У сераду адбыліся шэсьць зь сямі матчаў дванаццатага туру чэмпіянату Беларусі па футболе. Гульня між салігорскім «Шахцёрам» і жодзінскім «Тарпэда» была перанесеная на жнівень праз удзел «гарнякоў» у Кубку Інтэртота.

Хатні матч з «Гомелем» стаў першым на пасадзе галоўнага трэнэра «Дарыды» Ўладзімера Курнева. Зразумела, што гульні ад сваёй каманды настаўнік відавочна не чакаў. Непрыемнасьці для «мінэральных» пачаліся ўжо на восьмай хвіліне, калі з поля быў выдалены абаронца Антон Рабцаў. Пасьля гэтага Кобец двойчы выкарыстаў перавагу ў складах, а яшчэ пазьней у браму «Дарыды» пачало залятаць усё што туды ляцела. На 64-ай хвіліне лік стаў 0:7. Здавалася б яшчэ крышку і лічбы на таблё стануць двухзначнымі, але «дарыдаўцы» змаглі сабрацца і адыграць два галы – 2:7. Такога буйнога паражэньня ў сёлетнім чэмпіянаце яшчэ не было.

Цяпер «Дарыда» разам зь «Менскам» замыкае турнірную табліцу. «Месьцічы» ж у сваю чаргу прайгралі ў «Нёману» 1:3, дзякуючы гэтай перамозе гарадзенцы выйшлі на другое месца.

Турнірную ж табліцу працягвае ўзначальваць БАТЭ. Барысаўцы дома, дзякуючы двум галам Генадзя Блізьнюка, перамаглі «Дняпро» - 2:0.

Астатнія матчы туру прынесьлі наступныя вынікі: «Смургоні» – «Дынама» (Менск) 0:1, «Віцебск» – МТЗ-РІПА 0:0, «Дынама» (Берасьце) – «Нафтан» 0:0.

Турніраная табліца пасьля дванаццаці тураў выглядае наступным чынам: БАТЭ – 30 пунктаў, «Нёман» – 23, МТЗ-РІПА – 22, «Гомель» – 21, «Тарпэда» – 20, «Шахцёр», «Дынама» (Менск) – па 15, «Смургоні» – 14, «Віцебск», «Дынама» (Берасьце) – па 13, «Нафтан» – 12, «Дняпро» – 10, «Дарыда», «Менск» – па 8.

Найлепшы бамбардзір Раман Васілюк («Гомель») – 15 галоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?