Першыя словы Яна Паўла ІІ да беларусаў дакладна супадаюць зь першымі словамі ягонага пантыфікату: «Ня бойцеся!» Аляксандар Лукашэнка няспынна паўтарае адваротнае: «Бойцеся, бойцеся, бойцеся».

Запалохваньне грамадзтва і сваіх найбліжэйшых паплечнікаў сталася ўмовай палітычнага посьпеху беларускага прэзыдэнта. Ці беларусы пачуюць словы Хрыста, ці застануцца пад магічнай уладай прэзыдэнцкага пасланьня? Між тым тэрапэўтычныя словы Хрыста перадаў бы і самому прэзыдэнту. Спадару Лукашэнка, ня бойся свабоды, сваёй і чужой. Ня бойся праўды. Ня бойся дыялёгу. — Пётра Рудкоўскі ОП.

«Паціху адыходзіць у лепшы сьвет найстарэйшая генэрацыя інтэлігенцыі — носьбітаў традыцыі. Нам усім, пэўна, будзе не хапаць сапраўдных Арыстакратаў Духу», — гэтак напісаў мне Юры Гумянюк незадоўга пасьля таго, як стала вядома, што Папа Рымскі Ян Павал ІІ, вымавіўшы слова «Амэн», пакінуў гэты сьвет. Цалкам згодны з выказваньнем гарадзенскага паэта, але хацелася б яшчэ тое-сёе дадаць і ўдакладніць.

«Адыходзіць у лепшы сьвет»

Вера ў лепшы сьвет не зьяўляецца адмысловай рысай хрысьціянства. Не зьяўляецца яна таксама спэцыфікай рэлігійных вучэньняў. Вера ў лепшы сьвет настолькі глыбока «сядзіць» у чалавеку, што — парадаксальна — сталася асновай сучасных атэістычных ды агнастычных грамадзка-палітычных вучэньняў. Савецкі камунізм са сваім бачаньнем «сьветлага заўтра» быў жа ня чым іншым, як спачваранай праявай гэтае веры.

Праўда, у апошнія часы зьявілася плеяда прарокаў, сярод іх і беларускі філёзаф Валянцін Акудовіч, якія спэцыялізуюцца ў прапаведаваньні канца ўсякіх «ілюзій» (і рэлігійных, і атэістычных), але такога тыпу прароцтвы пераважна тояць у сабе столькі рэлігійнага патасу, столькі прэтэнзій на веданьне будучыні і канчатковай ісьціны, што ўзьнікае слушнае падазрэньне, ці ня ёсьць гэта раптам якаясь чарговая пачварная вэрсія атэістычнае веры… Але пакінем убаку гэту праблему.

Сьмерць Сьвятога Айца зьяўляецца добрай нагодай для таго, каб перачытаць і пераасэнсаваць хрысьціянскую «веру ў лепшы сьвет». Тое, што лічу вартым падкрэсьленьня ў дадзены момант, — што Хрыстос пасьля сьмерці сышоў у адхлань , у прадоньне, у «валадарства сьмерці».

Гэтая ісьціна веры асабліва моцна адлюстравана ў праваслаўным багаслоўі і, на маю думку, гэта чыніць праваслаўнае вучэньне «аб апошніх справах чалавека» больш поўным у параўнаньні з каталіцкім багаслоўем. Хрыстос, «першы сярод уваскрэслых», непасрэдна пасьля сваёй сьмерці перайшоў ня ў лепшы сьвет, а наадварот — у горшы! Праўда, знаходжаньне ў «валадарстве сьмерці» было ўсяго толькі прыпынкам і мела акрэсьленую і вельмі канкрэтную мэту — вызваліць «вязьняў адхлані», — але яно сутнасна дапаўняе наша разуменьне «лепшага сьвету». Праведнікаў пасьля сьмерці чакае ня лепшы сьвет, а… сыход у адхлань! А адхлань — гэтаксама як «рай» ці «пекла» — гэта ў значнай меры тутэйшая, зямная рэчаіснасьць.

На нашай зямлі безьліч сьлядоў пекла (прыгадаць хаця б сталінскія ці гітлераўскія лягеры). Нямала таксама сьлядоў Божага Валадарства (яно менш «крыклівае», але яно ёсьць паўсюль там, дзе ёсьць, як кажа сьвяты Павал, «справядлівасьць, радасьць і супакой у Духу Сьвятым»). Вось жа і «адхлань» — гэта не зусім «той сьвет».

Колькі разоў даводзіцца чуць ад людзей, дый самому на ўласнай скуры спазнаць сытуацыю, калі «хацеў бы быць справядлівым, сумленным і добразычлівым, але ў нашым сьвеце гэта немагчыма». Менавіта. Апрача нас і нашых добрых памкненьняў функцыянуюць так званыя «структуры зла», якія робяць «бессэнсоўнымі» нашы шляхетныя ўчынкі і добрыя памкненьні. Некаторыя людзі нават дакладна так і апісваюць: «Нешта, як вір, мяне ўцягвае ў гэтую бездань зла і падману». Гэта і ёсьць адхлань.

Я асабіста глыбока перакананы, што адна зь першых краін, якую наведаў Ян Павал ІІ пасьля сваёй сьмерці, — гэта Беларусь. Беларусь зьяўляецца той краінай, у якой надзвычай высокі паказьнік «прымусовага зла».

Праўда, Ян Павал ІІ у сваім навучаньні асабліва падкрэсьліваў, што ў канчатковым пляне канкрэтныя асобы нясуць адказнасьць за існаваньне гэтых «структур зла». Напрыклад, зьбіваньне мірных дэманстрантаў толькі таму, што быў дадзены «загад зьверху», або карупцыя чыноўнікаў, бо «інакш нічога не даможашся», застаецца злом, за якое канкрэтныя асобы нясуць маральную адказнасьць. Тым ня менш, памерлы Папа добра ўсьведамляў трагізм тых асоб, якія мусяць плаціць высокую цану за вернасьць уласнаму сумленьню.

І што робіць Айцец Сьвяты падчас сыходу ў «беларускую адхлань»? Першыя словы, якія ён кіруе да беларусаў, дакладна супадаюць з тымі словамі, якія ён вымавіў на самым пачатку свайго пантыфікату: «Ня бойцеся!»

«Ня бойцеся!»

Страх — гэта ўлюбёны інструмэнт панаваньня «Князя гэтага сьвету», пра якога ідзе гаворка ў Дабравесьці. Страх быў і застаецца асновай усялякіх структур зла — даўнейшых і сучасных. Для Сталіна кожны, хто не баяўся, быў элемэнтам падазроным і небясьпечным. Для беларускага прэзыдэнта запалохваньне грамадзтва і сваіх найбліжэйшых паплечнікаў сталася цяпер умовай уласнага палітычнага посьпеху. Беларусы хацелі б ня толькі верыць «у лепшы сьвет», але й будаваць, хай сабе паволі і патроху, гэты лепшы сьвет, але… перашкаджае адхлань, сыстэма структур зла і фальшу.

«Ня бойцеся» — гэта Хрыстоў заклік, паўтораны адным зь Ягоных прарокаў. Гэты заклік, па-першае, унівэрсальны. Ён адрасаваны ня толькі да шараговых беларусаў, што схаваліся ў сваіх «норах», але таксама да «моцных гэтага сьвету», моцных гэтай краіны.

Найбольш запалоханымі ў нашай краіне зьяўляюцца ня простыя людзі, якія хочуць волі, але баяцца пра гэта заявіць, а менавіта «няпростыя людзі», якія запусьцілі аўтарытарна-рэпрэсіўную машыну.

Трагізм у тым, што гэтая «машына» надзвычай хутка ператвараецца ў жорсткага робата-тэрмінатара, які падпарадкоўвае сабе свайго стваральніка. Спадар Лукашэнка зьяўляецца сёньня закладнікам тых структур, якія ён стварыў (хаця правільней было б казаць, не «стварыў», а «падтрымаў», бо згаданыя структуры ўжо існавалі).

Цікава было б падслухаць, што Ян Павал ІІ кажа або хоча сказаць нашаму прэзыдэнту, але не сумняваюся, што ў любым выпадку гэтыя словы «ня ўпісваюцца» ў «лёгіку ціску» ці ў «лёгіку дыпляматыі» — звыклыя прынцыпы зямной палітыкі. Не сумняваюся ў тым, што Сьвятога Айца ў першую чаргу цікавіць «Лукашэнка-асоба», а не «Лукашэнка-дыктатар», і цалкам праўдападобна, што тэрапэўтычныя словы Хрыста «Ня бойся» Ян Павал II хацеў бы перадаць нашаму прэзыдэнту. Спадару Аляксандар Лукашэнка, ня бойся свабоды, сваёй і чужой. Ня бойся праўды. Ня бойся дыялёгу. І будучыня Беларусі залежыць ня столькі ад таго, ці «рэжым падзе» і калі, колькі ад таго, ці зьменіцца (і калі зьменіцца) «духоўны рэжым» беларускіх грамадзян, пачынаючы ад кіраўніка дзяржавы (хто б ім ні быў) і канчаючы намі, «шэрым электаратам».

Па-другое, згаданы заклік Хрыста мае сакрамэнтальнае значэньне, г.зн. зьдзяйсьняе тое, што выказвае. Яго дзеяньне, вядома ж, няўлоўнае для вонкавага назіральніка, тым ня менш, эфэкты гэтага дзеяньня раней ці пазьней становяцца відавочнымі. «Хай сыдзе Дух Твой і адновіць аблічча зямлі. Гэтай зямлі», «Вы мусіце быць моцнымі», «Ня бойцеся» — гэтыя словы былі асновай прапаведаваньня Яна Паўла ІІ падчас яго пілігрымак у Польшчу, калі польскі народ быў запалоханы і зьняволены. Бадай, ніхто ня ставіць пад сумнеў уплыў гэтага прапаведаваньня на падзеі ў Польшчы і ў цэлым у цэнтральна-ўсходнім рэгіёне.

«Ня плачце нада мной, плачце над сабой і над вашымі дзецьмі»

Гэтыя словы, як вядома, сказаў Хрыстос плачучым кабетам, што ішлі за ім на Галгофу і лямантавалі над ім. Думаю, што нельга, гаворачы пра памерлага Айца Сьвятога, абмінуць увагай факт амаль сусьветнага «плачу» і нельга не запытацца пра яго сэнс.

Без сумневу, плачу тут шмат, і ў простым, і ў пераносным сэнсе, так што ў многіх паўстаюць пытаньні: ці няма тут перагібу або нават якогась масавага псыхозу? Маўляў, над суданскімі дзецьмі так ня плачуць.

Вось жа плач над Папам, гэтаксама як і яго «праслаўленьне», сапраўды нярэдка выклікае пэўныя падазрэньні. Пачну, можа, ад «сэмантыкі» праслаўленьня і абагаўленьня памерлага Папы.

Памятаю сваё навучаньне ў гарадзенскай альма-матэр (духоўнай сэмінарыі). У 1998 сэмінарыйныя ўлады даручылі мне напісаць па-беларуску (!) тэкст для насьценнай газэткі пад назвай «Маё адчуваньне блізкасьці Яна Паўла ІІ» з нагоды 20-годзьдзя пантыфікату. Тэкст я ахвотна напісаў, толькі ў выніку ён быў чамусьці надрукаваны абсалютным пэтытам і павешаны так нізка, што калі хтось і захацеў бы сёе-тое пачытаць, то мусіў бы стаць на калені! Хоць, пэўна, ніхто, апрача мяне і сэмінарысцкіх цэнзараў, так і не пазнаёміўся з маім тэкстам, яго падрыхтоўка мела для мяне важнае значэньне: я ўсьвядоміў, наколькі сэмінарыйная выхаваўчая практыка далёкая ад антрапалёгіі і пэдагогікі Караля Вайтылы — Яна Паўла ІІ.

Прыйшлося тады «лагодна намякнуць» на некалькі фундамэнтальных разыходжаньняў: 1) пэрсаналізм Яна Паўла II і павага да «шукаючага сумленьня» — і ўніфармізм, упіхваньне клерыкаў у «пракрустава ложа», патрабаваньне аднолькавасьці ў гарадзенскай сэмінарыі; 2) ня толькі павага да нацыянальнай адметнасьці, але і вывучэньне розных нацыянальных моў Янам Паўлам ІІ — і прынцыповая адмова сэмінарысцкіх (тагачасных) уладаў вывучаць беларускую мову, спалучаная з пагардай да беларускай культуры, на практыцы — прымусовая палянізацыя, замацоўваньне ў беларусаў комплексу непаўнавартасьці («Wy przecież jesteście homo sovieticus», «W języku białoruskim? W pogańskim języku chcecie odprawiać Mszę świętą?»), дыскрымінацыя і выдаленьне беларусафілаў; 3) адкрытасьць Папы да розных інтэлектуальных плыняў — і дагматызм, рэакцыйнасьць і дэманізацыя сучаснасьці сэмінарысцкімі (тагачаснымі) выхавальнікамі.

Гарадзенская сэмінарыя была (за апошнія гады адбыўся пэўны зрух у лепшым кірунку) на практыцы адной вялікай кантэстацыяй вучэньня Яна Паўла ІІ; адначасна ж ніхто, мабыць, так ня кляўся ў вернасьці «Ойцу Сьвентэму» і ніхто так цкліва, з дрыготкім голасам не цытаваў малітоўнага дэвізу Папы «Totus tuus», як тагачасныя сэмінарысцкія ўлады.

Культ асобы Папы Рымскага нярэдка маскіраваў упартую нявернасьць вучэньню кіраўніка Каталіцкай царквы. Баюся, што плач над памерлым Папам такіх асоб зьяўляецца маскіроўкай абыякавасьці да духоўна-рэлігійнай спадчыны, пакінутай ім, хоць — заўжды варта мець хрысьціянскую надзею! — хочацца спадзявацца, што гэты плач будзе плачам навяртаньня, усьведамленьня змарнаванага шанцу, плачам ачышчэньня…

Плач над Папам мае розную сэмантыку: гэты плач падобны ў праявах, але розны ў значэньні. Ня варта ўсіх, хто плача, падазраваць у няшчырасьці. Ня варта закідаць ім, што меней плачуць над суданскімі дзецьмі, чымся над Папам. Памёр Сымбаль. Папа функцыянаваў як сымбаль супраціву супраць структур зла і супраціву супраць маральнага анархізму.

Сёньняшні сьвет арганічна патрабаваў і патрабуе такога сымбалю — сымбалю, які прыцягвае да сябе ўвагу, але не затрымлівае яе на сабе, а адразу ж накіроўвае гэтую ўвагу на нешта Іншае, на Некага Іншага.

Не магу забыць тае сцэны, калі падчас аднаго са спатканьняў з Папам моладзь пачала зь неймаверным энтузіязмам вітаць і ўслаўляць Пантыфіка, а ён у той момант спантанна ўзяў крыж і ўзьняў угору, даючы зразумець, што «вось Ён, вось Той, хто зьяўляецца сапраўдным адрасатам хвалы і ўшанаваньня».

Папа быў пакорным сымбалем. Гэты і гэтакі сымбаль быў патрэбен усім — і правым, і левым, веруючым і няверуючым. А найболей, можа, асобам накшталт Аляксандра Лукашэнкі ды Фідэля Кастра.

Многія крытыкавалі Папу за тое, што ён у свой час прыбыў на Кубу і падаў руку кубінскаму дыктатару. Нядаўні ліст Папы беларускаму прэзыдэнту выклікаў у дэмакратычных колах, мякка кажучы, неўразуменьне. Наіўнасьць Папы? Палітычны кампраміс?

Палітычныя аспэкты гэтых жэстаў вартыя асобнага аналізу, у дадзеным жа выпадку хацеў бы прапанаваць такую інтэрпрэтацыю: той, хто пайшоў у вязьніцу да Алі Агджы, свайго забойцы, каб сказаць яму «Прабачаю», той, які зь вялікай сілаю абвяшчаў, што «Хрыстос злучыўся з кожным чалавекам», і той, які прывык шукаць у першую чаргу дабро ў кожным чалавеку, меў — на маю думку — маральнае права і паціснуць руку Кастра, і сказаць пару добрых слоў Лукашэнку. Бо ўсё ж такі пад маскай дыктатараў хаваюцца няшчасныя твары канкрэтных людзей, якія патрабуюць Божага і чалавечага прабачэньня…

Плач мае свой сэнс, але больш сэнсу ўсё ж такі ў тым, каб зрабіць «рахубу сумленьня» і праверыць сваю герархію каштоўнасьцяў. Як сказаў адзін мой сябар, брат Яцак Дэмбскі, «гэты пантыфікат быў вялікім прапаведаваньнем Хрыстовага Дабравесьця, а цяпер надышоў момант «рытарычнай паўзы». Прарок перастаў гаварыць, каб мы мелі час на асэнсаваньне і засваеньне сказанага».

Спражэньне таямніц

…На 25 сакавіка 2005 году прыпала Вялікая Пятніца ў каталікоў. Гадзіна 15.00 — так званая «гадзіна міласэрнасьці», Хрыстос — згодна з паданьнем — а гэтай гадзіне паміраў на крыжы.

25 сакавіка — гэта таксама дзень Дабравешчаньня, дзень Уцелаўленьня Божага Сына. 25 сакавіка — Дзень Волі ў беларусаў… Нейкае нечаканае «спражэньне таямніц». Уцелаўленьне (пачатак зямнога жыцьця Хрыста), Укрыжаваньне (канец зямнога жыцьця Хрыста), Божая Міласэрнасьць і Воля беларусаў як быццам спляліся ў адно…

25 сакавіка 2005 году каля 15.00 жменька беларусаў выйшла на вуліцы Менску, каб «рабіць рэвалюцыю». Дакладна ў гэты ж момант Айцец Сьвяты Ян Павал ІІ сузіраў у малітоўным засяроджаньні вобраз укрыжаванага Хрыста… Тады, у тыя далёкія гады, тысячы людзей зьвязвалі з Хрыстом спадзяваньні на палітычнае вызваленьне. А было ад чаго — ад рымскай акупацыі, ад элінізацыі, ад страты рэлігійнай і этнічнай самабытнасьці. Укрыжаваньне Хрыста сталася шокам і свайго роду «паразай рэвалюцыі».

Укрыжаваны Госпад-Хрыстос прапануе больш амбітны плян — рэвалюцыю праз духоўнае аднаўленьне. Тое, ці будуць беларусы праслаўляць Яна Паўла ІІ, ці ня будуць, ня так і важна. Важна тое, ці зьвернуцца беларусы да Таго, на каго гэты Папа ўказваў усім сваім жыцьцём і ва ўсіх сваіх прамовах. Ці пачуюць беларусы словы Хрыста, гавораныя вуснамі Яна Паўла ІІ: «Ня бойцеся», — ці застануцца пад магічнай уладай слоў свайго прэзыдэнта, які амаль безупынна гаворыць: «Бойцеся, бойцеся, бойцеся», — вось што важна. Ад гэтага залежыць наша адраджэньне і зьмёртвыхпаўстаньне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0