Віялянчэль Гварнэры ў Горадні

У Горадні знойдзена віялянчэль «Сьвятая Тэрэза» работы прадстаўніка знакамітай італьянскай сям’і. Лічылася, што віялянчэль згубілася ў XIX ст. Экспэрт аўстрыйскага аўкцыённага дому Dorotheum Янаш Барбароса па фатаздымках пацьвердзіў, што віялянчэль, якой карыстаўся адзін з удзельнікаў гарадзенскага музычнага калектыву, належала Джавані Гварнэры. На корпусе ёсьць адпаведны надпіс і год вырабу, 1730.

Помнік Ворліку ў Касуце

27 красавіка ў Вялейцы з нагоды 295-х угодкаў украінскай Канстытуцыі (1710) прайшлі гістарычныя чытаньні «Вялейская зямля — калыска аўтара першай украінскай Канстытуцыі гетмана Піліпа Ворліка». На чытаньнях слухалі даклады айчынных і ўкраінскіх гісторыкаў. Зь вітаньнем выступіў дарадца пасла Ўкраіны сп.Казлоўскі. У часе чытаньняў паведамілі, што да 2007 г. у Касуце (Вялейшчына), на Ворлікавай радзіме, паставяць помнік.

Свае расстрэльвалі сваіх

У гады Другой сусьветнай вайны 954 тыс. савецкіх вайскоўцаў былі расстраляныя сваімі па абвінавачаньні ў баязьлівасьці й за розныя праступкі — заявіў прэзыдэнт Міжнароднага фонду «Дэмакратыя», акадэмік Аляксандар Якаўлеў. Расстрэлы былі звыклай рэччу. «Я прыехаў на фронт, а там камісар батальёну інструктуе: калі вы кажаце «ў атаку», а яны не ўстаюць — выстралі ў любога, забі — і тут жа падымуцца».

А.Руйтэль: мяне павінны зразумець

Прэзыдэнты Эстоніі і Літвы адмовіліся ехаць на 60-годзьдзе Перамогі ў Маскву. Кіраўнік Эстоніі Арнольд Руйтэль у інтэрвію BBC патлумачыў пазыцыю: «Так, савецкая армія вызваліла Эстонію ад нацысцкай акупацыі, але пачалася новая акупацыя, наступствы якой — вельмі трагічныя для эстонскага народу. Мы страцілі кожнага пятага-шостага». «Калі расейскі народ будзе ведаць усю гістарычную праўду, ён мяне зразумее», — мяркуе прэзыдэнт краіны. Эўракамісар Гюнтэр Фэргойген таксама заклікаў Маскву папрасіць прабачэньня за акупацыю Балтыі.

Юшчанка супраць двайных стандартаў

8 траўня падчас сустрэчы ў Маскве на саміце СНД з прэзыдэнтам Беларусі Віктар Юшчанка абмяркуе інцыдэнт з затрыманымі 26 красавіка ў Менску пяцьцю грамадзянамі Ўкраіны. Пра гэта ён заявіў у сераду ў Сімферопалі. «Я не хацеў бы, каб інцыдэнт зьмяніў нашы стасункі з братнім беларускім народам», — зазначыў В.Юшчанка, але зьвярнуў увагу на факт двайных стандартаў у дачыненьні да затрыманых грамадзян Расеі і Ўкраіны. Тым часам Адміністрацыя беларускага прэзыдэнта заявіла, што ніякай сустрэчы Юшчанкі і Лукашэнкі 8 траўня «пакуль не плянуецца».

Другая ліквідацыя «філяматаў»

4 траўня Вярхоўны суд прыняў рашэньне аб закрыцьці «Таварыства філяматаў». Пазоў падаў Мінюст. «Філяматам» паставілі ў віну тое, што летась і залетась яны бралі ўдзел у міжнародных канфэрэнцыях, прысьвечаных працэсу эўраінтэграцыі і пэрспэктывам Беларусі ў аб’яднанай Эўропе. Гэта выходзіць за межы гістарычнай навукі і таму «супярэчыць статуту арганізацыі». Першых філяматаў разагнаў у 1823 г. цар.

Паспрачаемся з Канадай

За права выхаду ў Сусьветную групу тэніснага Кубку Дэвіса супернікам зборнай Беларусі будзе каманда Канады. Матчы пройдуць 23—25 верасьня за акіянам. Усе патэнцыйныя супернікі беларусаў маюць славянскія прозьвішчы: Фрэнк Данцэвіч, Эндру Пятроўскі, Дэніэл Нестар, Пітэр Палянскі, Эрык Хвойка, П’ер Дзюкло-Людовіч.

Стаўка паніжана

З 5 траўня на адзін працэнтны пункт панізілася стаўка рэфінансаваньня Нацбанку, да 14% гадавых. З пачатку году гэта трэцяе паніжэньне стаўкі.

АГ, СМ; proua.com, interfax.by

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0