«Настаўнікі літаратуры мусяць быць добрымі піяршчыкамі»

Выйшаў першы ў гісторыі беларускай літаратуры зборнік лімэрыкаў «Землякі, або Беларускія лімэрыкі». 12 красавіка ў Доме літаратара прэзэнтацыя з удзелам аўтара Андрэя Хадановіча. З Андрэем Хадановічам гутарыць Яўгенія Манцэвіч.

— Андрэю, што супольнага між андэграўндам і сучаснай беларускай літаратурай?

— Уся літаратура ў сёньняшнім сьвеце — андэграўнд. Большасьць людей спажывае прынцыпова іншае — ходзяць у супэрмаркеты па поп-корн і кока-колу. Раней літаратура была заняткам элітарным. Цяпер слова «эліта» сустракаецца пераважна ў іншых кантэкстах (элітная бялізна й г.д.). Да інтэлектуалаў амаль не прыслухоўваюцца на ўзроўні вялікай палітыкі. У сваю чаргу, інтэлектуалы ня лічаць патрэбным лезьці не ў сваю сфэру, на штосьці ўплываць. Для пісьменьніка адзінай добрай задачай ёсьць пісаньне добрай літаратуры, без прэтэнзій на прарочыя мэты. Аднак гэта занадта лёгкі шлях — казаць самому сабе: «Я — андэграўнд, пішу для сябе й вузкага кола людзей». Калі ты не паленаваўся запісаць свае радкі, табе ўжо не абыякавая аўдыторыя. А калі так — за аўдыторыю трэба пазмагацца. Пазмагацца з поп-корнам, кока-колай, FM-фарматам, маразмам сытуацыі ў Беларусі, дзе зьмяшаліся найгоршыя праявы спажывецкага грамадзтва й перажыткі постсавецкага калгасу. Аказваецца, зрабіць яшчэ нешта можна. Калі ёсьць пакупнік, то трэба ўшчаміцца на кніжную паліцу. Не наракаць, што цябе ня чуюць, а рабіць высілкі, каб пачулі.

— Ці можа літаратура стаць першай справай людзей?

— Літаратура ня мусіць быць ёй. Бо трэба найперш не памерці з голаду. Калі ты сыты й задаволены, тады ўзьнікаюць і духоўныя памкненьні. Шкада, што ў параўнаньні зь мінулымі стагодзьдзямі чалавек відавочна здрабнеў і зьбяднеў, звузілася кола яго патрэб. Аднак ёсьць людзі, што ня могуць абысьціся безь «непатрэбна-лішняга». Літаратура і належыць да такіх прыгожых непатрэбна-лішніх рэчаў, якія робяць чалавека чалавекам. Калі чалавек час ад часу глядзіць на зоркі, кахае й рэагуе на каханьне, то паэзія й літаратура павінны трапляць у базавы набор жыцьцёвых патрэб, безь якіх ня можа быць чалавека.

— Школьная праграма беларускай літаратуры такая, што ва ўяўленьні вучняў усе пісьменьнікі пісалі пра сялян і іх беднасьць.

— Доўгі час моладзь знаходзілася пад прэсам школьнай праграмы, настаўніцы Мар’і Іванаўны, якую найчасьцей ненавідзяць. А разам зь ёй ненавідзяць і аўтараў, якіх яна прапануе. Немагчыма шчыра любіць тое, што цябе прымушалі чытаць і заганялі ў галаву цьвікамі! Натуральна, выбухае бунт. Я прыхільнік жывой літаратуры «з чалавечым тварам», калі аўтар — ня проста труп на фатаздымку ў хрэстаматыі. Згадваюцца радкі аднаго юнага паэта: «Падручнік — гэта ад слова падручыць вучняў». Раскажу два выпадкі. Як апавядала знаёмая настаўніца, падрыхтаваў аднойчы вучань для някласнага чытаньня лімэрыкі Хадановіча, сказаўшы: «Жыў у мінулым стагодзьдзі такі пісьменьнік». Другі, пачуўшы прозьвішча Хадановіч, вырашыў паразумнічаць: «Гэта той, каго з Жылкам расстралялі?» (Хоць Жылкі ніколі не расстрэльвалі, мяне цешыць такое суседзтва.) Выглядае, беларускі пісьменьнік — значыць, мёртвы, беларускі пісьменьнік — значыць даўно мінулае й неактуальнае, беларускі пісьменьнік — тое, што мусіш вывучаць пад прымусам і ад чаго ня можаш атрымаць прыемнасьці. Але ў беларускай і ў сусьветнай літаратуры процьма пісьменьнікаў, «створаных» для прыемнасьці, для чытацкай асалоды, для таго, каб быць проста неабходным, як далікатэснае марожанае, як кубак кавы, як добрая цыгарэта для аматараў паленьня, што ня могуць кінуць. Аднак для таго, каб гэта зразумелі й чытачы, жывыя пісьменьнікі мусяць часьцей нагадваць пра сябе жывым людзям.

— Але я ўдзячная сваім настаўнікам за тое, што яны прымушалі мяне чытаць літаратуру.

— Настаўнікі літаратуры мусяць вучыцца ў піяршчыкаў — закідваць цікавую вуду, працаваць з вучнямі нетрадыцыйнымі, гульнявымі спосабамі, захоўваючы аўтарытэт. Бо не прымушае ніхто хлопцаў займацца фізкультурай — гуляць у футбол уваходзіць у іх натуральныя ўзроставыя патрэбы. Трэба выкладаць творчасьць традыцыйных пісьменьнікаў штораз так, каб на ўрокі літаратуры «беглі», як на футбольны стадыён.

— Чаму на іспытах па літаратуры на пытаньне «Маладая беларуская паэзія» студэнты расказваюць пра Разанава й Гілевіча; крыху баючыся, пра Хадановіча й Жыбуля; а пра насамрэч маладых Трэнас і Лабадзенку слова сказаць баяцца?

— Ну мяне хоць выключылі з катэгорыі «насамрэч маладых»! (Усьміхаецца.) Маладым беларускі літаратар-пачатковец лічыўся ў нас да пяцідзесяці гадоў, пасьля — пераходзіў у разрад пэнсіянэраў. Для Беларусі сёньняшняя сытуацыя яшчэ неймаверна рэвалюцыйная. Зьмірыцца з існаваньнем Хадановіча ці Жыбуля ў літаратуры — гэта ўжо вялікае ўзрушэньне для акадэмічных колаў. Зьява будзе расьці ў геамэтрычнай прагрэсіі. Калі сёньня Віктар Жыбуль ці Вера Бурлак трапляюць ужо ў самі дыскусіі пра літаратуру, значыць, заўтра там будуць прысутнічаць і Глеб Лабадзенка, і Віка Трэнас. І ім не давядзецца чакаць 50-гадовага юбілею для «кананізацыі». У маладых творцаў ёсьць геніяльны шанц яскравымі дэбютамі ствараць нешта істотнае й пасьпяваць трапляць на радыё, тэлебачаньне, у газэты — раней, чым нехта зьверху зарыентуецца і ўключыць іх у «чорныя сьпісы».

Поўны варыянт артыкулу чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0