Зьмяя

«Усё дзеля Вас». (с) «Зьмяя», 2005. (р) «БМАgroup», 2005

Няпросты альбом. Трэба быць падрыхтаваным або мець прыдатны настрой, каб адным лётам праслухаць усе 12 трэкаў. Нішто не ўратуе ад штурму й драйву, якія дэманструе Зоя Каральчук з кампаніяй. Адчайны жаночы вакал, што раз-пораз зрываецца на рык, сымпатычна спалучаецца з мэлядычнасьцю.

Усе песьні па-беларуску. «Цяпер я — музыка BY», — сьпявае «Зьмяя», бо гурт адмовіўся ад расейскамоўных вэрсій некаторых сваіх кампазыцый.

Беларускія тэксты — экспрэ-сіўныя, часам эпатажныя (нечаканыя мацюкі ў песьні «Ў яму»), перасыпаныя іроніяй (лысая сямейка ў «Цётцы»).

Матывы папсова-эстраднай лірыкі даведзены «Зьмяёй» да абсурду (адрынутая дзяўчына, якая штовечар шнарыць у майтках з надпісам «Бывай»). Вельмі цікавы фальклёрна-геймэрскі хаўрус у песьні «Counter-Strike Source», дзе традыцыйныя каліны-рабіны суседзяць з гульнёвымі БОТамі і вінтоўкай М-16.

Самая сур’ёзная, бясьсьцёбная песьня «Вайна» — змрачнаватая футурыстычная карціна з салдатамі невядомай арміі і шчырым антываенным патасам. На жаль, у пляне лексыкі мова «Зьмяі» недасканалая. І нават пахвальны момант самастойнага перакладу ранейшых тэкстаў з расейскай блякне перад плоймай памылак. Але гэта справа папраўная.

Postscriptum

«Вандроўка». (с) «Postscriptum», 2005. (р) «БМАgroup», 2005.

Бывае, што альбомы спазьняюцца. А бывае — забаўляюцца. Дзіўнае ўражаньне робіць кружэлка гурту «Postscriptum». Здаецца, што гэта ўсё было — ці то ў іх, ці ў іншых. Псэўдафольк перамяшаны з рокам і прыпраўлены народнай аўтэнтыкай. Здаецца, што бальшыня трэкаў (агулам іх 12) стваралася музыкамі для саміх сябе і сваіх верных фанатаў. Я не хачу прымяншаць узроўню прафэсійнасьці каманды Юліі Белізяк, але мушу разважаць як абывацель. За што зачэпіцца паспалітае вуха? Што ўпадабае цынік-рэдактар «Кракадзілус-FM»?

Без увагі на тое, што ў загалоўнай кампазыцыі пяецца «Вандроўка — прэч ад тугі», ладная колькасьць песень напоўнена сумам. І сум гэты часьцяком напяты, штучны (за выняткам прачулай «Вецер з поўначы»).

Гарадзкія матывы («Ведаць бы яшчэ», «Дарую табе») марнеюць у псэўдафолькавым вакале. А там, дзе вакалістка паўстрымлівае сябе ад надужыцьця сваімі галасавымі данымі, удаецца зусім няблага (восеньскі горад у «Мне не шкада»). Некаторыя крытыкі пасьпелі назваць мэга-гітом альбому песьню «Званы». Пагарачыліся. Трохі весялейшая за іншыя, і ўсё. Няма тут мэга, з гітамі таксама складана.

Сяргей Балахонаў

Bionic@

«Bionic@». «Zigzag».

(с) БМА, 2005

Цяпер Валік Грышко можа пачувацца ня так самотна. У беларускім электра-попе зьявіўся яшчэ адзін праект — «Zigzag». Ненавязьлівыя аранжыроўкі, простыя мэлёдыі месцамі з «жывой» гітарай ці скрыпкай, атмасфэрныя эфэкты, электронная апрацоўка вакалу — вось як караценька можна абмаляваць стылістыку групы. Прапанова ўнікальная як для беларускага музычнага рынку, але запозьненая: такі альбом быў патрэбен гадоў дзесяць таму, яшчэ лепей — у васьмідзясятыя, час музычных нэарамантыкаў. Цяпер наўрад будзе попыт на музычна-кампутарныя экспэрымэнты. Беларускія электроншчыкі пайшлі куды далей за «Zigzag». Пакідае пытаньні й мастацкая вартасьць тэкстаў. Далейшае разьвіцьцё праекту бачыцца ў рэчышчы атмасфэрнага фольк-попу. Якраз такая «Гара» — самая ўдалая кампазыцыя альбому, зробленая сумесна з вакалістам групы «Нагуаль».

Кампазытарскі талент лідэра «Zigzag» Ігара Загумёнава заўважылі нават афіцыёзьнікі — ён летась быў намінантам на «Кампазытара году». Але яго цікавым музычным хадам («Пабудзі мяне», «Палымянае неба») не стае завершанасьці. Нібыта слухаеш чарнавы варыянт песьні.

Пазнаёміцца з экспэрымэнтатарамі варта, але трэба адразу маральна падрыхтавацца, што знаёмства зь беларускімі электра-попэрамі будзе няпростым.

Сяргей Будкін

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0