«Народная воля» ў нумары за 27 красавіка ў разьдзеле «Паліткухня» надрукавала агрэсіўную зацемку выбаршчыка зь Менску С.Тарасава. «Народнай волі» адказвае намесьнік старшыні Партыі БНФ Юры Хадыка.

Да апошняга часу каралевай Вялікабрытаніі магла стаць толькі жанчына, якая захавала цнатлівасьць да шлюбу. Прынцэсу Дыяну ў 1981 г. аглядаў гінэколяг, і толькі пасьля таго, як ён пацьвердзіў яе дзявоцкасьць, адбыўся шлюб з насьледным прынцам. Дасьціпнікі жартавалі тады, што лэдзі Дыяна Спэнсэр была апошняй цнатліўкай у колах ангельскай арыстакратыі. Быццам пацьвярджаючы гэтую думку, прынц Чарлз праз 20 год ажаніўся з разьвядзёнкаю з багатым сэксуальным досьведам.

Гэтая гісторыя нагадвае сытуацыю ў колах беларускай дэмакратыі. Як толькі набліжаюцца прэзыдэнцкія выбары, у асяродку апазыцыі зьяўляюцца людзі, якія яшчэ ўчора служылі антыдэмакратычнаму рэжыму, а сёння сьмела гатовыя ўзначаліць аб’яднаную дэмакратычную апазыцыю.

Я падкрэсьліваю — дэмакратычную, бо апазыцыя можа быць правай, левай, канструктыўнай і ляяльнай, нарэшце, шырокай, — але хто сёньня памятае дыялёг Аляксандра Рыгоравіча з шырокай апазыцыяй у 2000 г.? Я называю такіх людзей дэмакратычнымі нявіньнікамі. Не сумняваюся ў вялікіх арганізацыйных здольнасьцях Аляксандра Вайтовіча і Аляксандра Казуліна. Мне зразумелыя іх матывы. Бо пасьля абразьлівых выказваньняў на іх адрас ППРБ яны ня могуць любіць яго. Аднак сьведчаньняў іх адданасьці ідэалам дэмакратыі і незалежнасьці Беларусі недастаткова. Купляць жа «ката ў мяшку» недальнабачна.

Я б зьвярнуўся да ўсіх нявіньнікаў дэмакратыі (бо думаю, што іх сьпіс ня будзе абмежаваны згаданымі прозьвішчамі) з заклікам. Калі вы любіце ня толькі сябе, але і вольную дэмакратычную Беларусь, якую нам яшчэ толькі трэба пабудаваць, адкіньце амбіцыі і далучайцеся да працэсу аб’яднаньня дэмакратычных сілаў, які пачала Народная кааліцыя «Пяцёрка+». Прыйдзіце і скажыце: «Спадары Лябедзька, Калякін, Шушкевіч, Вячорка і Бухвостаў! Я хачу пакласьці канец дыктатуры ў маёй краіне. Дзеля гэтага я далучаюся да працэсу вылучэньня адзінага кандыдата і абяцаю, што пры любым выбары прыкладу ўсе намаганьні для перамогі дэмакратыі».

Ужо адбыліся менскія і абласныя канфэрэнцыі — усюды, акрамя Віцебску. На гэтых сходах дэмакратычнага актыву прысутнічалі і Вайтовіч, і Колас, і Фралоў, не было толькі Казуліна. Але ніхто зь іх не наважыўся падпісаць заяву-абяцаньне ў выпадку сваёй перамогі абараняць прынцыпы дэмакратыі і незалежнасьць Беларусі. Бяз гэтага людзі, якія на справе рызыкуюць і на справе будуць агітаваць за адзінага кандыдата, не пагадзіліся ўключаць іх прозьвішчы ў бюлетэнь для галасаваньня. Тады нездаволеныя прэтэндэнты пачалі публічна скардзіцца на недасканаласьць працэдуры і правакаваць крытычныя артыкулы ў незалежнай прэсе.

Так, «НВ» у нумары за 27 красавіка ў разьдзеле «Паліткухня» надрукавала агрэсіўную зацемку выбаршчыка зь Менску С.Тарасава. Сп.Тарасаў задае пытаньні, на якія неабходна адказаць. Ён піша: «Хто і калі вызначыў кола дэмакратычных сіл?»

Слушнае пытаньне. Гэтае кола ахапіла палітычныя партыі і грамадзкія аб’яднаньні, што бралі ўдзел у выбарчых кампаніях апазыцыйных кандыдатаў на апошніх парлямэнцкіх выбарах. Больш шырокага кола нельга прыдумаць. Асобы, якія ня бралі такога ўдзелу, могуць далучыцца да любой партыі ці аб’яднаньня і ўзяць удзел у вылучэньні адзінага кандыдата.

Другое пытаньне: «Калі чалавек прытрымліваецца дэмакратычных прынцыпаў, але не ўваходзіць у партыю ці нейкае грамадзкае аб’яднаньне, ці можа ён узяць удзел у вызначэньні таго ж адзінага кандыдата?» Зразумела, можа. Калі ён прэтэндуе быць гэтым адзіным, то павінен падпісаць згаданую заяву-абяцаньне і сабраць больш за 50% галасоў любой рэгіянальнай канфэрэнцыі, каб трапіць у якасьці прэтэндэнта на Нацыянальны кангрэс дэмсіл. Гэта вельмі важная ўмова. Калі чалавек спадзяецца атрымаць падтрымку, ён напачатку мусіць дамагчыся згоды і падтрымкі дэмакратычнага актыву. Тады гэты актыў дапаможа яму перамагчы ва ўсёй краіне. Мы ня маем іншых рэсурсаў для перамогі. Той, хто спадзяецца толькі на грошы альбо толькі на намэнклятуру, можа быць апанэнтам А.Лукашэнкі. Але ня можа быць лідэрам беларускай дэмакратыі.

Рэглямэнт вылучэньня прэтэндэнтаў быў распрацаваны спэцыяльнай групай, у склад якой уваходзілі юрысты з розных партый і арганізацый. Рэглямэнт усёй грамадзкасьці краіны не паведамлены, але ён усім даступны, сп.С.Тарасаў, і многія незалежныя газэты яго падрабязна апісвалі. Можа гэта зрабіць і «Народная воля». Гэта ўсе пытаньні, якія былі пастаўлены.

Думаючы пра паводзіны і крыўды нашых нявіньнікаў дэмакратыі, часта прыгадваю сытуацыю 2001 г. Тады пяць прыстойных чалавек прыватызавалі права назваць адзінага кандыдата ад дэмсіл. І зацягнулі гэтую справу да таго часу, калі агітацыйную кампанію ўжо не было магчымасьці разгарнуць. За два з паловаю месяцы да 9 верасьня 2001 г. я паразмаўляў з трыма найбольш моцнымі прэтэндэнтамі — М.Чыгіром, У.Ганчарыкам і С.Домашам. Кожнаму зь іх я сказаў: «Паважаны дружа! Выберыце любога з чатырох астатніх і скажыце яму, што згодны быць у яго кабінэце прэм’ер-міністрам. Калі Вы так зробіце, «пяцёрка» распадзецца, усе дэмакратычныя сілы аб’яднаюцца і перамога на выбарах зробіцца рэальнаю. А Вы будзеце прэм’ер-міністрам у дэмакратычнай краіне». Аднак ніводзін з трох ня бачыў нікога дастойнага быць прэзыдэнтам акрамя сябе. Параза апазыцыі з такімі лідэрамі была прадвызначаная.

Гэтым разам, спадзяюся, мы не наступім на тыя самыя граблі. Строга вытрымаем акрэсьлены плян і аб’яднаем вакол абранага кандыдата нашы магчымасьці. Ніхто ня можа забараніць У.Коласу, А.Вайтовічу, А.Казуліну вылучацца іншым шляхам. Але прэтэндаваць на званьне адзінага кандыдата ад дэмакратычнай апазыцыі яны ня могуць — калі не паспрабуюць далучыцца да апісанай працэдуры на канфэрэнцыі ў Віцебску. Пасьля гэтага будзе позна. Толькі аб’яднаная апазыцыя, хто б ні перамог на Кангрэсе дэмсіл, здольная сабраць мільён подпісаў за вылучэньне гэтага чалавека кандыдатам на выбарах і закласьці трывалы падмурак перамогі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0