Першае, што бачыць кожны, хто ўваходзіць у офіс Кандалізы Райс, — вялікае каляровае фота, на якім яна стаіць на сцэне разам са знакамістым віялянчэлістам Ё-Ё Ма.

Іх рукі счэпленыя і ўзьнятыя ўгару ў знак трыюмфу. Яны прымаюць авацыі публікі пасьля супольнага выкананьня санаты Брамса ў вашынгтонскай канцэртнай залі «Constitution Hall». На стале ў Райс — чатыры да бляску працёртыя скрынкі, на якіх пазначэньні: «аналітыка», «адаслаць», «прачытаць» ды «неадкладна зрабіць», а за імі — невялічкае настольнае люстэрка на падстаўцы. Партрэт дзяржсакратаркі ЗША аўтарства Нікаласа Лімана з часопісу «Ньюёркер».

Райс — выканаўца. Яна пачала вучыцца музыцы з трох год, а ўпершыню зьявілася перад публікай, калі ёй было чатыры.

«І я грала шмат, пакуль мне ня споўнілася дзесяць. Тады, зусім раптоўна, я перастала быць маленькім прыгожанькім дзіцем. Мне сапраўды абрыдла піяніна, і я захацела кінуць гэты занятак. Але мая маці сказала: «Ты яшчэ занадта маленькая, каб прыняць такое рашэньне». І я вельмі рада, што яна не дазволіла гэтага зрабіць. Бо тады, калі я зусім сьвядома вырашыла адмовіцца ад музычнай кар’еры, я ўжо магла выканаць усё, што хацела».

У першыя выходныя пасьля тэрарыстычнай атакі на ЗША, калі найвышэйшыя чыноўнікі сабраліся ў Кемп-Дэвідзе, каб абмеркаваць захады ў адказ, Райс ды генпракурор Джон Эшкрафт падымалі дух калег ігрой на піяніна ды традыцыйнымі амэрыканскімі песьнямі.

Нярэдка нядзельнымі раніцамі Райс можна ўбачыць у якасьці госьці тэлевізійных ток-шоў, дзе яна, як заўжды красамоўна і дакладна, тлумачыць прынцыпы замежнай палітыкі Джорджа Буша.

Райс любіць шопінг ды апранаецца даволі стыльна, нават, як на вашынгтонскі стандарт, сьмела. Яна носіць яркія строі, спадніца — зазвычай крыху вышэй калена. Час ад часу яна фатаграфуецца ў сукенках з аголенымі плячыма для модных часопісаў. «Шэўрон», каліфарнійская нафтавая кампанія, дзе яна працавала ў радзе дырэктараў да таго, як зрабілася дарадцай па пытаньнях нацыянальнай бясьпекі, назвала ў гонар Кандалізы адзін са сваіх танкераў.

Райс умее выступаць — і ў гэтым разгадка яе імклівага кар’ернага ўздыму. Яна зрабіла першы крок у вялікую палітыку падчас вячэры, якая адбылася пасьля сэмінару для маладых выкладчыкаў Стэнфардзкага ўнівэрсытэту ў 1984 г. Імпрэзу наведаў Брэнт Скаўкрафт, кіраўнік камісіі па стратэгічных узбраеньнях пры прэзыдэнце Рэйгане. Маладзенькая Райс уступіла зь ім у спрэчку, і так удала, што Скаўкрафт прымеціў яе ды пачаў рыхтаваць да палітычнай кар’еры, запрашаючы на сэмінары і ладзячы сустрэчы з «патрэбнымі людзьмі». Зрабіўшыся ў 1989 г. дарадцам па пытаньнях нацыянальнай бясьпекі, Скаўкрафт паставіў Райс кіраваць тым дэпартамэнтам Рады нацыянальнай бясьпекі, які адказваў за дачыненьні з Савецкім Саюзам. Празь дзесяць год яна ўжо сама ўзначаліла каманду дарадцаў Джорджа Буша па пытаньнях замежнай палітыкі, якая атрымала мянушку «Вульканы».

На кожны выступ Кандаліза Райс прыходзіць узброеная вялізнай масай дэталяў, якія яна трымае ў галаве і можа падаць у простай, зразумелай форме. Любы адказ яна выдае ў выглядзе акуратнага пакуначка ўпэўненасьці ды цьвёрдых перакананьняў.

Перад тым як адказаць на пытаньне, Райс робіцца падобнай да фігурысткі (фігурнае катаньне — яшчэ адно захапленьне яе маладосьці), якая прыгадвае праграму сёньняшняга дня спаборніцтваў, зьлёгку хітае галавой — маўляў, «Ага, зразумела», — а потым дае грунтоўны адказ.

У Вашынгтоне нішто ня мае такой вагі, як блізкасьць да прэзыдэнта. І Райс, відавочна, найбольш блізкі да яго чалавек, прынамсі, калі зыходзіць з часу, які яна праводзіць разам зь ім. Яна ня толькі дае яму справаздачу кожную раніцу, наведвае шэраг пратакольных сустрэч зь ім кожны тыдзень і мае зь ім працоўныя гутаркі некалькі разоў на дзень. Яна вельмі часта бавіць выхадныя разам з Бушам на яго ранча ў Кроўфардзе (Тэхас). Райс, якая шчыра падзяляе прэзыдэнцкую любоў да спорту, асабліва да амэрыканскага футболу, нярэдка праводзіць з прэзыдэнтам доўгія гадзіны па-за працоўным часам. Вашынгтон мучыцца ў здагадках: пра што яны так доўга размаўляюць? Хто на каго ўплывае?

Але Райс пра гэта нічога не раскажа. Нават у сваім невялікім коле сяброў, калі гаворка заходзіць пра палітыку Адміністрацыі, яна кажа тое самае, што і з тэлеэкрану. Хіба што ў такія моманты яна больш адкрыта выказвае сваё захапленьне прэзыдэнтам. «Я не магу знайсьці таго архімэдавага пункту апоры, які мог бы перакуліць любоў Райс да Буша», — гаворыць адзін зь яе сяброў.

Для Райс, якая ніколі не была замужам, у якой няма братоў ды сясьцёр, чые бацькі ўжо адышлі ў лепшы сьвет, Буш і праца ўяўляюць вельмі вялікую частку яе жыцьця. У яе ёсьць невялічкае кола старых сяброў ды родных, але большасьць зь іх жывуць на поўдні ці ў Каліфорніі. Яна — нетыповы вашынгтонскі чыноўнік. Яе дом — па-спартанску мэбляваная кватэра ў жыльлёвым комплексе Ўотэргейт. Выступы Райс — гэта выступы Буша, які атрымаў талент прамоўцы.

Кандаліза Райс нарадзілася ў мястэчку Бірмінгем, штат Алабама, у 1954 г. Гэтае імя прыдумала яе маці — яно паходзіць ад італьянскага музычнага тэрміну con dolcezza. Райс жыла ў субкультуры, якая цяпер зьяўляецца аб’ектам вялікай настальгіі сярод афраамэрыканцаў, — у стабільнай, веруючай, арыентаванай на сямейныя каштоўнасьці паўднёвай сярэдняй клясе, у часы, калі павевы барацьбы за правы чарнаскурых ужо адчуваліся, але яшчэ не перарасьлі ва ўраган.

Райс часта гаворыць пра тое, што яе бацькі казалі ёй: «Ты можаш зрабіцца прэзыдэнткай», — у часы, калі чорныя яшчэ нават ня мелі права галасаваць на выбарах. Райс настолькі цьвёрда верыць у тое, што чалавек можа сам адолець любыя ўласныя слабасьці і абмежаваньні, што яе амаль абражае сама магчымасьць таго, што дзеяньні іншых людзей ці дзяржавы таксама неяк паўплывалі на яе жыцьцё. У асабістым кодэксе паводзінаў Райс строга забаронена жаліцца на расізм, зь якім даводзіцца сутыкацца, ці прасіць нечага толькі на падставе колеру сваёй скуры.

Спачатку Райс была дэмакраткай па перакананьнях. Упершыню яна завагалася тады, калі ў 1980 прэзыдэнт-дэмакрат Джымі Картэр сказаў, што ён «шакаваны ўварваньнем Савецкага Саюзу ў Аўганістан». Сама Райс была шакаваная тым, што гэта магло некага шакаваць. Дзіва, што ў выніку яна апынулася ў лягеры Джорджа Буша, які рыхтаваўся да сваёй пераможнай прэзыдэнцкай кампаніі.

У студзені 2000 г. яна надрукавала артыкул у часопісе «Foreign Affairs», які быў адразу ўспрыняты як шаблён для будучай замежнай палітыкі адміністрацыі Буша. Райс выказала нездаволенасьць клінтанаўскай палітыкай «нацыебудаўніцтва» ў такіх малазначных краінах, як Гаіці, Самалі ці Босьнія. Кандаліза прапанавала зноў сфакусавацца на вялікім палітычным гандлі паміж звышдзяржавамі.

Аднак празь нейкі час Райс адмовілася ад гэтых перакананьняў ды перайшла на бок палітычных маралістаў. Яна пачала сьцьвярджаць, што спаборніцтва паміж звышдзяржавамі — справа мінулага, бо яны цяпер маюць супольныя мэты (у сэнсе, мэты, супольныя з амэрыканскімі).

У 2002 г. офіс Райс выдаў дакумэнт, названы «Стратэгіяй нацыянальнай бясьпекі». Згодна зь ім, існуе адзіная абгрунтаваная мадэль нацыянальнага посьпеху — амэрыканская, якая «падыходзіць для кожнага чалавека, для кожнага грамадзтва». Паводле Райс, існуюць «краіны, што адхіляюцца», — тыя, якія падтрымліваюць тэрарызм, не выконваюць міжнародных пагадненьняў і не зьяўляюцца дэмакратычнымі. «Ня кожная нацыя, што адхіляецца, мусіць быць аб’ектам вайсковага ўзьдзеяньня. Усё залежыць ад абставін». Колькі тых краін? «Ня многа і ня мала. Іх ня тры, як у «восі зла», але іх і не дзясяткі». Ці ёсьць краіна, якая адхіляецца, але якую ЗША не паспрабуюць зьмяніць, бо яна не ўяўляе для іх пагрозы? «Я ня думаю, што на плянэце ёсьць месцы, дзе няма сэнсу спрабаваць нешта зрабіць. Існуе шмат магчымасьцяў. Ня думаю, што гэта сумленна — пакідаць няшчасных жыхароў дыктатарскіх краін сам-насам зь лёсам».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0