Сорак дзён таму, 10 сакавіка, на 95-м годзе жыцьця памёр заслужаны настаўнік Беларусі Апанас Цыхун.

Ён належаў да тых нямногіх старых інтэлігентаў зь беларусаў-заходнікаў, што назаўсёды засталіся часткаю Горадні. Пісьменьнік Аляксей Карпюк, акадэмік-мэдык Юры Астроўскі, кампазытар-песеньнік Аляксандар Шыдлоўскі, настаўнік Сяргей Дрозд… Іх лучыла па-сялянску ўпартая працавітасьць дзеля карысьці свайго краю ды людзей і гэткая ж беларускасьць.

Апанас Цыхун, не зважаючы на зьмены розных рэжымаў і адпаведныя ідэалягічныя зыгзагі, спакойна і ўпэўнена рабіў сваю справу жыцьця. Вучыў школьнікаў шанаваць роднае і па крупінках зьбіраў мясцовую спадчыну — дыялекты, тапонімы, фальклёр, зьвесткі пра мінулае розных этнасаў у рэгіёне, пра яго вядомых людзей. І яшчэ стварыў музэй Я.Карскага ў яго вёсцы Лаша, што непадалёк ад роднай Цыхуну Кунцаўшчыны (Гарадзенскі раён). Гэты школьны музэй праіснаваў з 1964 да 1977 году, пакуль не абязьлюдзела малая радзіма акадэміка-беларусазнаўца.

Ён меў добрае пачуцьцё гумару і моцны зарад жыцьцядзейнасьці. Зычліва ставіўся да людзей. У сваім доміку на драўлянай ускраіне Горадні шчыра радаваўся прыходу і маладога, і старэйшага. Любіў частаваць мёдам з уласных вульляў, пайграць на скрыпцы, выпіць з госьцем добрую чарку, засьпяваць беларускую песьню. Яго любілі.

Незадоўга да яго скону я зайшоў у добра вядомую хату. Прынёс нумары «Нашай Нівы» зь яго вершамі і здымкі зь яго апошняй вечарыны. Яму ўжо цяжка было гаварыць. Я па некалькі разоў прачытаў надрукаваныя вершы. Даў у рукі здымкі, у якія ён доўга-доўга ўзіраўся. Пра што думаў 94-гадовы мудрэц, якога ўзгадавала заходнебеларускае вяскова-гарадзкае сумежжа зь яго традыцыйнай народнай культурай? Мусіць, гледзячы на сяброў і паплечнікаў на здымку, разьвітваўся і азіраўся ў сваё, далёкае. Яно ж у кожнага асобнае. Аднак пры тым і супольнае зь людзьмі, блізкімі па духу. Бацькаўшчына ж — адна.

Аляксей Пяткевіч, прафэсар Гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Я.Купалы, пісьменьнік.

Патрыярх прынёманскага краю

Гэтым разам спадар Апанас патэлефанаваў сам.

— Зайдзіце, калі будзеце мець магчымасьць. Нешта нездаровіцца…

Раніцай 23 студзеня адчыняю брамку варот на падворышча хаты гаспадара. Сустрэчы дамагаўся я сам. На адным з круглых сталоў, прысьвечаных юбілею Зоські Верас, сп.Цыхун казаў пра свае краязнаўчыя здабыткі. Многія матэрыялы ўбачылі сьвет у розныя гады ў мясцовым друку. Іншыя чакалі сваёй апрацоўкі.

Вырашылі, што аддамо рукапіс у кампутарны набор, а гаспадар тым часам зоймецца апрацоўкай сваіх допісаў.

…І вось падрыхтаваны да вёрсткі тэксты дзьвюх кніг. Са зборнікам вершаў ніякіх праблем, а з краязнаўчым атрымалася не зусім так, як хацелася. Яўна напрошвалася кампаноўка па разьдзелах — уласна краязнаўчыя артыкулы, апавяданьні, артыкулы пра самога аўтара — рэцэнзіі і анатацыі на яго творы, інтэрвію зь ім, развагі навукоўцаў, допісы чытачоў. Яшчэ адзін блёк склалі пісьмы да сп.Апанаса. Яму дасылалі лісты Васіль Быкаў, Янка Брыль, Ніл Гілевіч, Барыс Кіт, Рыгор Барадулін… Таму я і прыйшоў.

Гаспадар быў бяз гальштука, у баваўнянай кашулі. Звычайна «на людзі» ён выбіраўся толькі ў гарнітуры. Але можна зразумець — дома. Гаварылі, спадар Цыхун падбіраў фатаздымкі. Я разьвітаўся. Сп.Апанас стаяў ля акна і задуменна глядзеў на падворак амаль празрыстымі ад часу вачыма. Праз 45 дзён ён памёр.

Антон Лабовіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0