«Наша Ніва» — асноўная і ледзь не адзіная друкаваная крыніца, зь якой я атрымліваю інфармацыю пра палітычныя падзеі. Мала таго, я прывык ставіцца да ўсяго прачытанага ў «НН», як да «ўбачанага на свае вочы». Але апошнім часам, калі чытаю паведамленьні пра «пэрманэнтнае» аб’яднаньне сацыял-дэмакратаў, узьнікае адчуваньне, што ці я звар’яцеў, ці журналістаў «НН» нехта ўводзіць у зман.

Божа барані, я ні ў якім разе не замахваюся на свабоду прэсы — пішыце што хочаце, абы была праўда! А тут узьнікае шэраг пытаньняў. Першае: на якой падставе і хто адхіліў Станіслава Шушкевіча ад кіраваньня БСДГ? Можа, Кароль, якога перад гэтым Цэнтральная рада выключыла з БСДГ? Ці Казулін, які ніякага дачыненьня да БСДГ ня меў? Другое: на якой падставе сьцьвярджаецца, што БСДГ самаліквідавалася? Няхай перш казулінская, нібыта створаная, БСДП «Грамада» зарэгіструецца, а тады спраўляе баль на пахаваньні БСДГ.

Карэспандэнт «НН» вонкавыя падзеі апісаў дакладна. Проста намаляваная ім карціна мае іншае жанравае азначэньне. Гэта ўсяго толькі хэпэнінг пад найменьнем «Аб’яднаньне». Рабілі яго вельмі сур’ёзныя дзядзькі, якія мне, сябру БСДГ, аднаму з многіх, двойчы слалі тэлеграму-запрашэньне на зьезд. Толькі хто іх упаўнаважваў? З такім жа правам гэткую тэлеграму мне мог даслаць і Алесь Кудрыцкі… Хачу нагадаць: падобнае аб’яднаньне сацыял-дэмакратаў ужо нібы было. І дзе цяпер тая АСДП (НГ), створаная ў выніку шчасьлівага аншлюсу? Маўчок пра яе. А БСДГ як была, так і засталася. Ня трэба ж быць такім бяспамятным і двойчы наступаць на тыя самыя граблі. Відаць, мы ўсе апантаныя ідэяй яднаньня дэмакратаў і гатовыя жаданае выдаць за сапраўднае.

Разумею, для ўсякага вонкавага назіраньніка справа выглядае вельмі проста: маўляў, раз вы там усе — і БСДГ, і БСДП (НГ) — сацыял-дэмакраты, а значыць «левыя», дык яднайцеся і не дурыце людзям галовы! Але ж партыі не дзіцячы канструктар, ня кубікі для складаньня. Прабачце, з кім вы мне прапаноўваеце яднацца, з Казуліным? Ды яшчэ выбіраць яго ў кіраўнікі? Тады ўжо лепей з афіцыйнымі ўладамі пабратацца і ўсім партыям згуляць «Дажынкі» на палітычнай ніве?

Зрэшты, Казулін не такая важная штука, каб вакол яго чыніць спрэчкі. Калі ж частка сацыял-дэмакратаў, пераважна былых сяброў БСДП (НГ), сьляпцом лезе ў сацінтэрн, дык гэта, як па мне, куды большая падстава для разыходжаньняў. Мне, нацыяналісту, які ўсё сталае жыцьцё ненавідзеў камуністаў, падтрымліваць левы шабас — гэта тое самае, што таму казачнаму герою выменяць каня на качаргу.

Людзей, якія ў той ці іншай меры ідэнтыфікуюць сябе з правымі, у БСДГ нямала. Думаю, ня варта штучна, толькі з найменьня, заганяць нашу партыю ў «левы кут». Будзьце пэўныя, калі я пераканаюся, што ў БСДГ не засталося аднадумцаў з правым ухілам — сам зь яе выйду. А карэспандэнтам «НН» варта пільней прыслухоўвацца да розных бакоў. На жаль, часьцей за ўсё бальшыня рэпартажаў вакол БСДГ пішацца праз прызму левакоў-аб’яднанцаў. Яны па-дзіцячаму рвуцца ў бой, мала думаючы пра вынікі. Цяпер жа, як казаў Алег Латышонак, лепш нічога не рабіць, раз ня ўпэўнены, што твае дзеяньні не нашкодзяць. Апошняе датычыць і аб’яднаньня.

Перад гэтым у «НН» пісалася: маўляў, партыі не амёбы і мусяць яднацца, а не дзяліцца. Мажліва, яднаньне ідэйных праціўнікаў не ўмацоўвае, а толькі аслабляе партыю. Гісторыя беларускіх сацыял-дэмакратаў за апошняе дзесяцігодзьдзе паказвае, што ўсе аб’яднаньні вядуць не да задзіночаньня, а да пераразьмеркаваньня сілаў. Мяняюцца найменьні, мяняецца склад сяброў, але не мяняецца колькасьць партый. Адным словам — казу мяняем на казу. Горш за ўсё тое, што людзі, якія маглі б супрацоўнічаць, пасьля «аб’яднаньняў» назаўжды становяцца ворагамі. На маю думку, няхай лепш розныя партыі сябруюць, чым сябры адной партыі сварацца.

Юры Пацюпа, Горадня

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0