Нямецкі папа

Бам-бом, бам-бом, бам-бом! — гулі званы над брукам і па-над дахамі жылых камяніц, палацаў, храмаў і турэмнымі будынінамі. Гук ляцеў праз вуліцы, як у лябірынтах. Рэха адбівалася ад сьценаў, вокнаў, аканіц, мансардаў, дахаў і комінаў ды скакала, як мячык, сярод камяніц, рухаючыся ўлукаткі, самымі нечаканамі траекторыямі, рыкашэтам.

Імя новага папы Акінчыц пачуў з жывога эфіру польскай радыёстанцыі і адразу пабег у касьцёл. Горад апусьцеў. У каменных будынках побач з касьцёлам забрахалі сабакі, гуртам абазваўшыся на біцьцё званоў. У былым кляштары, цяпер за сьценкай касьцёлу, дакладней, за высозным мурам, турма строгага рэжыму — тыя, хто забіваў, рабаваў, гвалціў.

Апошняя вечаровая імша не зацягнулася, усе хуценька разышліся па дамах, і толькі тады на ўвесь сьвет абвясьцілі імя новага папы. Habemus Papam! «Папу абралі, папу абралі! — суцэльна, у якойсьці тэнарнай афарбоўцы гучала ў небе бронза. — Новы папа ёсьць ужо! Імя вядома!» Але ўсе засьпяшаліся дахаты, не дачакаўшыся. Панцыры парасонаў, настаўленыя каўняры.

На дыктафоне — шоргат падэшваў самога Акінчыца, віскат гумовых апонаў на турэмным рагу. І праз усё — званы, званы, званы. Толькі сабак у запісе няма, яны выконвалі хорам свой вартаўнічы зьвяглівы сьпеў за таўшчэзным, неадольным пабеленым мурам. Калі ён подбегам сьпяшаўся трапіць у касьцёл, зайграла музычка, Акінчыц атрымаў SMS: he certainly looks like a Pope. Акінчыцу трэба зрабіць рэпартаж для радыё, запісаць галасы ксяндза і вернікаў.

У Ватыкане падаў дождж і сьвяціла сонца. Тут надвор’е было падобнае. Зь неба ляцелі рэдкія дажджавыя кроплі, ёдкія, бо стала халаднець. З-за рага, як поўху, кідаў у твар вецер наводліў жмені халодных кропляў і нават калючага жвіру. Касьцёл ён убачыў здалёк — у канцы вуліцы, як у канцы калідору. Званы загучалі, калі ён ужо быў за якіх дзьвесьце крокаў.

Калісьці Акінчыц прачытаў у «Нашай Ніве» аповед пра касьцельна-турэмны квартал, цяпер ён яго пазнаў. Імя аўтара было чамусьці нямецкім. У былых кельлях вязьні марылі пра бутэрброд з галяндзкім сырам і каву са згушчонкай, а на вышках змагаліся са сном вартавыя-чуркі. У апавяданьні былі яшчэ навагодні салют ды сьвяточная музыка касьцельных званоў, толькі сабак хіба не было. Відавочна: апавяданьне было надрукавана пад нямецкім псэўданімам, тады сам Акінчыц захапляўся ўсім нямецкім — кавай, півам, віном, машынамі, нават шакалядам. А ў «Люфтганзу» быў папросту закаханы.

Бабулькі сьпяшаліся да свайго вязаньня, да коцікаў, якім трэба даць крывянкі ці лівэркі або нават падсыпаць кіці-кету. Дахаты, да сваіх пэнсіянэрскіх клопатаў і страхаў, ад якіх ратуе толькі музыка і сьпеў храму. Вязаньне, коцікі, круцыфікс на сэрванце, К+М+В на дзьвярах, манная каша на пліце. На сьцяне фатаграфія ці некалькі. Жаніх, брат ці бацька ў форме польскага ўлана. А таксама чакаюць пакаёвыя кветкі, якія трэба не забывацца паліваць. Катоў запрашаюць да касьцёлу толькі раз на год — разам з сабачкамі ды іншымі хатнімі зьвяркамі, у дзень заступніка братоў нашых меншых, каб папырскаць сьвятой вадою.

Арханёлы на шпіцах касьцельных званіц загулі ў трубы свае: «Новага папу атрымалі, новага папу! Радуйцеся, парафіяне!..» Яны дзьмулі ў нашараваныя бліскучыя трубы і пакручваліся ўлева-ўправа. Арганы зарыпелі сваім раматусам, спрабуючы, паступова аднаўляючы ў памяці, прыгадаць ухвальныя гімны, якія выконваюцца з гэткай выключнай урачыстай падзеі. Яны паўтаралі моўчкі на памяць уступы традыцыйных імшалаў, сьпеваў, якія выконвалі ў нядзелі і штодня.

Дробна затрымцелі кандэлябры, і асабліва тая вялізная грувасткая, але пекная, падвешаная да галоўнага — высокага і вялікага — купалу. Яна зьвісала на такім доўгім дроце, што вернікі на набажэнстве калі глядзелі ўгару, то маглі бачыць, як кандэлябра круціцца туды-сюды, па некалькі абаротаў, дэманструючы людзям нейкае падабенства да гіганцкага ківача Фуко. Нібы паветраны валатоўскі ваўчок.

«Гораду і ваколіцам». Сьпярша абвяшчалі жыхарам суседніх вуліц — караля Баляслава Рэмшы, Замкавай, Божаслава — сярэднявечнага кашталяна замку, Сьвятога Губэрта, Дамініканскай, а таксама розных савецкіх з імёнамі рэвалюцыйных катаў ды ахвяр. Ад навакольных кварталаў да Фарштату ды ўсяго іншага гораду за шырокай ракой. Сын Марыі ды Язэпа абраны нашым новым папам!.. У турме больш за ўсіх слухалі званы, асабліва апошнімі днямі, калі хавалі старога папу і выбіралі новага. Званы гучалі ў камэрах, заглушаючы сабачы брэх знадворку. Вязьні і ксяндзы слухалі званы пароўну.

Навіна атрымалася запозьненай. Кардыналы гатовыя былі абвясьціць яе пляцу Сьвятога Пятра, усяму першаму Рыму і астатняму сьвету значна раней, значна. Колькі эмоцый, мільёны слоў радыё- і тэлекамэнтатараў, тысячы гадзін сусьветнага эфірнага часу, які каштуе вельмі-вельмі дорага, бо рэкляма чакала, столькі здагадак — калі ўсё было ўжо вядома, прынамсі, некаторым… столькі чаканьня…

Усё праз гэтую сыкстынскую печку. Печка-галяндка, якой даўно не карысталіся. Праўда, яе агледзелі, каб не было бомбы. На дах залезьлі, нават зьнялі мэталёвы комін, нашаравалі яго, дымаход таксама агледзелі пільна і падрыхтавалі, само сабой. Але працавалі зусім не камінары, а супрацоўнікі бясьпекі ў камбінэзонах камунальнай службы. Усё стала больш празаічна, няма былой тэатральнасьці.

Разам з кардыналамі ў капліцы замкнулі абслугу, лекараў, але толькі не апальшчыка. Ну, здавалася б, што складанага: ёсьць крамныя навошчаныя пруткі, папяровыя пакеты з вугалем, ёсьць адмысловыя вялікія запалкі? Але ўсе страцілі ўмельства, будзённыя навыкі былых часоў. Ламалі навошчаны распал, запалкі выпадалі з рук, варушылі качаргой, дзьмухалі — агню, сапраўднага, роўнага, упэўненага агню не атрымлівалася, толькі кволае падабенства — адвядзі вочы на хвілю, і ўсё згасьне. Няма дыму без агню, а агонь не распальваўся, нібыта каб прадоўжыць задавальненьне ад трымценьня тых, хто чакаў, калі нарэшце абвесьцяць імя, якога прагнулі пачуць тысячы на пляцы Сьвятога Пятра і мільёны — у сьвеце.

Кардыналы зьніякавелі, яны нэрваваліся, што спазьняюцца. Што падумае пан Бог пра іхнюю марудлівасьць і няздатнасьць у некаторых справах? Ім зрабілася няёмка нават аднаму перад адным. Ня будзеш жа тлумачыць іншым, што дома ня маеш печкі ці каміну, а калі маеш, дык распальваеш ня сам. Усё гэта недарэчна атрымліваецца, але рытуал, традыцыі… У пэўным сэнсе сёньня гэта выглядае як правілы гульні, якіх нельга парушаць, як сцэнар для спэктаклю, у якім не прадугледжваецца імправізацыі.

Дымы над горадам, утульныя шлейфы ў неба, якія сьведчаць пра цяпло ў дамах, пра згатаваную ежу, пра кіпень у чайніку для гарбаты, пра сьпечаны гарачы хлеб. Цяпер дымы засталіся толькі ў падручніках з выявамі старых гравюр. Рамесьнікі на Падоле — кушняры, шаўцы, пекары; дым над дахамі. Каралеўскі падворак на месцы, дзе пазьней паставілі палац; дым з высокіх комінаў.

Коміны на старасьвецкай камяніцы біскупскай курыі ўвечары і ўначы асьвятляюцца, нібы вежачкі на даху. Камінар сёньня хіба жыве ці папросту працуе ў турме. Толькі там яшчэ дзейнічаюць коміны, і зь іх часам узьнімаецца белы дым… Гэтая прафэсія амаль вымерла, як занятак майстра, які рамантуе мэханічныя друкаркі.

Штосьці даўно ён ня бачыў камінара ў горадзе, толькі падумалася Акінчыцу, але ён сябе адразу перапыніў: а ці бачыў яго ўвогуле? Ці шмат людзей у нас сёньня напраўду бачылі жывога камінара? Мабыць, у нашым горадзе ніхто ўвогуле яго не сустракаў, можа, толькі ўяўленьне мае са «скрынкі».

Сам Акінчыц калісьці бачыў камінара насамрэч, прынамсі, гэты першы выпадак у жыцьці ён запомніў назаўсёды. Гэта было, дарэчы, у Нямеччыне, у Германскай Дэмакратычнай Рэспубліцы. Акінчыц быў школьнікам, а нямецкі камінар — даўгалыгім маладзёнам з роварам у руках. У яго быў выгляд і прылады сапраўднага чысьцільшчыка комінаў — чорны цыліндар на галаве, чорнае трыко і вадалазка, чорныя чаравікі і чорны ровар з прытарнаванымі шчоткамі, запэцканымі ў сажы. Акінчыц стаяў і глядзеў на яго моўчкі, пакуль той ня сеў на ровар і, зірнуўшы з усьмешкай на школьніка Акінчыца, не паехаў сваёй дарогай.

У Акінчыца на сьцяне таксама расьпяцьце і К+М+В на дзьвярах.

Памятны сюжэт на «Euronews» пад рубрыкай «No comment»: у вакне прамоў цяперашні нябожчык-папа і дзеці — дзяўчынка і хлопчык, якія трымаюць па беламу голубу. Выпусьцілі — галубы заляцелі ў пакой. Нямоглы нават звонку папа ўзяў аднаго, які сеў на падваконьне, падкінуў, як здолеў, голуб заляцеў у пакой. Потым абодва апынуліся на падваконьні, папа іх асьвяціў знакам крыжа, і яны паляцелі… Папа быў добрым чалавекам, яго ўсьмешка нейкая хітравата-сарамлівая, але прывабная.

А яшчэ ён перакладаў голас папы для радыёэфіру. Цяжкасьці перакладу. Ён гаварыў на італійскай, якой Акінчыц не разумеў, запіс атрымаўся кепскі, але ў Акінчыца быў тэкст, праўда, на іншай мове, які трэба было зноўку перакласьці, — падвойны пераклад. Дыкцыя ўжо была парушана. Цяжкасьць была і ў тым, што Акінчыц бачыў недакладнасьці, што датычылі сьвятарскай мовы, але ня мог іх выпраўляць адвольна, толькі зважаючы на памяць аб касьцельных казанях, якіх даўнавата ня слухаў, ня чуў. Так-так, ён перакладаў голас папы, гаварыў, можна сказаць, ягоным голасам. Несамавітае здарэньне, незвычайны выпадак. Прыгода, падобная да выкананьня тэатральнай ролі, калі ты ня маеш дачыненьня да тэатру і акторства.

Акінчыц патрымаў у руках бутлю vino de mesa, але выпіў лямпку каньяку. «За Ратцынгера», — вымавіў ён сам сабе, пакруціўшы кілішак, у якім алейны сьлед напою расьцякаўся па сьценках… На каленях Акінчыца сядзеў ягоны кот. «За Ратцынгера», — паўтарыў ён, і ў гэтым прозьвішчы прагучала штосьці сярэдневечна-жалезнае, штось тэўтонскае. І павеяла тымі яшчэ першымі місіянэрамі, якія хрысьцілі, каб стаў каралём, Міндоўга ў Наваградку. Ратцынгер. Дальбог, гучыць як «Вялікі магістар рыцарскага ордэну».

Тамака быў таксама і старэнькі кардынал з тутэйшых краёў, але ў Сыкстынскую капліцу яму ўваход быў забаронены. Кардынал, якому не дазволена галасаваць, бо занадта стары. Можна і патрэбна адно маліцца за ўдалае заканчэньне. Цікава — за каго б ён аддаў свой голас, калі б апынуўся сярод канкляву? Што, кот, ты мяне слухаеш так уважліва? Табе цікава? Так, цікава, а ці кожны ксёндз марыць у глыбках душы стаць папам, як пісьменьнікі мараць пра Нобэля? Ты ня ведаеш? Так, ты ня ведаеш, я таксама.

Ты хацеў бы ў тым Ватыкане пажыць? Ня знаеш? Я таксама ня ведаю. Хіба што папскім гвардзейцам пабыць. Гэта і не замежны легіён, і не тэатральная масоўка зусім. Калісьці я марыў апынуцца ў рыцарскіх латах ці адзецца сярэднявечным жаўнерам. Можа, і цікава было б у кірасе з алебардай у вольны час хадзіць у звальненьне ў Рым, езьдзіць на мора, у Вэнэцыю, спыняцца там на некалькі дзён і пісаць, паглядзець, як там пачнуць мэтро падводнае будаваць. Цябе я таксама вазьму з сабой, калі надумаю, ня бойся.

Але, мабыць, я не адпавядаю іхнім вымогам. Тады хіба папрасіцца на ватыканскае радыё? Як ты думаеш? Ніяк?

Коцік у папы таксама мусіць быць, ты ня думаеш? Увогуле, каты ватыканскія мусяць існаваць. Павінен жа нехта мышэй лавіць у базыліцы Сьвятога Пятра?.. Калісьці Акінчыц глядзеў фільм пра рымскіх катоў, якія жывуць у старажытных развалінах Калізэю. У папы таксама абавязкова павінны быць каты, цэлая гвардыя катоў. Кашэчая ахова харчовых прыпасаў ад мышэй.

Дакладная прымета, што ў кватэрцы стала халадней, — кот, як малое дзіця, ня злазіў з каленак, калі Акінчыц пісаў, залазіў да яго на рукі, калі ён уставаў, і яны так разам хадзілі, каб запарыць кавы, узяць кніжку, уключыць сьвятло. Асабліва падабаўся кату Акінчыцаў швэдар — нібы кальчуга, за якую можна было трывала ўчапіцца кіпцюрамі.

Кот забраўся да яго пад коўдру і ўладкаваўся, як яму было ўтульней. Рука Акінчыца звыкла пачала перабіраць поўсьць, крыху казычучы футранога прыяцеля. Бог стварыў катоў, каб людзям было весялей жыць, паўтараў сабе ён, пакрысе засынаючы.

Сьніў Акінчыц, як у нейкім нямецкім мястэчку, накшталт таго, дзе яны калісьці жылі з бацькамі ў ГДР, ён каштуе каву па-кардынальску і папскае печыва, а гаспадар гаштэту бясплатна частуе яго кактэйлем «Ратцынгер» з каньяком: ну і як — ці смакуе? Калі яны трапілі ў ГДР, яго перш за ўсё ўразіў менавіта смак печыва, якое адрозьнівалася ад шахматнага і цаліннага, як торт ад батона. Згадка пра гэта неяк мімаходзь узьнікла ў сьпячай Акінчыцавай сьвядомасьці. Потым адбылося мікшаваньне кадраў, ці Акінчыц папросту часова праваліўся ў прорву сну бязь відэашэрагу. У чорную нетру, дзе ў глыбіні няма сьвятла, як у апраметнай пячоры, да якой з паверхні кіруе доўгі лябірынт. Нейкі старэнькі ў сьвятарскай шаце зазіраў яму ў вочы і пытаўся: «Ці даўно ты быў на споведзі?» І Акінчыц пачырванеў у сьне.

Назаўтра ён даведаўся, што новы папа з вулічнымі катамі па-сяброўску. Яны за ім зграямі ходзяць. Асабліва тыя, што жывуць за нямецкім касьцёлам. Добра, што не сярэднія вякі, падумалася Акінчыцу, калі за такое сяброўства абвінавачвалі ў чарадзействе.

20—23 красавіка 2005 г.

СЯРГЕЙ АСТРАВЕЦ — празаік, журналіст радыё «Свабода». Выдаў тры кнігі прозы. Жыве ў Горадні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0