Толькі гультай не параўноўваў расейскага фільму «Ўцёкі» Ягора Міхалкова-Канчалоўскага (сына Андрэя Канчалоўскага) з амэрыканскім «Уцекачом»: у абодвух фільмах ёсьць лекар, ілжыва абвінавачаны ў забойстве жонкі (у Канчалоўскага — Яўген Міронаў, у амэрыканцаў — Харысан Форд), ёсьць уцёкі і прынцыповы перасьледнік (Аляксей Серабракоў як расейская інкарнацыя Томі Лі Джонса), ёсьць бойкі і выкрыцьцё злачынцы.

Калегі з аўтарытэтнага сайту www.kino-govno.com з радасьцю знайшлі ў карціне шмат цікавага, але лепей параўноўваць фільм не з галівудзкім арыгіналам, а з «татавым кіно».

«Татава кіно» (Андрэй Канчалоўскі, Мікіта Міхалкоў, Сяргей Бандарчук) — кіно аўтарскае, масавае, імпэрскае — і не бяз таленту. «Сынкова кіно», якое ўзышло ў часы перабудовы (Ягор Канчалоўскі, Фёдар Бандарчук, Дзяніс Еўсьцігнееў), — гэта манерныя намёкі на аўтарства, халоднае рамесьніцтва без душы і плястыкавая, «модная» імітацыя жанру.

«Уцёкі» Ягора Канчалоўскага ў параўнаньні зь ягонымі «Антыкілерамі» — сапраўдны крок назад.

Аўтамабільныя пагоні й палёты машын — як у «Антыкілеры», камэра шморгае й дрыгаецца, мантажныя заіканьні паўтараюцца зноў і зноў — але не таму, што такая патрэба, а таму што мусіць быць модны прыём.

Глямурная карцінка апэратара Антона Антонава — як у рэкляме пракладак: сухая і чысьценькая, нябесная; але ў парушэньне стылю — чорна-белыя карцінкі трызьненьняў. У гэтых трызьненьнях герою зьяўляецца забітая жонка і з фразаю «Ты ведаеш» ласкава ўсьміхаецца.

Інтэр’еры ў фільме такія ж «правільныя», як і карцінка: усе героі жывуць надзвычай заможна і нават расейская мэдсястра мае дома ноўтбук (!) з доступам у сеціва. Маёмасная «ўпакаванасьць» — абавязковае правіла шчасьлівага рэклямнага сьвету «сынкоў».

У такім стэрыльным асяродзьдзі стылістычна бездакорнымі выглядаюць толькі кемпавая бабулька з абрэзам і нафарбаваная прастытутка з заточкай.

«Уцёкі» («Побег»)

Расея, 2005, каляровы і ч/б, 110 хв.

Жанр: баявік, трылер

Адзнака: 4 (з 10)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0