Менскі «Віталюр» у матчы з «Горадняй-93» вядзе ў фінале мужчынскага чэмпіянату па баскетболе зь лікам 2:0. Калі прэзыдэнтам клюбу «Горадня-93» быў Алесь Мілінкевіч, каманда выступала мацней, піша Алег Раявец.

У мінулыя пятніцу і суботу супернікі правялі два паядынкі ў сталіцы. 6 траўня (і, калі спатрэбіцца, 7 траўня) фіналісты згуляюць у горадзе над Нёманам. «Віталюру» дастаткова раз перамагчы, і гегемонія васьміразовых чэмпіёнаў Беларусі будзе спынена.

Новыя фаварыты

«Віталюр» — пераемнік сталічнай РШВСМ (Рэспубліканская школа вышэйшага спартовага майстэрства). Летась (сэзон 2003/2004) РШВСМ упершыню стартавала ў беларускім першынстве — і адразу заваявала «бронзу». Потым над камандай узяла апеку фірма «Віталюр», буйны імпартэр рыбы і рыбнай прадукцыі — клюб памяняў назву і ўмацаваўся шэрагам моцных гульцоў.

А вось шматразовы чэмпіён краіны (1996, 1998—2004) «Горадня-93» мінулым летам панёс значныя страты. Клюб пакінуў ня толькі галоўны трэнэр зборнай Беларусі, самы вядомы айчынны спэцыяліст Аляксандар Барысаў, але й шэраг вядучых гульцоў. Так, Уладзімер Шарко, Аляксей Пынцікаў і Дзяніс Коршук перайшлі якраз у «Віталюр», прывабленыя лепшымі «ўмовамі». Так што яшчэ на старце сэзону экспэрты прадракалі менчукам залатыя мэдалі першынства. Праўда, гарадзенцам прагназавалася толькі «бронза».

Чэмпіянат бяз залі

У «Віталюру», патэнцыйнага чэмпіёна Беларусі, няма нармальнай, як з заўзятарскага гледзішча, баскетбольнай залі. «Віталюр» праводзіць хатнія паядынкі ў спартовым комплексе «Гарызонт», што ля галоўнага офісу заводу. Але глядацкая трыбуна там адна, прычым на бальконе.

У пятніцу ў спарткомплексе назіраўся «аншляг». Каля сотні заўзятараў разьмясьціліся адразу за левым колцам: нехта пасеў на гімнастычныя лавы, хтось прыцягнуў аднекуль крэслы, большасьць стаялі. Зрабіць тое самае за правым колцам яны не маглі: глухая сьцяна. Трыбун уздоўж пярэдняй лініі няма, тут разьмяшчаюцца лаўкі трэнэраў, запасных і арбітраў. З адваротнага боку пляцоўкі — акно з прыгожым відам на вуліцу Куйбышава.

Таму другая сотня заўзятараў, у тым ліку і карэспандэнт «НН», акупавала балькон. На першым паверсе балькону — у адзін шэраг лаўкі, дзе паселі тыя, хто прыйшоў загадзя. Астатнія стаялі на «другім паверсе». У прынцыпе, нічога страшнага, восемдзесят хвілін адстаіш. Толькі ў вялікім перапынку ня тое што ня сыдзеш у бар — нават ня ступіш пару крокаў назад да сьцяны паразмаўляць па мабільніку. Бо тваё месца зойме шчасьлівы калега-заўзятар, які спазьніўся на матч і дзьве дзесяціхвілінкі стаяў на дыбачках за тваёй сьпінай.

Дзень першы

«Віталюр», як і належыць фаварыту, першым паклаў у кошык два пункты. Зрабіў гэта Дзяніс Коршук, які, дарэчы, пяць разоў станавіўся чэмпіёнам Беларусі ў складзе «Горадні-93». Зарабіў «Віталюр» і першы фол — ён на рахунку Эдуарда Прыймы, — і першы слэм-данк (гэта калі мяч забіваюць у колца зьверху). Ён таксама на Прыймавым рахунку.

Першую чвэрць матчу «Горадня» не адпускала менчукоў болей чым на тры-чатыры пункты. Але потым «Віталюр» ірвануў наперад. Чуваць быў толькі скрып і шоргат красовак па паркеце. Пры ліку 17:13 за дваццаць сэкундаў да сканчэньня першай чвэрці трэнэр менскага клюбу Міхаіл Фэйман узяў тайм-аўт. Навошта? «Віталюр» правёў выніковую атаку і пайшоў на перапынак з жыцьцесьцьвярджальным адрывам у сем пунктаў — 20:13. У другой чвэрці «Віталюр» замацаваў сваю перамогу — 46:33. Здавалася, што ўсё: Горадня «паплыла». Але выхаванцы Сяргея Паграбнёва не раскісьлі, а, сьціснуўшы зубы, пачалі скарачаць адставаньне ў ліку. Гульня вэтэранаў клюбу Юр’я Качана ды Андрэя Васілеўкі, асабліва перахопы мяча пад сваім шчытом, ня раз сарвалі апладысмэнты менскай публікі. І ў сярэдзіне апошняй чвэрці гарадзенцы амаль дасталі «Віталюр» — 74:69. Але ж пару разоў страцілі мяч пад «варожым» шчытом, а менчукі такіх хібаў не даравалі. Фінальны лік — 78:69.

Дзень другі

У суботу матч пачынаўся а 12-й, што было вельмі зручна: а 19-й у сталічных клюбах у жывым этэры паказвалі футбольны матч ангельскай прэм’ер-лігі паміж «Болтанам» і «Чэлсі», дзе клюб Рамана Абрамовіча аформіў чэмпіёнства. А 16-й на стадыёне «Трактар» пачынаўся адзін з галоўных матчаў футбольнага першынства: МТЗ-РІПА — «Шахцёр» (Салігорск). Заўзятар, што сядзеў побач са мной, нават пасьпеў на другі тайм матчу расейскай футбольнай прэм’ер-лігі між «Зэнітам» і «Лякаматывам», які пачаўся а 13-й па менскім часе.

У параўнаньні зь пятніцай гледачоў паменшала напалову. «Аншляг» 29 красавіка, відаць, быў абумоўлены канцом працоўнага дня. А ў суботу большасьць паспалітага люду трэслася ў транспарце, кіруючыся на Камароўку. Усё ж на наступны дзень быў праваслаўны Вялікадзень.

Першая палова матчу нарадзіла інтрыгу. Пасьля першай чвэрці «Горадня» вяла зь лікам 22:21. У другой чвэрці без барацьбы спачатку аддала дзесяць ачкоў менчукам, а потым кінулася наўздагон — 39:42. А вось трэці пэрыяд стаў фатальным для гадаванцаў Сяргея Паграбнёва: яны набралі толькі чатыры (!) ачкі і пайшлі на апошні перапынак, саступаючы дваццаць пунктаў — 43:63.

Частка гледачоў пакінула залю, астатнія сфакусаваліся на індывідуальным майстэрстве гульцоў. Аплядзіравалі «трохачковікам» «менчукоў» Уладзімера Шарка, Георгія Кандрусевіча і Дзяніса Коршука і «гарадзенца» Андрэя Васілеўкі, які набраў найбольшую колькасьць балаў у матчы — 18.

Апошні ў адзіночку зацята змагаўся за кожны мэтар пляцоўкі, покуль ягоная каманда адбывала нумар. Экс-гарадзенец, а сёньня капітан «Віталюру» Ўладзімер Шарко наагул патрапіў у колца мэтраў зь дзесяці, выклікаўшы авацыі.

Павесяліў хлопчык-сэрвісмэн. У трэцяй чвэрці пад колцам «Горадні» ў выніку барацьбы ўтварылася велічэзная мокрая пляма. Хлопчыка, як Сьнягурку, клікалі хвіліны дзьве. Зьявіўся малады чалавечак са швабрай вышэй за галаву і… урачыста аддаў яе «віталюраўцу» Кандрусевічу. Той зь веданьнем справы — усё ж дзесяць гадоў правёў у баскетболе — працёр пляцоўку. Шураваньне дало плён. Розыгрыш мяча — два ачкі ў «кошыку».

Фінальны сьвісток зафіксаваў канчатковы лік — 79:58. Я быў пасунуўся пасьля матчу па камэнтар да С.Паграбнёва (наконт прычын правалу ў другой палове гульні), але, убачыўшы ягоны страшэнна стомлены і спустошаны твар, схаваў дыктафон у сумку.

Суцэльныя праблемы

Словазлучэньне «беларускі баскетбол» прымусіць заўзятара лішні раз уздыхнуць. Жаночы чэмпіянат краіны складаецца з чатырох клюбаў. У кастрычніку на старт мужчынскага першынства выйшлі восем камандаў, да фінішу дабраліся сем. «Барысаў» празь фінансавую нэндзу зьняўся з чэмпіянату.

Ва ўсім сьвеце баскетбол зьбірае па 10—15 тыс. гледачоў на трыбунах, на чым можна зьбіраць немалыя грошы. Баскетбол (перадусім заакіянскі і эўрапейскі) — відовішчная гульня. Тут не засьнеш, як на футболе, чакаючы 90 хвілін аднаго мяча. Падзеі зьмяняюцца вельмі хутка (на атаку — 24 сэкунды). Пры нармальным стаўленьні да баскетболу Беларусь магла б стаць моцным арэшкам у Эўропе, а не целяпацца на задворках. У 1994 г. на моладзевым чэмпіянаце Эўропы мы былі першымі. Дый генафонд наш блізкі да літоўскага. Але столькі страцілі за дзесяць гадоў.

Сыходзячы з суботняга паядынку, злавіў сябе на парадаксальнай думцы: вось яшчэ адзін аргумэнт галасаваць на выбарах-2006 за Мілінкевіча. Быў жа ён прэзыдэнтам клюбу «Горадня-93», прычым якраз у 1995/96 гг., калі гарадзенцы заваявалі сваё першае «золата». Няўжо, калі стане прэзыдэнтам, пакіне любімую гульню па-за ўвагай? Бо ў сёньняшняй сытуацыі спадзявацца на падтрымку баскетболу з боку ўладаў не выпадае. А вельмі хочацца відовішчаў і нармальнага стаўленьня да гледача.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0