Сіні дызэль «Гомель—Гомель»

Палянэз Агінскага

Глядзі, глядзі, захоўвай у падкорцы,

зьбірай начных кашмараў плён:

сквэр у зялёнай пыльнай абалонцы

ды бруку штучнага палон,

трамвайны звон, машын гудзеньне,

дарожны знак — як знак бяды —

сталіцы сьціплае адзеньне

ў мазгох захоўвай назаўжды! —

каб апраўдаць свае пакуты

гадоў на сорак напярод:

як набярэш маўчаньнем скуты

чужынскай мовы поўны рот —

на ўласную сваю патрэбу;

калі вісецьмеш на крыжы —

каб вочы закаціць да неба

і патлумачыць: «Nostalgie»!

Comment t’appelles-tu?*

Як дзяцел, пытаньне скроні дзяўбе,

і сон не нясе збавеньня:

як магу я паклікаць цябе,

калі ты ня маеш найменьня?

Перапляценьні гукаў ды слоў,

марскія вузлы парафразаў…

Як зьменяцца шыфры тваіх адрасоў —

адкуль я чакацьму адказаў?

…Ляпілі, бы з гліны, далонямі зь цемры

ляпілі гарачыя нашыя целы,

дзьве розныя мовы мы зблытвалі ў роце,

каханьнем душылі, нібы на гароце,

мільёны разоў — хто там зараз падлічыць?

Забылі спытацца: «А як цябе клічуць?..»

Як гукаізаляцыйнае шкло —

варожая родная мова…

Нам кажуць: слова спачатку было.

Я ведаю: слова спачатку было!

Даруйце… Якое слова?

Гомельскія абліччы

1. Гомель

Гомель. Чорна-белы, голы —

нэгатыў фотавыявы —

існуе халодны горад

на памежжы сну і явы.

Напрадвесьні азалелы,

стыне Гомель апусьцелы,

і халодныя залевы

мыюць гарадзкое цела.

Твар падняў да неба Гомель,

дрэвы працягнуў ў сінечу,

і празрыстая галеча

зачапілася за гольле.

Апраметная ці вырай?

Безуважны, гонкі, горды,

з-пад зямлі да неба вырас

чорна-белы голы горад.

Скрозь прадзьмуты ветрам Гомель

і паводкамі прамыты,

існуе бязьлюдны горад

на мяжы жыцьця й нябыту.

…Горад, як зьмяя, абгорне

сіні дызэль «Гомель—Гомель»…

2. Вольны горад

Ён гарадзкіх муроў пакінуў межы,

ён зьліўся зь вёскамі, заблытаўся ў лясох,

набраў паветра, выхукнуўшы смог,

заводаў коміны ператварыў у вежы.

І, каб унікнуць гарадзкой тугі,

урбанізацыі, што ціснула да болю,

аўтамабіляў рух ён запаволіў,

аслабаніў чыгункі ланцугі.

Ён запусьціў на вуліцы кароў,

зарос травой — і ўсё яму замала!

Каб сон яго нішто не турбавала,

пачаў ён выштурхоўваць жыхароў.

…Калі пытаюць: «Гомель — гэта дзе?» —

з пагардаю амаль непрыхаванай,

я ўзгадваю зьнянавідны, каханы —

свой родны горад, хворы на людзей.

3. Шпацыр

Вулкі віюцца, кружацца,

брукаваныя, вузкія,

перацякаюць у вуліцы:

Маскоўская — у Беларускую,

Партовая — у Падгорную…

Вулка да вулкі туліцца…

Гомель цябе абгортвае

у павуціньне вуліцаў,

і пыл пад нагамі курыцца:

вулка, завулак, вуліца…

Слабада, Залінейны,

Прудок і Кагальны роў…

Выходзіш на плошчу Леніна

ад манастырскіх муроў

у гораду абдыманкі,

у гомельскіх вуліцаў вір,

і топча абцас брукаванку,

асфальт, ці то пыл, ці то жвір,

пакуль галава не закружыцца

ад водавароту вуліцаў,

бульвараў, праспэктаў, вулак…

Гомель — мурашнік, вулей…

А калі галава закружыцца —

спыніся пасярод вуліцы,

прыгадай, дзе стаіш:

гэта — rue¹ , а ня вуліца!

Гэта ня Гомель — Парыж!

4. Горад-агарод

Мой горад — гэта агарод.

Жыве ён ззаду напярод.

Віруе ўночы, сьпіць удзень.

Мой горад хворы на людзей.

Мой горад — гэта агарод.

Ў ім час цячэ наадварот.

За агароджаю — сьцяна.

На даляглядзе — даўніна.

Мой горад — гэта агарод.

Руйнуеш плот — і бачыш плот.

* * *

Калі у кола час замкне,

пасьпею крыкнуць: «Не мяне!»

* Як цябе клічуць? (фр.)

¹  вуліца (фр.)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0