Знадворны радыяцыйны фон блізкі да натуральнага. Радыянукліды цяпер трапляюць у чалавечы арганізм пераважна зь ежай — праз садавіну і гародніну, мяса і малако. Як уберагчыся ад радыяцыі сёньня?

Пра гэта й ішла гаворка на круглым стале «Гуманітарныя праблемы Чарнобыльскай аварыі», зладжаным Фондам спрыяньня лякальнаму разьвіцьцю. Вёў круглы стол Аляксандар Мілінкевіч.

Кандыдат біялягічных навук, чалец-карэспандэнт Міжнароднай акадэміі геранталёгіі Ларыса Талькоўская зазначыла, што ўлады маюць рацыю, калі гавораць, што ў забруджаных раёнах можна весьці гаспадарку. Але пры гэтым трэба ўлічваць некалькі момантаў.

1. Масла не ўтрымлівае радыянуклідаў (у адрозьненьне ад сыроваткі, якая набірае іх найбольш) — значыць, трэба вырабляць масла, сыр (клінковы), тварог.

2. Не набірае радыянуклідаў і алей, таму на адзначаных тэрыторыях можна вырошчваць тэхнічныя культуры (рапс).

3. Радыянукліды не пагражаюць меданосным культурам.

4. У забруджаных раёнах трэба ўжываць толькі завозныя арганічныя ўгнаеньні.

5. Свойскую жывёлу, прызначаную на мяса, перад забоем трэба на працягу двух месяцаў трымаць у стойле на чыстым корме, каб вывесьці з арганізму радыянукліды.

«Іначай складаецца ўражаньне, што чалавек пайшоў не ад Адама, а ад Сызыфа», — рэзюмавала Л.Талькоўская. Бо колькі ні дбай пра вызваленьне ад радыянуклідаў, але ж ад іх не пазбавішся, пакуль спажываеш заражаныя прадукты.

Не абмінуў праблему харчаваньня і чалец-карэспандэнт НАНБ, прафэсар Іван Нікітчанка. Ён згадаў, што ў канцы 1980-х «нават мяса ў чарнобыльскія раёны прывозілі з Галяндыі». Цяпер жа, кажа Нікітчанка, прадукцыя, вырабленая ў чарнобыльскіх раёнах, не абавязкова ўся забруджаная, але ніхто ня дбае аб праверцы. Ступень пераходу радыянуклідаў у расьліны, паводле ягоных слоў, залежыць ад вільготнасьці глебы, яе складу, структуры: «На тарфяна-балоцістай глебе пры шчыльнасьці забруджаньня 1 кюры/км2 выходзіць «брудная» прадукцыя: яна бярэ ўсё з глебы адзін да аднаго. Гліністая глеба забірае частку нуклідаў. Сёньняшняе адвольнае вывядзеньне нейкіх тэрыторый зь ліку забруджаных абсалютна ня мае ніякай падставы».

Адзінае, што можа выратаваць здароўе наша і будучых пакаленьняў, — гэта прымусіць уладу лічыцца з грамадзтвам.

На жаль, пакуль гэта выглядае добрым пажаданьнем. Улада, як адзначыў Аляксандар Мілінкевіч, «манапалізавала» вырашэньне Чарнобыльскай праблемы і не імкнецца да дыялёгу з грамадзтвам. Гэта ж пацьвердзіла кіраўніца ліквідаванага жаночага ГА «Ініцыятыва» Галіна Скараход: у Чарнобыльскай зоне дазволена дзейнічаць толькі праўладным грамадзкім арганізацыям. Улады не дазвалялі зарэгістраваць у Брагіне да 2003 г. ніводную грамадзкую ініцыятыву. Першая грамадзкая арганізацыя (вядома, праўладная) зьявілася толькі таму, што пад яе выдаткаваў грошы швайцарскі бок.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0