«Амэрыка не згаворвалася з папам»

«Амэрыка не згаворвалася з папам супраць Савецкага Саюзу, не ўзгадняла з Ватыканам сваёй палітыкі. Аднак сваім аўтарытэтам і пазыцыяй Ян Павал II абуджаў чалавечыя пачуцьці і памкненьні, блізкія да нашай праграмы абароны правоў чалавека, вастрыё якой мы сьвядома скіроўвалі супраць СССР», — кажа былы кіраўнік амэрыканскай Рады нацыянальнай бясьпекі.

— Дзе Вас засьпела выбраньне папам кардынала Караля Вайтылы?

— Я быў у Белым доме, у той яго падземнай частцы, дзе праводзяцца пасяджэньні Рады нацыянальнай бясьпекі, якой я ў той час кіраваў. Я вёў пасяджэньне Рады, прэзыдэнт Джымі Картэр быў тады ў Кемп-Дэвідзе. Раптам да мяне падышоў афіцэр і падаў мне вузкую палоску тэлетайпу, на якой было напісана: «Толькі што быў выбраны новы папа — кардынал Караль Вайтыла, першы папа-неітальянец больш як за 400 год».

Само сабой, паведамленьне зрабіла на мяне велізарнае ўражаньне. Я тут жа перапыніў пасяджэньне, перайшоў у суседні кабінэт і патэлефанаваў у Кемп-Дэвід прэзыдэнту, каб падзяліцца зь ім гэтай навіной.

Картэр, апроч сваіх дзяржаўных абавязкаў, жыва цікавіўся рэлігіяй, ставіўся да яе вельмі сур’ёзна, і ён адразу спытаў у мяне, ці ведаю я нававыбранага папу асабіста. Я адказаў, што ведаю, меў нагоду пазнаёміцца зь ім падчас аднаго зь яго візытаў у Злучаныя Штаты, у Гарвардзкім унівэрсытэце ў Бостане, дзе ён у якасьці кардынала чытаў лекцыю. Пасьля лекцыі ён запрасіў мяне на чай, і ў нас адбылася доўгая, вельмі шчырая і цікавая размова.

Прэзыдэнт запытаў, як я ацэньваю новага папу. Я сьцісла адказаў, што гэта выдатны чалавек, ксёндз, работнік, тэоляг, актор, філёзаф, энэргічны арганізатар, а таксама цьвёрды, моцны, нязломны палітычны дзеяч. Усё гэта ў адной асобе. Прэзыдэнт выслухаў мой адказ зь вялікай цікавасьцю і сказаў, што гэта, здаецца, выдатны выбар.

У той самы вечар я гляджу па тэлевізары, як прэзыдэнт прызямляецца на верталёце на лужку каля Белага дому, дзе яго зазвычай вітаюць журналісты, і, вядома, першым гучыць пытаньне: «Што вы, пане прэзыдэнт, думаеце пра новага папу?» На мой жах і сорам, чую адказ: «Выдатны выбар. Найбліжэйшы, асабісты сябар доктара Бжазінскага».

Я тут жа сабе ўяўляю, як гэта дойдзе да папы і ён падумае пра мяне: «Ну і брахло!» (сьмяецца) і больш не захоча са мной сустракацца.

— Пазьней Вам удалося выправіць гэтае непаразуменьне?

— Не, урэшце, гэта было ня так істотна. І потым, дзякуй богу, у мяне было шмат зусім выключных нагод для асабістых гутарак з папам — падчас сьнеданьняў, абедаў, вячэр. Аднаго разу я нават чытаў Сьвятое Пісаньне падчас імшы, якую ён адпраўляў зусім прыватна. А другі раз у вельмі выключнай сытуацыі — у сьнежні 1980-га — мне прыйшлося тэлефанаваць яму позна ўночы, каб паведаміць, што на працягу 48 гадзін савецкія войскі могуць увайсьці ў Польшчу.

— Што Вы падумалі самі сабе адразу пасьля выбараў папы? Што вось цяпер у вас ёсьць саюзьнік у процістаяньні з Савецкім Саюзам?

— Такое гаварылі адразу. Зрэшты, што тут гадаць — апоўдні таго самага дня прыйшоў да мяне пасол ПНР пры ААН. Заходзіць ён у мой кабінэт, нічога ня кажа і толькі трымае над галавой вашынгтонскую газэту, дзе вялізнымі літарамі напісана: «Папа — паляк». Гэты чалавек быў у нейкім здранцьвеньні, хоць ён жа, урэшце, быў перакананы камуніст, які шчыра служыў ПНР. Тады для мяне стала канчаткова ясна, што пачынаецца новая эпоха.

А потым я меў прыемнасьць праглядаць даклад, падрыхтаваны КГБ для Палітбюро КПСС, дзе катэгарычна сьцьвярджалася, што выбар папы быў мэтанакіравана і сьвядома інсьпіраваны мной…

—…заадно з кардыналам Джонам Крулем зь Філадэльфіі, так?

— Я, маўляў, падгаварыў кардынала Круля, які ў сваю чаргу падгаварыў амэрыканскіх кардыналаў, а яны ў сваю чаргу падгаварылі нямецкіх кардыналаў, і ў выніку гэтага ўзаемнага падгаворваньня змова была праведзена ў жыцьцё.

Празь нейкі час я размаўляў з папам, і ў канцы сустрэчы папа мне кажа: «Пане прафэсар, прашу неўзабаве даць аб сабе знаць». Я на гэта цалкам шчыра: «Выбачайце, сьвяты айцец, але ж я не магу вам так назаляць». А ён так сур’ёзна памахаў мне пальцам і сказаў: «О, вы, пане прафэсар, мяне выбралі, дык цяпер мусіце да мяне прыходзіць».

— У які момант Вам стала ясна, што ёсьць супольныя назоўнікі паміж пантыфікатам Яна Паўла II — «папы правоў чалавека» — і прэзыдэнцтвам Джымі Картэра, якога называлі «прэзыдэнтам правоў чалавека»?

— Гэта было з самага пачатку відавочна — хоць гэта было, хутчэй, гістарычнае супадзеньне, а ня вынік нейкай змовы, пра што пісалі ўсялякую лухту некаторыя наіўныя і прымітыўныя амэрыканскія журналісты.

Папа сваім аўтарытэтам, сваёй пазыцыяй абсалютна надзвычайным спосабам абудзіў пэўныя чалавечыя пачуцьці, мары, памкненьні, блізкія да вельмі празаічнай палітычнай праграмы абароны правоў чалавека, якую мы пасьлядоўна ажыцьцяўлялі і вастрыё якой — прынамсі, з майго пункту гледжаньня — было цалкам сьвядома скіравана супраць Савецкага Саюзу.

— Савецкая прэса пісала пра змову паміж Вашынгтонам і папам…

— Ня толькі савецкая, але і заходняя. Паўтараю — гэта былі выдумкі.

— А ці было супрацоўніцтва?

— Не было супрацоўніцтва ў сэнсе каардынацыі ўзаемных дзеяньняў. Затое мы выдатна бачылі — не было ў гэтым, зрэшты, ніякага сакрэту, — што касьцёл на Ўсходзе працуе падвойна. Адкрыта і падпольна. Мы рабілі нешта іншае, што таксама набліжала прынцыповыя перамены, — падтрымлівалі незалежныя дэмакратычныя рухі, а ў СССР (прынамсі, падчас майго знаходжаньня на пасадзе, у 1977—1981 гадах, і пачынаючы ад майго заступленьня на пасаду) — нацыянальныя рухі.

Менавіта за часамі Картэра ўпершыню ў гісторыі халоднай вайны нарадзіліся дзьве зусім новыя ініцыятывы, якія датычылі Савецкага Саюзу, — сьвядомая падтрымка нацыянальных рухаў у СССР (гэта была дзейнасьць, што абапіралася на сьвядома сфармуляваныя стратэгічныя мэты), а таксама беспрэцэдэнтная збройная дапамога для руху супраціўленьня ў Аўганістане, які фізычна ліквідаваў савецкае войска. Ніколі раней Амэрыка такога не рабіла.

— Што праўдзівага, а што мітычнага ў сьцьверджаньні, што Ян Павал II перамог камунізм?

— Гэта спрашчэньне. Само сабой, ён спрычыніўся да ўзмацненьня пачуцьцяў незалежнасьці і салідарнасьці сярод запалоханых, скарумпаваных, пранізаных даносчыцтвам людзей; сярод людзей, якія адчувалі сябе самотнымі, выкінутымі на ўзбочыну жыцьця праз тое, што ненавідзелі рэжым. Нечакана, дзякуючы зьяўленьню папы, гэтыя людзі адкрылі для сябе, што іх пераважная большасьць і што гэтая большасьць мае такі самы нэгатыўны погляд на рэжым. Гэта ў першую чаргу адносіцца да Польшчы, але ня толькі. Гэтая ўпэўненасьць знаходзіла водгук ва ўсім савецкім блёку. І ў гэтым сэнсе папа спрычыніўся да падзеньня камунізму.

Але было і шмат іншых чыньнікаў. Сам лад быў гнілы, агідны, ён спрыяў пасрэднасьцям. Гэта была сыстэма, у якой пасрэдныя ў маральных ці інтэлектуальных адносінах людзі мелі большыя шанцы на посьпех — бо сыстэма баялася ініцыятывы, вольнай думкі, творчасьці; прымітыўная сыстэма, заснаваная на ілюзорнай канцэпцыі, якая выдатна пасавала людзям з комплексамі, без пачуцьця ўласнай годнасьці. Ёю кіравала дурнота, яна ўся абапіралася ні герархію дурноты. Яна мусіла ўрэшце разваліцца.

Поўны варыянт артыкулу чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0