ЖРЭА Савецкага раёну Менску прапанавала Партыі БНФ і ГА «БНФ «Адраджэньне» «добраахвотна ва ўстаноўленым парадку» пакінуць да 15 траўня памяшканьне па вул.Варвашэні, 8. Калі БНФ ня выедзе сам, ЖРЭА пагражае зьвярнуцца ў гаспадарчы суд і арганізаваць прымусовае высяленьне.
БНФ арандуе сядзібу з 1992 г. Апошні раз дамова пра арэнду памяшканьня была падпісаная ў 2002 г. і з таго часу абнаўлялася, апошін раз на пачатку году. Але цяпер камунальныя службы лічаць неабходным разьмясьціць тут «дзяржаўныя службы», у аднабаковым парадку скасаваўшы дамову арэнды.
ПБНФ суду не баіцца і зьбіраецца бараніцца да апошняга. Яна мяркуе арганізаваць грамадзкі пратэст, узяўшы за ўзор аналягічную сытуацыю з ГА «Таварыства беларускай мовы». Увосень 2003 г. ТБМ пагражала высяленьне, і збор подпісаў па ўсёй краіне дазволіў арганізацыі выстаяць. Сядзіба на Варвашэні — месца знакавае: гістарычнае ня толькі для партыі, але і для ўсяго грамадзіва, таму В.Івашкевіч спадзяецца на масавую падтрымку грамадзкасьці.