Што мы атрымалі ад «вяртаньня клясычнага правапісу»?

Раскол у беларускай супольнасьці. Украінцы паступілі мудрэй, ня ставілі правапіснае пытаньне папярод цягніка. І прасунуліся нашмат далей у нацыятварэньні. Трэба спыніць раскол у беларускай супольнасьці, мяркуе наш чытач з Горадні Юры Тарасевіч.

Захапленьне «рэпрэсаваным» правапісам Тарашкевіча ў канцы 1980-х — пачатку 1990-х было зразумелай рэакцыяй на вызваленьне ад таталітарызму, хоць і было зафарбавана нігілізмам. Аднак пазьней прынцыповае супрацьпастаўленьне «тарашкевіцы» і «нетарашкевіцы», якое тарнавалася часткаю адраджэнскага руху, учыніла дадатковы падзел у супольнасьці і не стварыла ніякіх пэрспэктыў, што маглі б «акупіць» шкоду.

Сапраўды, якія нацыянальныя беларускія праблемы разьвязвала б гіпатэтычнае ўвядзеньне «рэфармаванага клясычнага правапісу»? Што гэта наагул такое, па-за відавочнымі фармалізмамі «мяккага знаку» і «правапісу запазычаньняў»?

Само азначэньне «клясычны» — навасказ, «укінуты» ва ўжытак ля 2000 г. Перад тым артаграфію называлі «тарашкевіцай», «дарэформавай» і нават «беларускай мовай… Купалы, Гарэцкага, Луцкевіча… без уліку пастановы СНК… 1933» («Свабода», студзень 1991).

Прыгадаем, што пасьля 1918 г. у нас не было іншых ліній разьвіцьця правапісу, апроч тарашкевічавай, што і 1933 г., і 1959 г., і апошні «праект» — усе выводзяцца з працы Карскага і афармленьня Тарашкевіча 1918 г., усе дастаткова блізкія да гэтай асновы.

Таму ўсе «нэатарашкевіцы», што зьяўляюцца цягам пятнаццаці гадоў, грунтуюцца на правапісе ўзору 1959 г. і што як што, а «мяккі знак» і «правапіс запазычаньняў» дадаюць абавязкова (рэшта — паводле густу галоўнага рэдактара або карэктара). Якраз такая сытуацыя мусіла б насьцярожыць, але не туды тое.

Але, можа, нам прапануюць нешта дужа патрэбнае? Калі і даюць нейкія аргумэнты, то, па-за ярлыкамі («русіфікацыі» і «камуністычнасьці»), заўсёды пачынаюць і канчаюць на «фанэтычнасьці».

* * *

О, сьвятая Фанэтычнасьць! Ці не зашмат «носяцца» ў нас зь ёю, ці не зашмат ёй пашаны, зважаючы, што ад самага 1918 г. гэта невычэрпная крыніца спрэчак і звадаў? Тады спрачаліся, як пісаць «не», і ў кожнага выходзіла правільна паводле фанэтыкі. У 1926-м ізноў спрачаліся, як пісаць «не», і кожны меў рацыю, зноўку паводле яе. Цяпер хочуць пісаць «мэдЫнстытут», і што б вы думалі? Гэта пацьвярджаецца беларускай фанэтыкай! А ці не зашмат правілаў, якія мелі б улічваць штосьці, што часта існуе выключна ў разуменьні таго, каму цікавае зацьвярджэньне «ўлюбёнага» правіла? Прытым што ўласна «фанэтычны прынцып» будовы правапісу ніхто ў нас не адбіраў; прытым што поўная фанэтычнасьць дасягальная хіба толькі ў Міжнародным фанэтычным альфабэце, усякі ж іншы запіс жывога маўленьня абавязкова трымаецца на ўмоўнасьцях, кампрамісах.

«Забываюцца», што ніяк не ўдаецца вымавіць «фанэтычна правільнае» слова, якое іншы мог бы пачуць і запісаць, без адзіных вывучаных правілаў вымаўленьня. І такім непатрэбным выглядае ўпісваць паўсюль кастыль — мяккі знак ці пісаць два гукі пяцьцю літарамі. Добрая фанэтычнасьць! А пра гэта ж казалі калісьці Ластоўскі і Лёсік (цяпер пра гэта «ня памятаюць»).

А няхай бы адкрыта казалі сёньняшнія рупліўцы «асыміляцыйнай мяккасьці» (і цьвёрдасьці) — маўляў, наша эстэтычнае пачуцьцё ёсьць мера ўсіх рэчаў, нам больш падабаецца пісаць запазычаныя словы як мага далей ад расейскага варыянту, нам маніцца хутчэй вярнуцца ў «культурнае ўлоньне Эўропы» (быццам туды ўваходзяць з дапамогаю правапісу).

* * *

Урэшце, час сказаць і пра вяроўку. Вымаўляюць ужо даўно — ня так. Гаворак, апісваных Карскім, — няма. Войны, акупацыі, пазьней — тэле-радыё-кіно. Калі «ісьці за народным маўленьнем», то напэўна ня можа быць ніякіх «мЭдЫнстытутаў».

І што тут за дзіва? 70 гадоў беларускае школьніцтва і вышэйшая адукацыя працуюць паводле «новага» правапісу — а гэта тры пакаленьні. Тое самае — беларуская літаратура (і Быкаў, і Караткевіч). Тое самае — беларускія кнігі і прэса (мо зьдзіўлю каго — «НН» далёка ня ўся беларуская прэса). Іначай кажучы, калі пераважная большасьць цяпер і ведае (ведала) які правапіс, то «новы», калі ў беларускай мове і літаратуры існуе хоць якая пасьлядоўнасьць, традыцыя, то яна аформлена ў «новым» правапісе.

Гэта можа не падабацца. Неразумна не лічыцца з гэтым. Урэшце, гэта трэба прымаць як факт. Змаганьне з фактамі — ці не найгоршае, што мы маглі б цяпер чыніць.

І вось што мы ўжо цяпер, яшчэ да ўсіх увядзеньняў, атрымліваем ад кампаніі па «рэстаўрацыі ісьціннага правапісу»? Раскол у беларускай супольнасьці.

Зрэшты, ніхто з прапагандуючых ня мае насамрэч намеру лічыцца зь нейкім там «народным выбарам», бо «важна тое, што выбіраюць эліты» (напрыклад, свабодаўская перадача за 18 верасьня).

Цікава, што аб’ектыўна тут супадаюць інтарэсы як актывістаў «вяртаньня клясычнага правапісу», так і тых сілаў цемры, зь якімі яны быццам змагаюцца. Схізма, аўтаркія і зьнікненьне беларускай супольнасьці цалкам задавальняюць як суседзяў зьлева і справа, так і ўласныя (баюся, самазваныя) «эліты». Цікава таксама, што ўсё, што пры гэтым патрабуецца ад «непрыяцеляў», — не замінаць, а нават трошкі заахвочваць.

І калі нашым правадырам заманваецца, што, «калі мы прыйдзем да ўлады, адразу паставім пытаньне правапісу на дзяржаўным узроўні», то гэта стала б апошняю саломінай, але ня той, за якую хапаецца тапелец, а тою, якая дарэшты ломіць сьпіну.

Урэшце, калі б менавіта ў нашай супольнасьці меліся здольнасьці чыніць дзяржаўны прымус у такіх маштабах, то мы сёньня не знаходзіліся б там, дзе знаходзімся. Але гэта тэма ўжо для іншай гутаркі.

* * *

Калі адхіліць «мяккі знак» і «правапіс запазычаньняў», то на цэлы «асобны правапіс» аніяк не набіраецца матэрыялу. Трэба адкінуць фанабэрыю й сыстэматычна працаваць над тымі праблемамі, якія сапраўды нас мучаць.

Бо вядома — такія праблемы ёсьць! Але тыя выйсьці, якія так ёміста акрэсьлены, напрыклад, у лісьце сп.Каляды ў адным са студзеньскіх нумароў «НН», вядуць у багну.

Калі гаворка пра выйсьці для ўсёй супольнасьці, то не абысьціся без прызнаньня легітымнасьці тройчы клятага Інстытуту мовазнаўства. І, магчыма, давядзецца абысьціся (о жах!) нават без пэрспэктывы займець «помнік самому сабе».

Што ж, як казалі нашы славутыя землякі, «pro publico bono»?

Юры Тарасевіч, інжынэр-інфарматык, Горадня

Ад Рэдакцыі

Спадар Тарасевіч працягвае спрэчку, якая сваёю зацятасьцю дараўноўвае рэлігійным. Гэта трохі нагадвае Візантыю, дзе таксама працягвалі спрачацца над тонкасьцямі разуменьня Хрыстовае багасутнасьці, калі небясьпека навісла над самой артадаксальна-хрысьціянскай цывілізацыяй. Пазыцыя «НН» — не пара мяняць нешта ў правапісным статус-кво, а тым больш канчаткова вырашаць пытаньне правапісу. Гэта можа адбыцца толькі ў дэмакратычнай Беларусі, рашэньнем аўтарытэтаў, без палітычнага ціску. Пагатоў што ёсьць выданьні, дзе паралельна друкуюцца тэксты ў розных правапісах, і гэта нікому, здаецца, не абцяжарвае чытаньня.

Зь іншага боку, ці выстаяла б традыцыя грэцкай царквы калі б не адзінства ў пытаньнях веры? У нашым выпадку — калі мы ня вызначыліся, які правапіс «праваслаўны».

Нешматлікасьць выданьняў, якія трымаюцца клясычнага правапісу, адсутнасьць навучальных установаў, што перайшлі б на яго, дый непапраўная зацяжка з стварэньнем Зводу яго правілаў (патрэбны ён быў у сярэдзіне 1990-х) дадаюць козыраў скептыкам у дачыненьні да яго пэрспэктываў. Трэба гэта прызнаць. Сьціхлі ідэолягі «вяртаньня правапісу зьнізу» — маўчаць Вячорка, Дубавец. Даўно не выступалі яны з публікацыямі на правапісныя тэмы. А ідэалягічна блізкі да іх часопіс «Дзеяслоў» карыстаецца сваім наватворным, напаўклясычным правапісам.

Зь іншага боку, беларускамоўны Інтэрнэт масава карыстаецца клясычным правапісам (калі там увогуле трымаюцца нейкіх правілаў). Гэта факт, і важны факт. Выпадкаў, каб беларускамоўныя трымаліся, як за багасутнасьць, за наркамаўскі правапіс, дужа мала.

Для расейскамоўных беларусаў правапіс «зь мяккімі знакамі» застаецца — тут спадар Тарасевіч мае рацыю — нечым нязвыклым і нават чужым. Калі мы думаем пра нацыянальнае адзінства і нацыятварэньне, гэта таксама фактар, які мусім улічваць.

Урэшце, плюралізм абавязвае. Раз сп.інж.Тарасевіч лічыць важным актуалізаваць моўную праблему, мы друкуем ягоны ліст. Чакаем рацыянальных водгукаў. Просім: без заўзяцьця. Не дзялімася.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0