Пры канцы тыдня для аматараў спорту пачнецца сапраўднае сьвята. У суботу, 30 красавіка, у Аўстрыі стартуе чэмпіянат сьвету па хакеі.

16 камандаў разьбіты на чатыры падгрупы. У жывым этэры гульні на агульнадаступных каналах будуць паказваць каналы БТ і ТВЦ. Зборная Беларусі трапіла ў падгрупу «А». Сёй-той ужо пасьпяшаўся назваць яе групай сьмерці, што, праўда, недалёка ад ісьціны.

У супернікі беларусам на першым этапе дасталіся чэмпіён сьвету-2002 зборная Славакія (матч зь імі 30 красавіка), зборная Расеі, што тыднем раней выйграла Кубак Эўратуру, ды гаспадары чэмпіянату аўстрыйцы. Дома, як вядома, і сьцены дапамагаюць.

У беларускага заўзятара цікавасьць да сусьветнага першынства падагрэтая і тым, што ў Вену павёз зборную замежны спэцыяліст, трэнэр «Вашынгтон Кэпіталз» Глен Хэнлан. Прызначэньне Хэнлана 11 сакавіка на пост №1 выклікала шмат нараканьняў як сярод заўзятараў, так і сярод хакеістаў. Казалі, што, можа, ня варта мяняць коней на пераправе, а лепш даць магчымасьць дапрацаваць да канца сэзона Міхаілу Захараву. Але хакейнае кіраўніцтва сказала важкае слова — і кропка. Захарава адправілі ў адстаўку. Гадаць, наколькі гэта правільны альбо памылковы крок, — справа марная. Усё стане ясна праз два тыдні, па сканчэньні першынства. Вось толькі таварыскія матчы беларусы правялі найгоршым чынам.

Адзначым таксама, што Хэнлан прыехаў у нашу хакейную парафію са сваімі звычкамі. Кардынальным чынам памяняў сыстэму трэніровак, адмовіўся ад паслуг аднаго зь лідэраў нацыянальнай дружыны Аляксея Калюжнага і вярнуў у зборную галкіпэра Андрэя Мезіна, які ня раз выручаў на сусьветных чэмпіянатах. Паразумецца зь Міхаілам Захаравым Мезіну было вельмі цяжка.

Праўда, колькі дзён таму лыжку дзёгцю ў беларускую бочку зь мёдам дабавіў усходні сусед — Расея. Кіраўніцтва піцерскага СКА, за які мінулы сэзон выступаў Мезін, намякнула, што налета беларусу давядзецца шукаць новае месца працы. Псыхалягічная вайна з супернікамі па падгрупе ў расейцаў ужо пачалася. Беларускаму галкіпэру, абараняючы вароты, давядзецца ў галаве яшчэ трымаць розныя варыянты працаўладкаваньня ў будучым сэзоне. Пры лакаўце ў НХЛ і лішку хакейнай працоўнай сілы на эўрапейскіх рынках зрабіць гэта будзе складана. Хіба толькі даказаць сваю прафэсійнасьць удалай гульнёй на чэмпіянаце сьвету, а заадно ў вочнай спрэчцы са зборнай Расеі (4 траўня) адпомсьціць за такую псыхалягічную атаку.

А яшчэ хочацца ад будучага сусьветнага першынства адрэналіну. Такіх перажываньняў, якія былі ў 1996 г., калі зборная ў галяндзкім Эйндховэне першы раз паспрабавала прабіцца ў сусьветную эліту. Ці паўтарэньня Зімовай алімпіяды-1998. Калі замест таго, каб ісьці на вучобу, зь сябрамі раніцай глядзелі трансьляцыі зь Японіі, перажываючы за беларускую зборную, якая тады прабілася ў васьмёрку наймацнейшых зборных сьвету. Тады гэта быў супэрпосьпех айчыннага хакею, які яднаў нацыю.

Вось гэтага самага і чакаеш ад сусьветнага першынства ў Аўстрыі. Каб наша зборная ня проста захавала/страціла месца ў эліце. Вандраваньне паміж вышэйшым і першым дывізіёнамі цалкам надакучыла. Хочацца прыгожай, годнай гульні. І каб кожны вечар, калі будуць гуляць беларусы, чакаўся зь нецярпеньнем. Лепей жа, каб пра нашу краіну ў сьвеце ведалі са станоўчага боку, бо ненармальна, калі аб ёй мяркуюць з дакладу Севярына, выступу Райс ці скандальных ляпаў прэзыдэнта.

Апошнія гады (хіба за выняткам Кубку Дэвіса) у нас не было значных посьпехаў у спорце. А так хочацца пабываць хоць на хвіліну ў скуры сярэднестатыстычнага славака ці латыша. І адчуць, што адчуваў жыхар Браціславы ў траўні 2002 г., калі зборная Славакіі стала чэмпіёнам сьвету, ці хаця б рыжанін у чэрвені 2004 г., пасьля гераічнага матчу зборнай Латвіі са зборнай Нямеччыны (0:0).

Каб прадоўжыць змаганьне за пуцёўку ў плэй-оф, беларусам трэба не заняць апошняе месца ў сваёй падгрупе «А». Тады найлепшыя тры каманды падгрупы аб’яднаюцца з трыма камандамі падгрупы «Д» (Чэхія, Нямеччына, Швайцарыя, Казахстан). Матчы па вызначэньні чатырох чвэрцьфіналістаў пройдуць з 6 па 10 траўня.

У адваротным выпадку беларусам з трыма такімі ж няўдачнікамі давядзецца змагацца за захаваньне месца ў эліце. Матчы таксама 6—10 траўня. Выбываюць з найвышэйшага дывізіёну дзьве каманды.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0