Аналёгіі не спрацуюць, у 2006-м адбудзецца нешта якасна новае, не падобнае ні на выбары 2001-га году, ні на выбары ва Ўкраіне. Нешта істотна новае для Беларусі бачыцца ў камбінацыі такіх фактараў, як дэмакратызацыя Ўкраіны, уступленьне ў ЭЗ Польшчы, заявы Кандалізы Райс наконт дэмакратызацыі Беларусі і валтузьня вакол саюзу Беларусі і Расеі. Аналізуе Аляксандар Батура.

Многія людзі маюць тэндэнцыю думаць па аналёгіі. Палітыкі думаюць па аналёгіі. Аналёгіі вельмі зручныя для спрошчваньня карціны сьвету. Так, пасьля правалу мюнхенскіх перамоў з Гітлерам і наступстваў Мюнхену для гісторыі Эўропы Мюнхен стаў зручнай падставай для рацыяналізацыі замежнай палітыкі ў сытуацыях, якія больш-менш нагадваюць сытуацыю зь Мюнхенам. Гэта значыць, дамовіліся з дыктатарам, прапанавалі яму нешта. А ён нешта ўзяў, а пасьля ўсіх кінуў. Выснова Мюнхену — ніколі не даваць паблажкі дыктатарам, бо яны гэта ўспрымаюць як слабасьць. Па аналёгіі зь Мюнхенам амэрыканцы пайшлі ў Віетнам, трымалі савецкі Саюз у «détente» падчас халоднай вайны, цяпер пайшлі ў Ірак.

Але ня ўсе думаюць па аналёгіі. Ганс Георг Вік прапусьціў мюнхенскую аналёгію ў 1999—2000. Але, магчыма, ён ужываў іншую аналёгію — якога круглага стала, як у Польшчы пад канец 1980-х. Аналёгіі даюць магчымасьць прагнозу, але яны таксама ўводзяць у зман, бо людзі бачаць тое, што яны хочуць бачыць, і прапускаюць, што ня ўпісваецца ў аналёгію. Цяпер мы ўсе пачалі думаць па аналёгіі з Аранжавай рэвалюцыяй: раз ва Ўкраіне было, то павінна быць і ў Беларусі, раз не было, то не спрацуе і ў Беларусі. Аналёгія падаўжаецца да Кіргізіі і Сэрбіі. Раз Юшчанка быў супэрпапулярны і апазыцыя была аб’яднаная задоўга да 2004, то тое трэба і ў Беларусі. Раз рэвалюцыя была аранжавая, то трэба нейкі колер і ў паўночнай суседкі, а то «не зачэпіць».

Самае сьмешнае, што ўся гэтая аналёгія пачынае быць відавочнай толькі пасьля падзеі, пастфактум, тады, калі ўсё зразумела і ўся краіна магла ўжо згуляць у футбол лепей за нацыянальную зборную, якая гуляць ня ўмее. Па аналёгіі. Але аналёгіі вельмі выбарачныя. У Сэрбіі апазыцыя аб’ядналася незадоўга да выбараў і Каштуніца стаў вядомым палітыкам толькі за некалькі месяцаў да выбараў, у адрозьненьне ад Юшчанкі, які быў папулярны з 2001 году. Чаму выбіраюць аналёгіі Ўкраіны, а ня Сэрбіі? Бо аналёгію Сэрбіі бралі за ўзор у 2001. А чаму ня выбраць аналёгію падзей у Кот-д’Івуары ў 2000-м, ці ў Тога нядаўна, ці ў Пэру ў 2000?

У Пэру прэзыдэнт Фухіморы абнуліў адзін тэрмін, пайшоў на выбары трэці раз, перамог. І празь некалькі месяцаў пасьля яго перамогі пачаліся такія дэманстрацыі, што мусіў уцячы з краіны. Чаму ня гэтая аналёгія? Можна знайсьці столькі ж падабенстваў паміж Беларусьсю і Пэру, колькі паміж Беларусьсю і Кот-д’Івуарам ці паміж Беларусьсю і Ўкраінай.

На самай справе, мысьленьне па аналёгіі добрае толькі для матывацыі і мабілізацыі, а не для таго, каб рабіць высновы. Падзеі могуць пайсьці па любым сцэнары ці па іх камбінацыі, а можа, будзе нешта зусім новае. Нешта істотна новае для Беларусі бачыцца ў камбінацыі такіх фактараў, як дэмакратызацыя Ўкраіны, уступленьне ў ЭЗ Польшчы, Літвы і Латвіі, актывізацыя ГУУАМ, заявы Кандалізы Райс наконт дэмакратызацыі Беларусі і, як ні дзіўна, вяртаньне да валтузьні вакол саюзу Беларусі і Расеі.

Беларусь з гэтага часу мяжуе з ЭЗ, зонай стабільнасьці і дэмакратыі. Гэта не часовая зьява, а назаўсёды. З ЭЗ трэба сябраваць. Нават аўтарытарныя рэжымы Марока, Альжыру ды Тунізіі ня могуць сабе дазволіць такой раскошы, як пляваць у эўрапейскі агарод. Беларусь знаходзіцца ў якасна іншай сытуацыі ад афрыканскіх суседзяў у тым, што яна эўрапейская краіна. Эўрапейская краіна павінна быць дэмакратычнай, гэта цяпер аксіяматычна. Прынамсі, на найбліжэйшыя чатыры гады Беларусь трапляе пад пільную ўвагу ЗША — пашырэньне свабоды зьяўляецца стрыжнем замежнапалітычнай дактрыны Дж.Буша. Кандаліза Райс сказала тое, што яна сказала ў Вільні, не ад сябе, а ад адміністрацыі наймацнейшай краіны. Гэта трэба слухаць. Гэта сур’ёзна.

Наіўна думаць, што Расея дамовіцца з ЗША па дэмакратызацыі Беларусі. Але наіўна думаць, што, па-першае, ЗША будуць і надалей лічыць Беларусь зонай расейскіх інтарэсаў — пасьля рэфэрэндуму 2004-га ў Беларусі Расея страціла легітымнасьць па беларускім пытаньні. Па-другое, што расейцы не памяняюць тактыкі ў дачыненьні да Беларусі. Вельмі сымптаматычнымі былі іх паводзіны падчас падзей у Кіргізіі.

У беларускім пытаньні ёсьць тры гульцы цяпер — Лукашэнка, Пуцін, Амэрыка. Раней былі два гульцы — Лукашэнка і Пуцін — і два паўгульцы — Амэрыка і Эўропа. Пасьля дэмакратызацыі Ўкраіны, узбуйненьня ЭЗ і павелічэньня замежнапалітычнай ролі Польшчы інтарэсы Амэрыкі і Эўропы ў дачыненьні да Беларусі, я думаю, збольшага супадаюць, нават нягледзячы на сяброўства паміж Пуціным і Шродэрам. Пры гэтым роля Захаду значна ўзрастае.

Заявы Райс наконт дэмакратызацыі Беларусі трэба разглядаць без адрыву ад праблемы дэмакратызацыі Расеі, асабліва праблемы трэцяга тэрміну Пуціна. Сымптаматычна ў гэтым сэнсе зьяўленьне артыкулу Паўла Фэльгенгаўэра ў «Москаў таймс», у якім ён, спасылаючыся на нейкія крыніцы ў Адміністрацыі прэзыдэнта Расеі, кажа, што быццам бы выпрацоўваецца варыянт падаўжэньня паўнамоцтваў Пуціна праз стварэньне саюзнай дзяржавы зь Беларусьсю, абнуленьне яго тэрмінаў і стварэньне пасады віцэ-прэзыдэнта пад Лукашэнку. Ці Фэльгенгаўэр што не дачуў, ці гэта адна з «вутак» Крамля, ці гэта сапраўды адзін з варыянтаў — цяжка сказаць, я б ужо нічому не зьдзіўляўся.

У Пуціна ёсьць некалькі варыянтаў. Гэта: 1) проста пайсьці на трэці тэрмін; 2) зьмяніць канстытуцыю і правіць у якасьці прэм’ер-міністра; 3) абнуліць тэрміны праз стварэньне саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі ды застацца прэзыдэнтам; 4) абраць пераемніка. На сёньня ўсе гэтыя варыянты рэальныя. Першы варыянт вельмі дрэнны для легітымнасьці: Расея аўтаматычна афіцыйна ператвараецца ў краіну трэцяга сьвету, што цягне за сабой выхад з G8, страту надзеі на адраджэньне ўплыву і гэтак далей. Другі варыянт рэальны, і яго яшчэ не адкінулі. Трэці варыянт рэальны, але тут ёсьць такія ж хібы, як і пры першым варыянце, калі ня большыя, і ён можа працаваць толькі пры аўтаматычным «кіданьні» Лукашэнкі пасьля далучэньня Беларусі да Расеі. Гэты варыянт таксама небясьпечны для расейскага фэдэралізму, бо можа яго проста ўзарваць. Апошні варыянт таксама цалкам рэальны, але тады прыйдзецца сыходзіць з улады і дамаўляцца. Мне здаецца, што варыянт з саюзнай дзяржавай найбольш дрэнны для Пуціна, але гэта не азначае, што ён яго не разглядае, хоць ён яго можа разглядаць з тактычнымі мэтамі ў кантэксьце праблемы 2006 году для Лукашэнкі.

Для Лукашэнкі варыянтаў ня так шмат. 1) Проста «элегантна» ісьці на трэці тэрмін а-ля канстытуцыйны рэфэрэндум 2004-га. 2) «Апгрэйдзіцца» ў нейкі другі фармат у саюзнай дзяржаве. 3) Знайсьці пераемніка. Лукашэнка страціў найлепшы варыянт для свайго становішча — ператварыць Беларусь у інстытуцыйную аўтакратыю і стаць на чале дамінантнай партыі, а-ля Маляйзія ў нядаўнім мінулым ці, можа, нават Мэксыка — для Эўропы гэта магло б выглядаць больш легітымна і прымальна, гэта выглядала б як дэмакратызацыя з хібамі, хоць ёй і не зьяўлялася б. Гэта не выглядала б так брутальна, як цяпер. Асноўная праблема Лукашэнкі ў тым, што ён у Эўропе. Я ня веру ў трэці варыянт, пры другім варыянце імавернасьць, што яго «кінуць», надзвычай высокая. Застаецца самы прывычны — гэта першы варыянт.

Да якой канфігурацыі прывядуць прэфэрэнцыі Пуціна і Лукашэнкі ўрэшце, ніхто ня ведае — нават яны самі, я думаю. Але пачалася нейкая новая дынаміка, якая незразумела да чаго прывядзе. Няясна і хто каго «кіне», але што гэта адбудзецца, можна быць упэўненым.

Аналёгіі не спрацуюць, будзе нешта якасна новае, не падобнае ні на выбары 2001-га году, ні на выбары ва Ўкраіне. Ні Захад, ні Расея так проста на гэта ўсё ня будуць глядзець. Ні Лукашэнка, ні апазыцыя таксама ўжо ня будуць так проста аглядацца на Захад і Расею. Пакуль самы стабільны фактар ва ўсіх выкладках — гэта, як ні дзіўна, беларускія выбарцы. Але магчымасьць каскадаў грамадзкай думкі заўсёды існуе, як паказала Ўкраіна. Нешта мяняецца, але незразумела пакуль што. Праблема прагнозаў у тым, што яны ніколі не збываюцца.

АЛЕСЬ БАТУРА — палітычны аналітык часопісу «ARCHE», выкладчык Дублінскага ўнівэрсытэту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0