Дыялёг між А.Лукашэнкам і заходнімі суседзямі Беларусі разьвіваецца дынамічна. Наступным крокам — разрыў дыпляматычных адносінаў? Як яшчэ выкурыць зь Менску паскудлівыя дыппрадстаўніцтвы, што «мяхамі цягаюць даляры»? А.Лукашэнка кпіў з заходніх дыпляматычных прадстаўнікоў: вы «будзеце выглядаць непрыгожа». Вазьміце лепш «прыклад з пасла Туркменістана, Арменіі». Асабліва жорсткія выпады на адрас польскага пасольства сьведчаць: у 2006 годзе адміністрацыя гатовая згуляць на антыпольскіх настроях. Каб нікому не было крыўдна, А.Лукашэнка атакаваў і расейскі «Лукойл» — за гандаль жанчынамі. Між тым, месяцы тры таму хадзілі чуткі, што менавіта ў «Лукойле» хацеў працаваць кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Ўрал Латыпаў.

Як і летась, А.Лукашэнка са зьдзеклівай інтанацыяй устаўляў асобныя словы з роднай мовы. Прамова адрозьнівалася ад леташняй толькі лічбамі росту. Слова «грошы» А.Лукашэнка ўжыў 25 радоў, слова «рэвалюцыя» — 7.

Галоўнае палітычнае пасланьне Лукашэнкавага звароту да парлямэнту і народу прагучала ясна: «Мы катэгарычна не прымаем сцэнар дэмакратычнай зьмены палітычных элітаў». Адбыўся таксама, як у свой час гэтыя назваў такія моманты Аляксандар Класкоўскі, сэанс аўтатрэнінгу: «Гэтыя людзі мне ніколі ня здрадзяць», «Ніякія грошы ня змогуць працаваць у Беларусі, каб скінуць дзейную ўладу».

У рынкавых рэформах А.Лукашэнка абяцаў «разумны прагматызм».

У галіне культуры — «прыярытэт народнай культуры».

У заканадаўстве: больш жорсткія пакараньні за падатковыя злачынства — толькі пасьля спрашчэньня падатковай сыстэмы.

Атмасфэру ў парлямэнцкай залі падчас прамовы красамоўна ілюструе пасаж, які датычыць злоўжываньняў у нацыянальным парку «Браслаўскія азёры». А.Лукашэнка паўшчуваў дэпутатку ад паўночнага захаду за маўчаньне ў гэтай справе і зьвярнуўся да дэпутатаў з заклікам даносіць («паведамляць») пра злачынствы («нэгатыўныя тэндэнцыі») у сваіх акругах.

Прамова Лукашэнкі выглядала б копіяй дакладаў генэральных сакратароў на зьездах і пленумах КПСС часоў застою, калі б ня пошук і выкрыцьцё ўнутраных і замежных ворагаў, якія занялі львіную долю выступу. У гэтым сэнсе нашмат больш падабенства прасочваецца з 30-мі гадамі мінулага стагодзьдзя.

Лукашэнка выглядаў змучаным. Але не пакінуў ніякіх сумневаў: ён зробціь усё, каб застацца на трэці тэрмін.

Барыс Тумар

Выканана да зьезду

Напярэдадні выступу Аляксандра Лукашэнкі ў парлямэнце БТ перадало запіс, на якім дзьве асобы прызнаюцца, што перадавалі Сяргею Скрабцу даляры зь Літвы. Экс-дэпутат пазнаў у гэтых людзях сваіх партнёраў па бізнэсе — Аляксея Дробава і Канстанціна Кавалёва. Іх дапытвалі ў адным з нумароў гатэлю «40 гадоў Перамогі». З ужываньнем фізычнага і псыхічнага ціску, кажа С.Скрабец.

Літва: «Такія асобы ня мелі літоўскіх візаў»

Інфармагенцтва Baltic News Service паведаміла з спасылкай на крыніцу у МЗС Літвы, што затрыманыя па «справе Скрабца» — не грамадзяне Літвы і асобы з такімі прозьвішчамі ня мелі нават літоўскіх візаў, так што затрыманьне насамрэч адбылося у Беларусі, а не ў цягніку, які ехаў зь Літвы. Агенцыя BNS цытуе супрацоўніка высокага рангу з МЗС: «З гэтых фактаў вынікае, што гэта была загадзя сплянаваная і грубая правакацыя ня толькі супраць беларускай апазыцыі, але і супраць Літвы».

Сьпікер Сойму: Прамовы «не дастойныя чалавека, які займае пасаду прэзыдэнта»

Гонар адказаць А.Лукашэнку выпаў Уладзімеру Цімашэвічу. Як вядома, сьпікер польскага Сойму і рэальны кандыдат у прэзыдэнты мае беларускія карані. «Падобныя заявы не дастойныя чалавека, які займае пасаду прэзыдэнта, — падкрэсьліў Цімашэвіч у ранішнім эфіры радыё «Зэт». — Форма гэтых заяваў скандальная, а зьмест ня мае сэнсу... Гэта выступ раздражнёнага дыктатара, якому не падабаецца, што ў ягонай краіне яшчэ ня ўсе яго баяцца».

Адам Ротфэльд, міністар замежных справаў Польшчы, адрэагаваў на беларускія дыятрыбы з доляй пэсымізму: «Беларусь цяпер значна далейшая ад працэсаў дэмакратычнай трансфармацыі, чым Савецкі Саюз быў ў сярэдзіне 80-х гадоў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0