Род Нямцэвічаў сабраў у сваім маёнтку пад Берасьцем унікальную калекцыю дакумэнтаў, карцін, прадметаў. У 1915 годзе, перад прыходам немцаў, гружаны гэтым скарбам абоз рушыў у эвакуацыю і… растварыўся. Зьнік і ўнікальны альбом акварэляў і малюнкаў з працамі Леанарда да Вінчы й Антоніса ван Дэйка. Сьлед страчаных скарбаў прасачыў краязнавец Анатоль Гладышчук.
Леанарда ў Скоках
Апошні, хто працаваў у архівах Нямцэвічаў і бачыў іхную мастацкую калекцыю, быў дасьледчык сямейных архіваў Аляксандар Краўсхар. У 1913 г. ён пасьпеў да пачатку вайны выдаць у Варшаве й Кракаве кнігу «Крохі мінулага».
Працуючы ў скокаўскім маёнтку, дасьледчык быў абмежаваны ў часе, таму асноўную ўвагу ўдзяліў аўтографам славутых тагачасных дзеячаў культуры й палітыкаў ды альбому акварэляў і малюнкаў, сабраных Юльянам Урсынам Нямцэвічам. Краўсхар нібы меў нейкае прадчуваньне — ён зрабіў некалькі фотарэпрадукцый. У альбоме былі зьмешчаны і партрэт нямецкай мастачкі, прадстаўніцы клясыцызму Ангелікі Каўфман (1741—1807), і арыгінальны малюнак славутага аўстрыйца Ягана Баптыста Лямпі (1751—1830), і, магчыма, адзіны ў сьвеце партрэт паэта Дзіянісія Княжніна, аўтапартрэт выбітнага віленчука Яна Рустэма.
Гвозд альбому — буйны плян пажылога мужчыны рукі Антоніса Ван Дэйка і эскіз Леанарда да Вінчы. Геніяльны італьянец пастаянна распрацоўваў наватарскія мэтады падрыхтоўчага малюнку — вынікі назіраньняў у перадачы мімікі твару, зьвяртаючыся нават да гратэску. Магчыма, адзін з такіх эскізаў і трапіў у калекцыю Нямцэвіча.
Ёсьць у альбоме і рэпрадукцыя акварэлі невядомага аўтара канца XVIII ст. — гэта адзіны вядомы малюнак, які дае прасторавае ўяўленьне пра пабудаваную Марцэліем Урсынам Нямцэвічам у Скоках сядзібу. Гэты маёнтак адлюстраваны яшчэ зь вежамі-алькежамі па бакох, якія потым перабудуе ягоны ўнук. На пярэднім пляне — галяндзкі млын. Ад яго засталіся адно валуны і алея зь ліпамі, што мэтадычна зьнішчаецца барбарамі-сучасьнікамі.
Адлюстраваны на акварэлі касьцёл зьнішчалі двойчы. Спачатку зімой 1939 г. чырвонаармейцы зруйнавалі фамільную скрыпту — «сацыяльна небясьпечны аб’ект». Пры канцы 1950-х быў зьнішчаны й сам касьцёл. Малады хлопец, што «спрычыніўся» да разбурэньня, сарваўся зь ягонай вежы, але здолеў прабегчы ў сьмяротнай агоніі тры кілямэтры да найбліжэйшага тэлефона. Гаспадарлівы калгас дашчэнту разабраў цэглу на кароўнік, а ў крыпце зрабілі сховішча для яблык. Вяскоўцы аднесьліся да былых гаспадароў па-людзку. Парэшткі Нямцэвічаў былі ашчадна перапахаваныя за касьцёлам.
Фатальная эвакуацыя
У другой палове ХІХ — пачатку ХХ ст. Скокамі кіравалі Ян Цітус і Ян Урсын Нямцэвічы. Ян Цітус — маршалак гарадзенскай шляхты й тайны дарадца ў Расейскай імпэрыі — заклаў у маёнтку адзін зь першых конезаводаў у імпэрыі. Ягоны сын Ян Урсын атрымаў выдатную сельскагаспадарчую адукацыю ў Бэльгіі і працягнуў справу бацькі. На пачатку ХХ ст. у Скоках налічвалася пад трыццаць статкавых кабыліц ангельскай пароды. Жарабяты прадаваліся загадзя, яшчэ да нараджэньня, па 2300 рублёў. «Мармур» на ўсерасейскіх скачках узяў галоўны прыз — 40 тыс. рублёў.
Берасьцейская Аркадзія хутка скончылася.
Улетку 1915 г. кайзэраўскія войскі пачалі наступ на Ўсходнім фронце. Нішто не павінна было застацца ворагу. Расейскае войска, адступаючы, зьнішчыла фарты Брэст-Літоўскай крэпасьці, а разам зь імі ўсё, што магло прыдацца ворагу. Перадавыя нямецкія часьці, што ўвайшлі ў горад, жахнуліся: суцэльнае мора агню. Берасьця як места ня стала. Аналягічны лёс чакаў і Скокаўскі палац, але яго выратавала жонка Яна Ўрсына — Зоф’я, якая дабілася ад камандзіра казацкай дывізіі «слова гонару», што палац ня будзе ўзарваны. Толькі пасьля гэтага яны з мужам пакінулі Скокі, дзе ўжо не заставалася нікога. Паны выехалі ў Ялту, а вялікі абоз з элітных коней, гружаны сямейнымі рэліквіямі, карцінамі, дакумэнтамі, у тым ліку архівам Берасьцейскага трыбуналу, рушыў у Калугу, дзе і… растварыўся ў часе рэвалюцыі.
Культурны быў прынц
Пасьля сыходу гаспадароў у 1915-м апусьцелы Скокаўскі палац аблюбавала нямецкае камандаваньне. Тут да восені 1918 г. знаходзілася рэзыдэнцыя баварскага прынца Леапольда, камандуючага Ўсходнім фронтам. Прынца задаволіла ўсё: апартамэнты, цішыня, блізкасьць да чыгункі, побач Белавеская пушча, дзе ладзіліся паляваньні. Гэта быў стары й культурны пан, казаў С.У.Нямцэвіч. Перад эвакуацыяй са Скокаў увосень 1918 г. ён загадаў адшукаць гаспадароў, каб вярнуць маёнтак у поўнай захаванасьці. Але ўладальнікі былі далёка ад Беларусі, а гаспадарыць засталіся кайзэраўскія салдаты, цалкам разграбіўшы маёнтак. Паводле сьведчаньняў відавочцаў, падчас прачысткі аднаго з комінаў натрапілі на замураваную мэталічную скрыню. Што было ў скрыні, так і застанецца яшчэ адной таямніцай Скокаўскага палацу.
Знойдзены скарб
Чаму маёмасьць маёнтку паехала пад Калугу, адказаць адназначна складана, так разьмяркоўваліся агромністыя плыні бежанцаў з нашых краёў. Там, у Калузе, у час пасьлярэвалюцыйнага бязладзьдзя, у 1918 годзе былі створаныя фонды Губэрнскіх музэяў, куды й траплялі эвакуяваныя й канфіскаваныя каштоўнасьці. Частка карцін трапіла ў губэрнскі музэй Калугі, які ў 1922 г. перадаў 23 карціны Гістарычнаму музэю. Празь некалькі гадоў па просьбе ўраду БССР пяць партрэтаў перадалі ў Гарадзенскі гісторыка-краязнаўчы музэй. Пра гэта ў 1999 г. у беларускім зборніку «Вяртаньне» напісаў Васілі Пуцко, супрацоўнік музэю ў Калузе. У 1936 годзе зь невядомае прычыны вялікая частка карцінаў з гэтага сьпісу была выключаная з фондаў, частка партрэтаў на просьбу беларускага ўраду трапіла ў Гарадзенскі музэй. Партрэт Марцэлія Нямцэвіча з скокаўскай сядзібы, які вісеў у абедзеннай залі, дагэтуль упрыгожвае музэй Калугі…
Так расьцярушыліся скарбы, якія мусілі б належаць Беларусі.
У 1989 г. гарадзенскімі памежнікамі быў знойдзены скарб.
Адзін з нашчадкаў, Вітольд Нямцэвіч, зрабіў выснову, што сярэбраныя булавы й кубкі адносяцца да былой скокаўскай калекцыі. Паводле сьведчаньняў Станіслава Ўрсына Нямцэвіча, у маёнтку Цяцераўка на Гарадзеншчыне былі закапаныя два срэбныя кубкі, адзін зь якіх з манэтамі быў падораны ягонаму брату Ежы, а сярэбраная булава — Андрэю У.Нямцэвічу (1640), стольніку віцебскаму.
Нешта зь нямцэвіцкай спадчыны трапіла ў Польшчу, большасьць беззваротна зьнікла. Няма ніякіх зьвестак і пра альбом акварэляў ды малюнкаў.
■
Скокі-2015
Былы маёнтак Нямцэвічаў Скокі маглі б стаць адным з упрыгажэньняў Берасьця. Гэтаму спрыяе ня толькі маляўнічая рака Лясная з прыгожымі паплавамі, але й захаваны стары гасьцінец.
Давайце памарым… Стары гасьцінец выводзіць цябе да найбуйнейшага ў Беларусі поля для гольфу — улюбёнай забавы беларускай сярэдняй клясы. Гасьцінец упіраецца ў старажытную цагляную калёну сьвятога Рафаіла, пабудаваную Марцэліем Нямцэвічам каля драўлянага дому зь лістоўніцы, дзе нарадзіўся і вырас ягоны старэйшы сын Юльян.
Ахвотных трапіць у адноўлены Скокаўскі палац столькі, што даводзіцца запісвацца загадзя. У былой «скарбніцы» разьмясьцілася невялікая бібліятэка з сучасным абсталяваньнем, у якой стала атабарыліся студэнты берасьцейскіх і сталічных ВНУ, што працуюць над дыплёмнымі працамі. Пакой Юльяна Ўрсына Нямцэвіча ператварылі ў мэмарыяльнае памяшканьне, але час ад часу там ладзяцца прыёмы для замежных гасьцей і ўрачыстыя цырымоніі. Арандаваць пакой таксама варта загадзя.
У колішнім падвальным памяшканьні, што нагадвае рыцарскую залю, разьмясьцілася рэстарацыя, у мэню якой выключна стравы старажытнай беларускай, літоўскай і польскай кухні. А сам палац стаў выконваць функцыю невялікага гатэлю найвышэйшага разраду.
Найбольш запатрабаваны нумар-люкс у скляпеністым пакоі за абедзеннай заляй — дзе звычайна спыняўся далёкі сваяк Нямцэвічаў і нацыянальны герой Беларусі Тадэвуш Касьцюшка. З параднай залі па старадаўняй узноўленай чыгуннай лесьвіцы можна трапіць наверх ці праз шкляныя дзьверы на тэрасе выйсьці ў парк. Цэнтральная алея — ангельскі парк, які быў задуманы Марцэліем, з мноствам лужкоў, аточаных алеямі.
У парку даўно спыніліся высечкі. Але ўжо ніколі ня ўбачыць агромністай старой елкі, якую пусьцілі на кладку цераз раку Лясная падчас апошняй вайны. Ня ўбачыць тых старых лістоўніц, што ўпрыгожвалі парк, але потым былі пушчаны «дбайнымі» гаспадарамі на свае патрэбы. Няма вельмі старога й магутнага ціса, які, паводле сьведчаньняў мясцовых жыхароў, валодаў гаючымі здольнасьцямі. Няма і вісьлянскіх таполяў-прыгажунь. Гэта тое, што не адновіш за год…
Скокі, 17 лютага 2005 году