Бяз нашых

Жаночая зборная Беларусі па тэнісе ня здолела заваяваць пуцёўкі ў плэй-оф Сусьветнай групы Кубку фэдэрацый (аналяг мужчынскага Кубку Дэвіса). На мінулым тыдні ў Турцыі праходзілі матчы эўра-афрыканскай зоны. Напачатку для беларусак усё складвалася вельмі добра. Яны выйгралі першую кваліфікацыю, абышоўшы зборныя Грэцыі, Ізраілю і Ўкраіны. Аднак вырашальны стыкавы матч эўра-афрыканскай зоны са зборнай Славеніі стаў непераадольным бар’ерам. Беларускі саступілі зь лікам 1:2. Наступная спроба праз год.

Сафійскае жніво

Беларуская зборная вярнулася з чэмпіянату Эўропы па цяжкай атлетыцы, заваяваўшы 12 мэдалёў (пяць залатых, два сярэбраныя і пяць бронзавых). Настасься Новікава (вагавая катэгорыя да 53 кг) заваявала залаты мэдаль у мнагабор’і і «малое золата» ў штуршку. Руслан Новікаў — у мнагабор’і і рыўку. Павал Гаркавы — у рыўку. Болей за беларусаў мэдалёў заваявалі зборныя Расеі, Турцыі, Баўгарыі, Украіны.

Баскетбольны фінал

Для айчыннага баскетболу характэрнае супрацьстаяньне Горадня—Менск. У фінале мужчынскага першынства Беларусі сустрэнуцца «Горадня-93» і сталічны «Віталюр». Спартоўцы з гораду над Нёманам перайгралі ў паўфінале віцебскі «Лякаматыў-КіС» (зь лікам 3:0), а менчукі — асіповіцкую АЗАА (3:1). Фіналы пачынаюцца гульнямі ў Менску 29—30 красавіка ў спартовай залі «Гарызонт». У пятніцу пачатак а 18-й, у суботу а 12-й. Потым каманды пераедуць у Горадню. Як і ў паўфінале, тут сэрыя да трох перамог.

БГК — чэмпіён

Берасьцейскі гандбольны клюб імя Мяшкова другі раз запар стаў чэмпіёнам Беларусі па гандболе. Выхаванцы Ўладзімера Саўкі зрабілі гэта датэрмінова, падчас матчаў пятага туру першынства краіны, што праходзілі ў мінулы ўік-энд у сталіцы. Адрыў берасьцейцаў ад найбліжэйшых канкурэнтаў — сталічнага СКА — цяпер складае 12 пунктаў, і яны недасягальныя.

Іланаак, што значыць «сябар»

Аргкамітэт Зімовае Алімпіяды-2010 ухваліў сваю эмблему. Чалавечак па імені «Іланаак», што на мове эскімосаў Канады азначае «сябар», быў выбраны з 1600 эскізаў. Чалавечак складаецца зь пяці камянёў «алімпійскіх колераў». Разам з сымбалем пяці кантынэнтаў гэта й сымбаль Брытанскай Калюмбіі. Зялёны і сіні колеры сымбалізуюць лясы Брытанскай Калюмбіі, горы і выспы; чырвоны колер — кляновы ліст, залаты — сонца.

Кампанія «Rivera Design Group», што распрацавала эскіз-пераможцу, атрымала прыз у 25 тыс. даляраў і два білеты на адкрыцьцё Алімпіяды.

Дэрбі па-шатляндзку

Трох мужчынаў і жанчыну арыштавалі ў нядзелю пасьля бойкі паміж фанатамі шатляндзкіх футбольных клюбаў «Сэлтык» і «Глазга Рэйнджарс». Бойка пачалася на пароме, што кіраваўся з Глазга ў Бэлфаст (Паўночная Ірляндыя), і ў ёй узялі ўдзел 100 з 350 пасажыраў. Члены экіпажу паспрабавалі разьняць фанатаў, але атрымалі кухталёў. Бойка працягнулася на вуліцах Бэлфасту. Дасталося паліцэйскаму і некалькім машынам. А ў супэрдэрбі перамог «Сэлтык» — 2:1.

Падрыхтаваў АР

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0