Мэры В. Маршал Фінляндыі Карл Густаў Манэргейм.

— Менск: ІП «Колас», 2004.

Дзьве адметныя рысы адрозьнівалі Манэргейма ад іншых расейскіх афіцэраў: ён паліў цыгары і нават на вайне аддаваў загады, пачынаючы зь ветлівай формулы накшталт: «Ці не зрабілі б вы мне паслугу…» — што было не прынята ў расейскай арміі.

Вэё Мэры піша, што на ўсіх здымках маршала можна заўважыць, што ў яго былі сумныя вочы. Гэта позірк чалавека, які ўсьведамляе наканаванасьць людзкога існаваньня, таямніцу жыцьця ды непазьбежнасьць сьмерці і ведае, што такое самота. Таму гэтая кніга ня толькі пра «бацьку» фінскае дзяржавы ды адзінага ў гісторыі Фінляндыі маршала, але і пра заваёўніка жаночых сэрцаў, конезаводчыка, дасьледчыка Ўсходу, фатографа, выдатнага наезьніка, удзельніка першага ў Расеі матчу па пола. Нават пасьля безьлічы агучаных падрабязнасьцяў зь сямейнага жыцьця ягоны вобраз — стваральніка незалежнай Фінляндыі — ніколькі не паблякне.

Карл Густаў Эміль Манэргейм (1868—1951) быў нашчадкам старадаўняга купецкага роду, што трапіў у XVI ст. у Швэцыю праз Галяндыю. А ўжо прадзед маршала перабраўся ў Фінляндыю. Гэта ён узначальваў фінскую дэлегацыю на сустрэчы з Аляксандрам І у 1808 г. — калі вырашалася пытаньне аб далучэньні да Расеі і аўтаноміі. Карл Эрык заявіў тады, што дэлегацыя прадстаўляе законапаслухмяны народ, верны свайму валадару. Праўнук праз стагодзьдзе вярнуў фінам незалежнасьць.

Пачатак жыцьцёвага шляху Карла Густава Манэргейма нагадваў шлях бацькі: нешчасьлівы шлюб, разарэньне. Пасьля была служба ў гвардзейскім палку. Паехаў на расейска-японскую вайну, шукаючы сьмерці пасьля чарговых праблем у асабістым жыцьці. Але, некалькі разоў паранены, выжыў.

У 1906—1908 г. Манэргейм вяртаецца на Ўсход, гэтым разам зьдзяйсьняючы дасьледчыцкае падарожжа па Цэнтральнай Азіі. Гэта была місія даведацца, у якой ступені тамтэйшыя народы схільныя да супрацоўніцтва з Расеяй. У ёй Манэргейм выявіўся як бліскучы апавядальнік і этнограф. В.Мэры параўноўвае Манэргейма зь песьняром Усходу Кіплінгам. Праўда, фінскі генэрал ніколі не чытаў мастацкае літаратуры — лічыў гэта марнаваньнем часу. У ім загінуў добры празаік, але выгадаваўся выдатны палкаводзец.

Потым была сусьветная вайна, чатыры Георгіеўскія крыжы. Тры дзесяцігодзьдзі Манэргейм служыў Расеі. Падпольная газэта пасіўнага супраціву «Фрыя орд» у 1906 г. нават надрукавала чорны сьпіс фінаў, якія працягвалі верай і праўдай служыць самадзяржаўю. Сярод іх было імя Манэргейма. Усё зьмяніў 1917 год. Манэргейма, які не прыняў ураду Керанскага, адпраўляюць у рэзэрв. 18 сьнежня 1917 г. ён вяртаецца ў Хельсынкі і за лічаныя месяцы праходзіць шлях ад манархічна настроенага афіцэра да барацьбіта за незалежнасьць Фінляндыі. І такой бяды, што фінскай мовы Манэргейма пакуль не разумелі памежнікі.

Прыехаўшы ў Хельсынкі, Манэргейм апынуўся ў патрэбным месцы ў патрэбны час. Двума тыднямі раней Фінляндыя абвясьціла незалежнасьць, аднак бараніць яе не было каму. Усе твары зьвярнуліся да будучага маршала. Створанае на захадзе дзяржавы войска пад ягоным умелым кіраўніцтвам ачысьціла Фінляндыю ад чырвоных. Але ажыцьцявіць яшчэ адну мару — вызваліць Петраград ад бальшавікоў — Манэргейм ня здолеў: умяшаліся немцы са сваім Берасьцейскім мірам. Нянавісьць да немцаў ён захаваў на ўсё астатняе жыцьцё, нават калі ў часе Другое сусьветнае вайны давялося зь імі цесна супрацоўнічаць.

Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0