ААН асудзіла сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі. Прапануем вашай увазе высновы і рэкамэндацыі Спэцыяльнага дакладчыка па Беларусі камісіі ААН па правах чалавека Адрыяна Севярына.

Беларускае грамадзтва — закрытае і падкантрольнае. Спэцыяльны дакладчык мяркуе, што, хоць Беларусь яшчэ ня стала сапраўднай дыктатурай, але наблізалася да гэтай мяжы. Беларускі рэжым аўтарытарны па сваёй прыродзе. Кіраўнік дзяржавы сьцьвярджае, што легітымнасьць ягонай улады грунтуецца на прамой сувязі з народам і таму не прызнае ні канстытуцыйных, ні прававых, ні інстытуцыйных абмежаваньняў. У межах такой сыстэмы практычна не застаецца месца правам чалавека.

Беларусь — бюракратычная дзяржава, у якой няма паўнавартаснай грамадзянскай супольнасьці і моцнай сярэдняй клясы. Замест гэтага вэртыкаль дзяржчыноўнікаў распараджаецца дзяржаўным бюджэтам у адпаведнасьці з вызначанымі прэзыдэнтам прыярытэтамі. Выкарыстоўваючы дзяржбюджэт для дасягненьня сваіх палітычных мэтаў, прэзыдэнт апякуецца тымі, на каго распаўсюджваецца ягоная ласка. Паслушэнства астатняга насельніцтва дасягаецца рэпрэсіўнымі мерамі.

Таму для беларускага грамадзтва характэрныя высокая ступень залежнасьці ад дзяржаўнай дапамогі і — адначасова — высокая ступень расколатасьці.

Беларусь зазнае цяжкасьці з самаідэнтыфікацыяй. Нацыянальная самасьвядомасьць насельніцтва па-ранейшаму размытая. Гэта перашкаджае як паўнавартаснай інтэграцыі беларускае дзяржавы ў сусьветную супольнасьць, так і станаўленьню ўнутрыграмадзкіх мэханізмаў абароны дэмакратыі. Разумеючы, што людзі без выразнай нацыянальнай сьвядомасьці лёгка паддаюцца кантролю — як з-за межаў, так і знутры краіны — улады ствараюць усё больш перашкодаў для разьвіцьця беларускай мовы, традыцый і культуры.

Адпаведна, ігнараваньне правоў чалавека ў Беларусі пачынаецца з адмаўленьня права на культурную (нацыянальную) адметнасьць. Таму парадаксальнай ёсьць сытуацыя, калі прэзыдэнт, які прэтэндуе на тое, каб быць бацькам нацыі, пастаянна процідзейнічае ўмацаваньню нацыянальнай самасьвядомасьці. Брак нацыянальнай самасьвядомасьці робіць любую дзяржаву ўразьлівай для замежных уплываў, але для беларускага кіраўніцтва — гэта цалкам прымальная і нават пажаданая зьява, бо яна адначасова тым самым прадухіляе палітычную актыўнасьць грамадзян.

Відавочна, што павага да правоў чалавека ў Беларусі залежыць ня толькі ад пазыцыі і палітычных прыярытэтаў кіраўніка дзяржавы, але і ад характару і спэцыфікі палітычнага рэжыму і грамадзкага ладу ў Беларусі. Каб павялічыць ролю правоў чалавека ў гэтай краіне, патрабуецца глыбокая рэформа палітычнай сыстэмы і карэнныя пераўтварэньні ў грамадзтве.

У залежнасьці ад разьвіцьця сытуацыі ў сьвеце, геапалітычны кантэкст можа пазытыўна альбо нэгатыўна ўплываць на такія пераўтварэньні. Цяпер, на думку Спэцыяльнага дакладчыка, міжнародная дыскусія па беларускім пытаньні, як і захады прадстаўнікоў міжнароднай супольнасьці ў гэтым пытаньні, не прыносяць плёну, не паляпшаюць сытуацыі з правамі чалавека. Захаваньне статус-кво з правамі чалавека ў Беларусі ўспрымаецца рознымі дзейнымі асобамі міжнароднай палітычнай сцэны як спосаб захаваньня геапалітычнага статус-кво. Пакуль Беларусь будзе разглядацца часткай шырэйшай геапалітычнай гульні, міжнародная супольнасьць будзе заставацца падзеленай, калі пытаньне правоў чалавека ў Беларусі будзе трапляць на парадак дня. Каб зьмяніць сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі да лепшага, неабходная салідарнасьць міжнароднай супольнасьці.

З улікам апісанага вышэй кантэксту, далейшае пагаршэньне сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі выклікае заклапочанасьць міжнароднай супольнасьці ня толькі з гуманітарных прычын, але і з прычын небясьпекі для стабільнасьці ў сьвеце.

Спэцыяльны дакладчык мяркуе, што насьпела патрэба ў рэалізацыі праграмы грамадзянскай адукацыі і інфармаваньня ў сфэры правоў чалавека на карысьць шараговых грамадзян Беларусі. На жаль, такая праграма ня можа быць праведзена ў жыцьцё ў краіне, дзе грамадзянскія ініцыятывы вельмі абмежаваныя, а сродкі масавай інфармацыі кантралююцца ўрадам. Таму Камісія па правах чалавека, сумесна зь іншымі міжнароднымі арганізацыямі, такімі, як АБСЭ і ЭЗ, павінна стварыць пад наглядам камісіі міжнародны фонд для правядзеньня ў Беларусі інфармацыйнай кампаніі ў сфэры правоў чалавека.

Такі фонд павінен найперш быць выкарыстаны для арганізацыі і далейшага фінансаваньня ў краінах — суседзях Беларусі тэлевізійных і радыёвяшчальных станцый (у тым ліку з абсталяваньнем для спадарожнікавага вяшчаньня). Зь іх дапамогай да насельніцтва Беларусі магла б даносіцца дакладная, поўная і праўдзівая інфармацыя. Мэдыяканалы могуць таксама выкарыстоўвацца для адсочваньня парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі, а таксама для тлумачэньня магчымых спосабаў процідзеяньня такім парушэньням паводле дэмакратычных стандартаў і міжнародных працэдур. Адначасова такія каналы могуць спрычыніцца да фармаваньня культурнай самаідэнтыфікацыі і нацыянальнай самасьвядомасьці беларускага народу.

Камісія, супольна з зацікаўленымі міжнароднымі і нацыянальнымі ўрадавымі і няўрадавымі арганізацыямі, а таксама прыватнымі донарамі, павінна разгарнуць шырокую адукацыйную праграму для грамадзянскай супольнасьці. Падобная праграма мае быць арыентавана перш-наперш на ўсталяваньне і навучаньне непалітычных NGO ў Беларусі, перадусім на лякальным узроўні, спрыяючы тым самым разьвіцьцю грамадзянскай супольнасьці і беларускага духу супольнасьці на нізавым узроўні.

Адначасова міжнародная супольнасьць павінна працягваць высілкі па перадачы неабходных мэтадаў, прадастаўленьні тэхнічнай дапамогі і падтрымкі (у маральным, палітычным, фінансавым, інтэлектуальным і матэрыяльным аспэктах) для беларускіх NGO і дэмакратычных палітычных партыяў. Таксама неабходна забясьпечыць прававую падтрымку абаронцам грамадзянскіх свабодаў і палітычнай дэмакратыі, а таксама іх сем’ям перад рэпрэсіямі з боку дзяржавы.

Камісіі неабходна ініцыяваць прапрацоўку магчымасьцяў для арганізацыі пастаяннага круглага стала па правах чалавека ў Беларусі. Ён павінен быць беларускім форумам пад эгідай Камісіі і пры падтрымцы зь яе боку. Круглы стол мае стаць пастаяннай асновай для дыялёгу прадстаўнікоў беларускай грамадзянскай супольнасьці, палітычных партыяў і дзяржаўных структур. Сярод пытаньняў дыялёгу — ацэнка сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, а таксама вызначэньне шляхам дыскусій палітычных, адміністрацыйных і заканадаўчых сродкаў выпраўленьня такіх парушэньняў. Калі беларускія ўлады не падтрымаюць такой ідэі, круглы стол павінны быць створаны бязь іх удзелу і дзейнічаць у форме грамадзянскага форуму, ставячы на мэце ацэнку і выпрацоўку палітычных і заканадаўчых ініцыятываў на карысьць дзяржавы й грамадзтва. Калі беларускія ўлады не дазволяць стварэньня й функцыянаваньня круглага стала на тэрыторыі Беларусі, яго трэба арганізаваць у суседняй краіне пры падтрымцы Камісіі і згодзе тамтэйшых ўладаў. (...)

Неабходна заклікаць Эўразьвяз, як і іншыя асноўныя эўрапейскія арганізацыі, праводзіць матываваную і зацікаўленую палітыку ў дачыненьні да Беларусі, уключыўшы ў якасьці прыярытэтаў пытаньне аб правах чалавека ў краіне. (...)

Спэцыяльны дакладчык лічыць, што міжнародная ізаляцыя Беларусі непажаданая як для ейнага народу, так і для будучыні правоў чалавека ў гэтай краіне ў пэрспэктыве яе будучай інтэграцыі ў дэмакратычны сьвет. Аднак Спэцдакладчык перакананы, што санкцыі, уведзеныя міжнароднай супольнасьцю супраць кіраўнікоў Беларусі, на дадзеным этапе не павінны скасоўвацца. Іх варта пазбаўляцца паступова, замяняючы на крокі ў адказ на паляпшэньне сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Таму мэтазгодным падаецца выкарыстаньне выразнай «стратэгіі ацэнкі вынікаў», якая дазволіць міжнароднай супольнасьці апэратыўна дапасоўваць сваю палітыку да прагрэсу ў гэтай галіне і ў той жа самы час ясна дасьць зразумець беларускім уладам, якімі будуць наступствы іх дзеяньняў.

Асноўнай мэтай міжнароднай супольнасьці (як арганізатараў, так і донараў) павінна стаць узмацненьне эфэктыўнасьці палітыкі ў дачыненьні да захаваньня правоў чалавека ў Беларусі праз больш шырокае ўзаемадзеяньне і міжнародную падтрымку. Расейская Фэдэрацыя, як краіна-суседка, што мае адмысловыя палітычныя стасункі зь Беларусьсю, павінна адыграць у гэтым ключавую ролю. Правы чалавека не павінны быць закладнікамі геапалітычных супярэчнасьцяў і гульняў.

Аналягічным чынам ва ўнутраным жыцьці беларускага грамадзтва неабходныя крокі, скіраваныя на абарону правоў чалавека. Неабходна адмовіцца ад другасных спрэчак, асабістых амбіцыяў і недальнабачных дзеяньняў з боку розных гульцоў на палітычным полі беларускага грамадзтва на карысьць мэтанакіраваных супольных захадаў. У гэтых мэтах міжнародная супольнасьць павінна падтрымліваць напачатку толькі тыя праекты, што ініцыяваныя супольна дэмакратычнымі палітычнымі і/альбо грамадзянскімі сіламі Беларусі.

Спэцдакладчык падзяляе адсутнасьць аптымізму наконт гатоўнасьці ўраду Беларусі ў пляне выпраўленьня сытуацыі з правамі чалавека ў краіне. Аднак ён трымаецца той думкі, што ва ўрадавых колах Беларусі ёсьць чыноўнікі, якія ўсьведамляюць, што сыстэма, заснаваная на закрытым і кантраляваным грамадзтве і дзяржаве ў стане міжнароднай ізаляцыі, ня мае будучыні ў сёньняшнім дэмакратычным сьвеце. Таму яны больш адкрытыя для дыялёгу і больш падрыхтаваныя да пазытыўных зьмяненьняў, таму варта паспрабаваць захаваць кантакты з гэткімі людзьмі. (...)

Спэцдакладчык выказвае наступныя рэкамэндацыі ўраду Беларусі:

Рэкамэндацыі наконт сьмяротнага пакараньня

Спэцдакладчык рэкамэндуе ўраду неадкладна ажыцьцявіць перагляд існуючай практыкі выкананьня сьмяротных прысудаў [Беларусь застаецца адзінай краінай Эўропы, дзе выконваюцца сьмяротныя прысуды; астатнія краіны або адмовіліся ад сьмяротнага пакараньня, або ўвялі мараторый на яго ўжываньне. — Рэд.], зьняць сакрэтнасьць наконт даты выкананьня пакараньня, а таксама неадкладна выдаваць целы ўсіх пакараных іх сем’ям.

З прычыны самой прыроды сьмяротнага пакараньня і імавернасьці памылкі ў судовых прысудах, што тычаць сьмяротнага пакараньня, Спэцдакладчык рэкамэндуе зьмякчыць прысуды ўсім асуджаным да сьмяротнага пакараньня, замяніўшы іх на турэмнае зьняволеньне.

Апроч таго, Спэцдакладчык прапануе ўраду разгледзець магчымасьць ратыфікацыі Другога неабавязковага пратаколу да Міжнароднай канвэнцыі грамадзянскіх і палітычных правоў (скасаваньне сьмяротнага пакараньня), уключыўшы гэты дакумэнт у нацыянальнае заканадаўства. (...)

Пакуль ня будуць вырашаныя пытаньні датычна практыкі выкананьня сьмяротных пакараньняў у Беларусі, Спэцдакладчык рэкамэндуе ўсім іншым урадам пазьбягаць дэпартацыяў і экстрадыцыяў. Паколькі ў выніку такой дэпартацыі ці экстрадыцыі асоба сутыкаецца з рызыкай сур’ёзнага парушэньня правоў чалавека, у тым ліку пагрозай сьмяротнага пакараньня і катаваньняў.

Рэкамэндацыі наконт зьнікненьняў палітычных дзеячаў

Спэцдакладчык прапануе ўраду аднавіць расьсьледаваньне па справах зьнікненьня сп.Захаранкі, Ганчара, Красоўскага і Завадзкага з дапамогай кваліфікаваных і незалежных міжнародных крымінальных экспэртаў, тым самым ставячы на мэце: правядзеньне незалежнага празрыстага расьсьледаваньня; пошук і прыцягненьне да судовай адказнасьці вінаватых, а таксама інфармаваньне сем’яў пра лёс іх зьніклых сваякоў.

Спэцдакладчык заклікае таксама да неадкладнай выплаты адэкватнай і справядлівай кампэнсацыі сем’ям зьніклых палітычных дзеячаў.

Рэкамэндацыі па катаваньнях, кепскім стаўленьні, а таксама негуманных і незвычайных відах пакараньняў

Спэцдакладчык прапануе ўраду запрасіць Спэцдакладчыка па праблеме катаваньняў з мэтамі правядзеньня інспэкцыйнага візыту, і выкарыстаць магчымасьці для кансультацыяў зь ім па канкрэтных кроках, што могуць быць зробленыя ў барацьбе зь беспакаранасьцю супрацоўнікаў праваахоўчых органаў, а таксама па выкараненьні практыкі выкарыстаньня катаваньняў.

Спэцдакладчык прапануе ўраду стварыць (калі гэта мэтазгодна, то ў супрацоўніцтве з кваліфікаванымі экспэртамі ў сфэры грамадзянскай супольнасьці) сетку цэнтраў рэабілітацыі пасьля катаваньняў, што павінны забясьпечваць ахвяраў юрыдычнай, псыхалягічнай і спэцыяльнай мэдычнай дапамогай.

Рэкамэндацыі па праблемах, зьвязаных з затрыманьнямі

Спэцыяльна раіць ураду ў поўнай меры выканаць рэкамэндацыі Рабочай групы па самавольных затрыманьнях, выказаныя па выніках яе візыту ў краіну ў жніўні 2004 г.

Рэкамэндацыі па незалежнасьці судзьдзяў і адвакатаў

Спэцдакладчык зьвяртае ўвагу ўраду на нормы Прынцыпаў незалежнасьці сыстэмы правасудзьдзя, што тычаць захаваньня за судзьдзём ягонае пасады, і раіць забясьпечыць ажыцьцяўленьне ў поўнай меры гэтых нормаў, у адпаведнасьці зь міжнароднымі стандартамі.

Рэкамэндацыі па незалежнасьці судоў і адвакатаў

Спэцдакладчык заклікае скасаваць дэкрэт прэзыдэнта №12 «Аб некаторых захадах па ўдасканаленьні прафэсійнай дзейнасьці юрыстаў і натарыюсаў у Рэспубліцы Беларусі» да дапасаваньня адпаведных законаў, якія рэгулююць прафэсійную дзейнасьць юрыстаў, з Асноўнымі прынцыпамі становішча адвакатаў, якія вымагаюць ад Ураду забясьпечыць, каб адвакаты «мелі магчымасьць выконваць усе свае прафэсійныя функцыі, не сутыкаючыся з запалохваньнем, перашкодамі, абразамі альбо неправамоцным умяшаньнем» (параграф 16).

Рэкамэндацыі па свабодзе СМІ

Спэцдакладчык прапануе ўраду ліквідаваць усе формы адміністрацыйных, фінансавых і юрыдычных абмежаваньняў у дачыненьні да свабоды СМІ, якія супярэчаць міжнародным стандартам у галіне правоў чалавека. Неабходна спыніць практыку адміністрацыйнага перасьледу праз аказаньне ўскоснага ціску цераз друкарскія фірмы і фірмы распаўсюду. Таксама неабходна перагледзець сыстэму ліцэнзаваньня і рэгістрацыі, што дасьць магчымасьць максымальна забясьпечыць распаўсюд незалежных электронных і друкаваных СМІ. У адпаведнасьці з арт.33 Канстытуцыі Беларусі ўсе формы простай і ўскоснай цэнзуры павінны быць сапраўды і ў поўнай меры ліквідаваныя. Напады і пагрозы ў адрас журналістаў павінны расьсьледавацца, а вінаватыя — прыцягвацца да адказнасьці ў адпаведнасьці з законам.

Рэкамэндацыі па свабодзе сходаў

Спэцдакладчык прапануе ўраду ліквідаваць усе формы адміністрацыйных, фінансавых і юрыдычных абмежаваньняў на права асобаў і арганізацыяў, пэрсанальна ці ў супрацоўніцтве зь іншымі, забясьпечваць дзейсную абарону і ўмацаваньне правоў чалавека ў Беларусі.

Сыстэма рэгістрацыі і атрыманьня замежных грантаў мае быць прыведзеная ў адпаведнасьць з існуючымі адпаведнымі міжнароднымі стандартамі — як яны замацаваныя ў Дэклярацыі аб праваабаронцах і іншых крыніцах міжнароднага права.

Напады і пагрозы на адрас асобных праваабаронцаў павінны расьсьледавацца, а вінаватыя прыцягвацца да адказнасьці ў адпаведнасьці з законам. Праваабаронцам і палітычным актывістам, прыцягнутым да суду за адміністрацыйныя і крымінальныя парушэньні, павінны быць гарантаваныя найвышэйшыя стандарты справядлівага судовага працэсу.

Рэкамэндацыі наконт свабоды асацыяцыяў

Спэцыяльны дакладчык нагадвае пра рэкамэндацыі Камітэту па расьсьледаваньнях Міжнароднай арганізацыі працы і раіць ураду ажыцьцявіць іх неадкладна і ў поўнай меры.

Спэцдакладчык рэкамэндуе правесьці незалежны разгляд сыстэмы кантрактаў, зьвяртаючы ўвагу ўраду на тое, што зьмены ў юрыдычным становішчы працоўных, а таксама забесьпячэньне працоўным месцам, зьвязаныя з рэалізацыяй дадзенай рэформы, не павінны быць выкарыстаныя ў якасьці сродкаў адміністрацыйнага перасьледу і запалохваньня.

Рэкамэндацыі па палітычных правах

Спэцдакладчык заклікае ўрад Беларусі забясьпечыць міжнародныя стандарты дэмакратычных выбараў у ходзе ўсіх будучых выбарчых працэдураў, а таксама неадкладна правесьці расьсьледаваньне ўсіх скаргаў аб фальшаваньні падчас выбараў, якія былі прадастаўленыя беларускімі і міжнароднымі назіральнікамі ў часе правядзеньня ў кастрычніку 2004 г. выбараў і рэфэрэндуму.

Спэцыяльны дакладчык шкадуе, што беларускія ўлады адмовіліся супрацоўнічаць зь ім.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0