясельля…

— Што б яны падумалі?

— Яны б падумалі, што ты зьехаў з глузду.

— Чаму? — спытаў ён.

Катарына глыбока ўздыхнула і прамовіла:

— Дазволь мне сказаць. Я вельмі ўражаная вар’яцтвам, якое ты зрабіў, — сказала яна. — Я не магу паверыць, што ты сапраўды ў самаволцы, але, мабыць, так і ёсьць. Я не магу паверыць, што ты сапраўды кахаеш мяне, але, мабыць, так і ёсьць. Але…

— Так і ёсьць, — сказаў Ньют.

— Ну, я вельмі ўражаная, — сказала Катарына. — І ты мне вельмі падабаешся як сябар, Ньют, вельмі-вельмі, але проста ўжо надта позна.

Яна зрабіла крок ад яго.

— Ты нават ніколі мяне не цалаваў, — сказала яна і запратэставала рукамі: я ня маю на ўвазе, што ты павінен зрабіць гэта зараз. Проста я хачу сказаць, што ўсё гэта так нечакана. У мяне няма нават прыблізнага ўяўленьня, што табе адказаць.

— Проста пашпацыруй яшчэ крыху, — сказаў ён. — Атрымай задавальненьне.

Яны зноў пайшлі.

— Якой рэакцыі ты чакаў ад мяне? — спытала яна.

— Як я мог ведаць, чаго чакаць? — сказаў ён. — Я ніколі раней нічога падобнага не рабіў.

— Ты думаў, я кінуся табе на шыю?

— Мабыць.

— Даруй, што расчаравала цябе, — сказала яна.

Поўны варыянт артыкулу чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"

Пераклад Ганка Ш., Ваш

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0