18 сьнежня 1947 г. ваенны трыбунал войск МУС Маскоўскай акругі прыгаварыў мяне па арт. 58-1а да 25 гадоў зьняволеньня.

Сьвет перавярнуўся, падзяліўся на дзьве часткі: мінулае, дзе было 29 гадоў жыцьця, і будучыня, якой ужо фактычна не было, бо ўперадзе чакала турма. Лягер, краты, празь якія можна было бачыць толькі кроплю белага неба… Успаміны 86-гадовага Ўладзімера Лялькова, былога настаўніка, выхадца з Кармянскага раёну.

Масква—Інта—Мінлаг

Усё, чым жыве чалавек, — вера, надзея, любоў — зьнікла ў адначасьсе. Правалілася ў бездань, пакінуўшы звонку толькі фізычнае існаваньне.

Наскрозь спустошаны, змораны фізычна і маральна, абыякавы да ўсяго навакольнага, высадзіўся я ў тую зіму на архіпэлягу ГУЛАГ.

Інта сустрэла нас — мяне з сотняй іншых зьняволеных, што прыбылі этапам з Масквы, — саракаградусным марозам, мэтровым сьнегам, брэхам ваўкадаваў, што кідаліся на нас, і злым канвоем з аўтаматамі напагатове: «Крок управа, крок улева лічым уцёкамі, страляем без папярэджаньня».

Страляць яны ўмелі, іх вучылі гэтаму амаль зь дзяцінства, вучылі праз «Варашылаўскага стралка», ДТСААФ, ГТО і г. д., вучылі не дабрыні, не чалавечнасьці, не спагадзе ды міласэрнасьці, а забойству, што прарастала шматлікімі Курапатамі на ўсёй сталінска-берыеўскай прасторы.

Мінэральны лягер, куды нас прывезьлі, налічваў восем ці дзевяць лягпунктаў, прызначаных для здабычы каменнага вугалю са шматлікіх шахт, тэрыконьнікі якіх падпіралі неба вакол сталіцы Комі і іншых яе гарадоў.

Шосты лягпункт, дзе знаходзіўся я, лічыўся перасыльным, сюды амаль штотыдзень прыбывалі этапы з розных краёў Саюзу, тут яны крыху адпачывалі, сартаваліся і накіроўваліся на працоўныя лягпункты.

Асобным пунктам была Абезь — «пагост», як сумна называлі яе вязьні. Сюды адсылалі старых, зьнядужаных, прызнаных непрацаздольнымі. Адсюль ужо амаль ніхто не вяртаўся. Зямля там хавала ў вечнай мерзлаце самую інтэлігентную частку зьняволеных — артыстаў, музыкантаў, пісьменьнікаў, вучоных, якія, трэба сказаць, найцяжэй пераносілі лягернае жыцьцё. Менавіта там знайшлі сабе магілу многія знакамітыя беларусы, пахаваныя за «нацдэмаўшчыну».

Зь лягпунктаў на шахты зьняволеных вадзілі калёнамі пад узмоцненым канвоем з сабакамі. Калі калёны сустракаліся, тых, хто ішоў назад, зводзілі з дарогі, саджалі ў сьнег, на зямлю, сурова загадваючы «не вертухацца».

Вядомы расейскі паэт Яраслаў Сьмелякоў, які ў той час «адпачываў» у Інце, даволі вобразна абмаляваў такія сустрэчы:

Когда встречаются этапы

Вдаль по дороге снеговой,

Овчарки рвутся с жарким храпом

И злее бегает конвой.

И на ходу колонне встречной,

Идущей в свой тюремный дом,

Один вопрос тот самый вечный,

Сорвавши голос, задаём.

Он прозвучал нестройным гулом

В краю морозной синевы:

Кто из Смоленска? Кто из Тулы?

Кто из Орла? Кто из Москвы?

И слышим выкрик деревенский,

И ловим отклик городской,

Что есть и тульский, и смоленский,

Есть из поселка под Москвой…

Ах, вроде счастья выше нету,

Сквозь индевелые штыки

Услышать хриплые ответы,

Что есть и будут земляки…

Сталіца палітзьняволеных

На працягу 1951—1952 г. Мінлаг стаў цалкам лягерам палітзьняволеных. Бытавікоў паступова адсюль вывезьлі, а рэжым узмацнілі да неймавернасьці. За найменшае парушэньне вязьняў зьмяшчалі ў БУР — барак узмоцненага рэжыму — на голыя нары, на хлеб і ваду.

На вокны ў жылых бараках паставілі краты, дзьверы на ноч замыкаліся на замкі. Кожнаму вязьню на бушлат сьпераду і ззаду прышылі нумары. Быў да гэтага зьняволены Пятроў ці Паўлаў — стаў зьняволены нумар 147 ці 148. Гэтым нас абязьлічылі, зрабілі безыменнымі рабамі. Далі зразумець, што выратаваньня для нас няма, што быць нам за кратамі да скананьня.

Хадзілі чуткі, што гэтаму папярэднічала паўстаньне зьняволеных недзе ў Варкуце ці Пячоры. Палітычныя быццам абяззброілі ахову, пасадзілі ў падвал адміністрацыю, увялі ў лягеры свае парадкі. Трымаліся яны там досыць доўга, пакуль ня зьнікла апошняя лыжка харчу.

Трэба сказаць, што ў Мінлагу зьняволеныя таксама не былі зусім абыякавымі і безыдэйнымі да таго, што рабілася. Тайна ствараліся гурткі і ячэйкі аднадумцаў, адшуквалася, дзе толькі было магчыма, сякая-такая «зброя» — жалезныя пруткі, пікі, сякеры, якія пільна хаваліся ў надзейных месцах. «На ўсякі выпадак», — дзяліўся са мною думкамі былы ваеннапалонны, франтавік-палкоўнік Канавалаў, які меў 25 гадоў за тое, што застаўся жывым у нямецкім палоне. «Новая вайна магчыма ў любы дзень і гадзіну, тады берыеўцы пастараюцца нас зьнішчыць, ведаючы, якую пагрозу іх існаваньню прадстаўляем мы — некалькі мільёнаў палітасуджаных. Менавіта таму нас і сабралі ў асобыя лягеры. А тут пачалі трымаць за двайнымі кратамі — так зручней і бясьпечней расстрэльваць. Дарэчы, у мінулую вайну, дзе пад пагрозай немцаў НКВД не пасьпявала вывезьці палітычных з турмаў ці лягераў, іх неадкладна расстрэльвалі. Чакаць іншага ад гэтых нелюдзяў мы ня маем права».

Зазначу, што самымі арганізаванымі і аб’яднанымі ў інцінскім лягеры былі заходнія ўкраінцы — бандэраўцы — ды «лясныя браты» — літоўцы.

Маё лягернае жыцьцё зь цягам часу неяк «наладзілася», я прымірыўся з абставінамі, працуючы ў КВЧ — культурна-выхаваўчай часьці, меў досыць вольнага часу, у які мог нават нешта пісаць, тварыць. Але хутка і тут жыцьцё «зьехала з рэек».

«Якая ў яе была ўсьмешка»

Начальнік КВЧ маёр Шаладонаў аднойчы, калі я зьбіраўся ісьці «дадому», прапанаваў затрымацца.

— Кім вам прыходзіцца Клімовіч? — спытаў ён і, убачыўшы мой устрывожаны ці разгублены твар, паясьніў: «Клімовіч Сафія Мікалаеўна на мінулым тыдні была ў Інце. Яна шукала вас. Прыехала сюды бяз пропуску і дазволу. Яе адправілі назад у Беларусь».

Ці трэба казаць, наколькі гэтая навіна ўстрывожыла і занепакоіла мяне. «Значыць, Соня не паслухалася мяне, — разважаў я. — Яна не адраклася. Ня выйшла замуж і, пэўна, яшчэ любіць мяне…»

Я ня мог заснуць у тую ноч і ўсё ўспамінаў нашу апошнюю сустрэчу.

— Лёс разьдзяліў нас, мы ніколі ўжо ня зможам быць разам, ты маладая, прыгожая, ня маеш права губіць сваё жыцьцё, — пераконваў я. — Тым больш жыцьцё нашага сынка. Ні ты, ні ён не павінны быць сваякамі «ворага народу». Наш шлюб не зарэгістраваны, цябе ня будуць перасьледаваць, палюбі другога, вартага цябе, і я буду за гэта вечна табе ўдзячны.

Нечаканае паведамленьне Шаладонава надоўга вывела мяне з раўнавагі, прымушала думаць і думаць пра жонку. Ярка паўстала перад вачыма наша першая сустрэча.

Ішоў другі дзень вайны. Соня зь Менску, дзе яна вучылася ў мэдтэхнікуме, толькі што прыбегла ў Балочу да маці, пераадолеўшы басанож за паўсутак 60 кілямэтраў шляху.

Увечары я нечакана ўбачыў яе ў натоўпе такіх жа маладзенькіх сябровак. Убачыў перш за ўсё вочы. Вялікія, сьветла-карыя. Бяздонныя. Зь лёгкім смуткам. З заваражальнай пяшчотай. Зь цікаўнасьцю, дапытлівасьцю, даверлівасьцю.

Некалькі хвілін яна неадрыўна глядзела на мяне, і, толькі калі сяброўка са сьмехам: «Ты што застыла?» — штурхнула яе пад локаць, яна адвяла вочы і ўсьміхнулася.

Якая гэта была ўсьмешка! Уся літаратура ня мае слоў, якімі можна было б апісаць тую ўсьмешку…

Мы не сказалі тады адно аднаму ніводнага слова, але зразумелі, адчулі сэрцам, што нашы шляхі сышліся, што мы належам адно аднаму і што пражыць паасобку ўжо ня зможам ні аднаго дня.

Прыезд Соні

Нябесным громам прагучала ў лягеры паведамленьне аб сьмерці «самага вялікага і мудрага». Людзі не маглі схаваць сваёй радасьці, яны кідалі работу, зьбіраліся ў натоўпы, маліліся Богу за збаўленьне ад крывавага цмока. Мастак Андропаў, імпульсіўны ад прыроды, які меў 25 за тое, што намаляваў Сталіна з рагамі і хвастом, нібы зусім зьдзяцінеў: ён бегаў на вуліцы, скакаў, крычаў ва ўсё горла: «Кат памёр! Жыве свабода!» Ні наглядчыкаў, ні іншага начальства доўга не было відаць; калі ж яны зьявіліся да вячэрняй праверкі, дык былі вельмі прыціхлыя, прышыбленыя, разгубленыя.

Гэта падалося нам некім знакам добрых зьмен. І яны не змарудзілі пачацца. Ужо к канцу месяца з вокнаў зьнялі краты, зь дзьвярэй замкі. З бушлатаў зрэзалі паганскія нумары, дазволілі перапіску і атрыманьне перадач і пасылак, а неўзабаве і сустрэчы з роднымі і блізкімі.

Пра гэтыя навіны я неадкладна напісаў бацькам і сястры, а яны маланкава паведамілі Соні.

Якія ж былі мае зьдзіўленьне і радасьць, калі празь месяц мне паведамілі, што прыехала жонка і нам дазволена трохдзённая сустрэча. Расказваць пра тыя тры дні няма патрэбы. Сапраўднае шчасьце, найвышэйшая асалода, райскае забыцьцё — вось найлепшыя эпітэты для тых дзён. Да нас заходзілі сябры, знаёміліся з жонкай, дарылі ёй свае лягерныя «прэзэнты», захапляліся яе шчырасьцю і адважнасьцю. Тут былі вядомы беларускі кампазытар і дырыжор Клаўс, выдатны ўкраінскі паэт Іван Савіч, маскоўскі прафэсар мастацтвазнаўства Васіленка, таленавіты мастак з Ерэвану Грант і шмат хто іншы. Усе яны глядзелі на Соню як на раптоўную пасьлядоўніцу вялікай Валконскай.

Жонка расказала мне пра свой першы драматычны прыезд у Інту. Гэта было пасьля таго, як у 1951 г. яна выпадкова сустрэлася ў Менску з маёй сястрой Воляй. Апошняя паведаміла ёй маё становішча: 25 гадоў зьняволеньня, Крайняя Поўнач, Інта, 6-ты лягпункт.

Сёньня трэба кіравацца розумам

Раздумваць жонка ня стала ніводнага дня. Завёзшы сына да бацькоў у Лапічы, яна на злом галавы памчала ў Інту. На вакзале пачала распытваць, дзе знаходзіцца шосты лягпункт.

— Хадземце са мной. Я пакажу дарогу, — прапанаваў ёй міліцыянэр, пачуўшы яе запытаньне.

Дарога, вядома, вяла не ў лягпункт, а ў КГБ. «Таварыш капітан! Затрымаў на вакзале, — паведаміў міліцыянэр дзяжурнаму, што сядзеў за сталом. Пытаецца пра лягпункт ЖЧ-6».

Соня расказала, што прыехала зь Менску да зьняволенага мужа. Хоча зь ім сустрэцца.

— Якое вы мелі права сюды ехаць?! — закрычаў капітан. — Тут асобая зона! Дзе ваш пропуск, дазвол? Няма?! Я вас арыштую.

На лаянку капітана расчыніліся дзьверы суседняга пакою. Увайшоў пажылы, крыху паўнаваты вайсковец. «Што тут за крык, Мясьнікоў?» — ціха спытаў ён, аглядаючы Соню.

— Ды вось, таварыш палкоўнік, самавольна прыехала ў Інту, шукае лягпункт ЖЧ-6, каб сустрэцца з асуджаным.

— Вось як, — неяк неакрэсьлена, зь цікаўнасьцю зазначыў палкоўнік. — Зайдзіце, калі ласка, да мяне, — шырэй адчыніў ён дзьверы перад Соняй. — Сядайце і раскажыце, хоць бы коратка, пра сябе, пра мужа, прыезд… Ён паказаў на крэсла, што стаяла каля стала.

Слухаў ён Соню ўважліва, не перапыняючы яе, і, калі яна спынілася, яшчэ колькі хвілін задуменна маўчаў.

— Вы малайчына, — нарэшце прамовіў ён. — Ваш муж павінен ганарыцца вамі, але цяпер ня час Валконскіх. Дарэчы, вы чыталі пра яе?

— Не, ня ведаю, — прызналася Соня. — А хто яна такая?

— Графіня. Жонка князя Валконскага, паўстанца супраць Мікалая І. Кінула ўсё сваё багацьце і паехала ў Сібір да мужа-катаржаніна.

— Значыць, моцна любіла, — не ўтрымалася заўважыць Соня.

— Як і вы, — усьміхнуўся палкоўнік. — Але ж тое было даўно, быў іншы час, іншыя людзі. Цяпер, Сафія Мікалаеўна, акрамя любві трэба кіраваца яшчэ і розумам.

— Дзе ёсьць сапраўдная любоў, розум ужо бясьсільны! — горача заўважыла Соня.

— Гэта дрэнна, — пасур’ёзьнеў палкоўнік. — Вы вось паехалі, кінулі ўсё і не падумалі, што спатканьня вам не дадуць. Ня могуць даць. Забаронена. Паслухайцеся маёй парады. Я мо ў тры разы старэйшы ад вас і шчыра жадаю вам дабра. Вяртайцеся дамоў.

— Не пабачыўшы Валодзечкі, не магу, — залілася сьлязьмі Соня. — Хоць бы пабачыць здалёк, праз агароджу, праз калючкі…

Палкоўнік мо з хвіліну з сумам глядзеў на Соню.

— Пасядзіце тут адна. Я хутка прыйду, — падняўся ён з-за стала. — Ды вось вам, прабачце, цукеркі, — дастаў ён з шуфляды дзьве жмені шакалядных «Мішак». — Калі ласка, ешце, не саромцеся…

Вярнуўся ён хвілін празь дзесяць—дванаццаць.

— Я гутарыў з начальнікам КВЧ, дзе ваш муж. Яго вельмі хваляць. Працуе культоргам. Вясёлы. Здаровы. Мо хутка і будзе дазвол на сустрэчу з роднымі. Цяпер жа гэта немагчыма. Паверце, нават я — даволі вялікі тут начальнік — ня маю права гэта дазволіць. Дарэчы, у вас ёсьць грошы на зваротны білет? — спытаў ён у Соні і, яшчэ не пачуўшы адказу, зьняў тэлефонную трубку:

— Веракса? Зайдзіце да мяне.

Праз хвіліну ў пакой увайшла маладая жанчына ў вайсковым убраньні.

— Маргарыта Пятроўна! — кіўнуў ён на Соню. — Даручаю вам вось гэтую прыгажуню. Едзьце зь ёй на вакзал, вазьміце ёй білет і пасадзіце на маскоўскі цягнік… Вам жа, — ледзь чутна дакрануўся ён пальцамі да Сонінай рукі, — жадаю быць шчасьлівай і разумнай. У вас маленькі сын. Яму трэба маці. Усяго вам найлепшага.

Побач у лягеры

Тры дні, што мы былі разам з Соняй у Мінлагу, я не задумваючыся памяняў бы на тры гады нашага разьяднальнага жыцьця на волі.

Дарэчы, поўнай волі не было нідзе. Быў амаль той жа лягер зь вялізнай тэрыторыяй, ад Берасьця да Камсамольску, ад Касьпійску да Мурманску.

— Не сумуй, я хутка сюды вярнуся. — сказала мне Соня на разьвітаньне. — Уладкуюся тут на працу, хоць бы прыбіральшчыцай, абы быць разам.

— Якое разам, любая, — пярэчыў я, — бачыш, якая калючая сьцяна пралегла паміж намі. Дый сустрэчу могуць не дазволіць.

— Дазволяць! Я сёньня бачыла сон, — абняла яна мяне, — што мы будзем разам. І не за дротам. На волі. Вось убачыш…

Які той быў сон, Соня мне не расказала, але, на шчасьце, зьдзейсьніўся ён вельмі хутка. Нам паведамілі, што тым, да каго прыедуць жонкі, будзе дазволена пражываньне за зонай.

Тут ужо спрыт праявіў я. Не чакаючы ніводнага дня, напісаў жонцы пісьмо з гэтай ашаламляльнай навіной. Прыедзе ці не — ня думаў, не гадаў. Знаў, што прыедзе, бо вельмі ўжо моцнымі былі абдымкі, вельмі гарачымі пацалункі пры нядаўнім спатканьні.

Соня, атрымаўшы пісьмо, відаць, ня ехала, а ляцела да мяне на нябачных крылах, бо ўжо ў тым жа сьнежні яна была ў Інце.

Тут трэба сказаць, што лягернае начальства ў гэты час ужо было іншым, чым да 5 сакавіка. Многія з былых начальнікаў звольніліся, пераехалі туды, дзе іх ня ведалі, тыя ж, што засталіся, сталі больш чалавечнымі, лагоднымі, нават ветлівымі і прыхільнымі да «ворагаў народу». Гэта асабліва кідалася ў вочы пасьля расстрэлу галоўнага «апекуна» ГУЛАГу Лаўрэнція Берыі.

Нам з Соняй адразу ж прапанавалі невялічкі пакойчык у былым складзе за зонай лягеру. Зь цяжкасьцю ўціснулі мы туды жалезны аднаспальны ложак, пакалечаны, на трох нагах стол, нешта падобнае на шафку ды пару зэдлікаў.

Але ўжо гэта была раскоша, шчасьце, калі пра лепшае не хацелася нават думаць. Яшчэ лепш стала тады, калі мяне прызначылі загадчыкам вячэрняй школы, далі добрую зарплату, а Соня пачала працаваць бухгальтаркай аддзелу культуры Інцінскага райвыканкаму.

На Поўначы слова «вораг народу» не было

Ні вялізныя анкеты, ні падрабязныя аўтабіяграфіі, ні прадбачлівыя характарыстыкі не патрабаваліся тады на Поўначы ад тых, хто паступаў на працу. На іх не глядзелі з падазрэньнем і недаверам пільныя саўковыя кадравікі. Словы «нацыяналізм», «контрарэвалюцыя», «антысавеччына», «вораг народу» ці «здраднік радзімы» на Поўначы наагул выйшлі з ужытку. Лепшым, чым дзе-небудзь у іншым месцы Саюзу, было і сацыяльнае становішча, і грамадзкі парадак, і нават крымінагенная абстаноўка. Уся бандыцкая ды зладзейская брыдота, як і прафэсійныя стукачы і даносчыкі, хабарнікі і кар’ерысты, сюды ехаць баяліся, бо чулі нюхам, што гэты «клімат» не для іх. Тут быў яшчэ давер чалавека чалавеку, было модным сяброўскае слова, былі ў пашане праўда і шчырасьць. Тут умелі піць неразбаўлены сьпірт (ён прадаваўся ва ўсіх крамах) і гуляць так, што «трэслася неба і зямля»…

Памятаю, як мы сустракалі новы 1956 год. Соня нафаршыравала вялізную воблу, напякла капусных і (нават!) бульбяных пірагоў. Госьці, якіх было спачатку толькі пяць, а к 12-ці гадзінам стала восем, нанесьлі розных падарункаў, сьпірту і цэлы сьцягняк засмажанага аленя. Пілі, гулялі, пелі — пелі ня толькі «Шумеў чарот», а і беларускую «Лявоніху», украінскую «Бандуру», нават нешта габрэйскае, бо прысутнічаў вельмі добры і здольны габрэй — паэт Варзін. Жанчын, праўда, было толькі чатыры — мая Соня, яе дзьве новыя сяброўкі з бухгалтэрыі ды жонка мастака Пачыталіна Марыя. Дарэчы, ён ажаніўся зь ёй ужо ў Інце, калі рашэньнем генпракуратуры яна была вызвалена з-пад варты.

Гулялі амаль да раньня, бегалі па вуліцы, скакалі, качаліся ў сьнезе, бо мароз, на дзіва, зьмякчыўся да 20 градусаў.

Ніколі да гэтага, ды ўжо ніколі і пазьней, я не сьвяткаваў так радасна, так па-юначы шчыра і непасрэдна Новы год.

Дахаты

Каб прывабіць на Поўнач рабочую сілу, тут пачалі пасьпешліва будаваць жыльлё, адчыняць крамы, наладжваць бытавое абслугоў-ваньне. Нам з Соняй таксама выдзелілі асобную кватэру — вялікі пакой зь печчу нейкай камяцкай канструкцыі пасярэдзіне — з плітой, духоўкай, пячуркай. Паліва не было, і я за кожным наведаньнем зоны прыносіў адтуль поўны партфэль вугалю. Гарэў ён палымяна і горача, так што асаблівага холаду ў сваёй хібары мы не адчувалі. Паступова пачалі абжывацца, набылі нейкую мэблю, кухонныя рэчы. Я, апроч школы, пачаў супрацоўнічаць у газэце «Інта-вугаль». Прыбавілася грошай, і мы ўжо змаглі купіць крыху больш прыстойнае адзеньне і абутак.

Дзіва, але і Соня, ужо такая, здаецца, сьпешчаная ад роду, пачала прывыкаць да суровых умоў жыцьця, вучылася весьці гаспадарку, эканомна расходавала вялікія для нас, ізгояў, паўночныя грошы.

Жыцьцё ішло, але чым далей, тым большы смутак заўважаў я ў ейных вачах, а калі-нікалі бачыў нават старанна хаваныя сьлёзы. Прычыну адгадаць было няцяжка.

— Добра, — сказаў я Соні, — возьмем сынка сюды. Цяжка яму будзе спачатку. Холадна, няўтульна. Але прывыкне. Затое будзеш спакойная.

Напісалі пісьмо ў Лапічы. Соніны бацькі — маці Варвара Васілеўна, бацька Мікалай Фёдаравіч — катэгарычна паўсталі супраць. «Ці не адурэлі вы там, — пісалі яны. — Ён тут дома, выдатна вучыцца, гуляе ў шахматы, ходзіць у гурток сьпеваў, а там змарнее ад холаду і галечы. Ды і мы ўжо ня зможам безь яго».

Што было рабіць?

Выйсьце знайшлося само па сабе. 26 траўня 1956 г. зьявілася пастанова Камісіі Вярхоўнага Савету СССР: Лялькова Ўладзімера Кандратавіча датэрмінова вызваліць з-пад варты са зьняцьцем судзімасьці і пазбаўленьня правоў».

Шлях на Радзіму быў адкрыты. Права на чалавечае жыцьцё дазволена.

Чым гэта абярнулася, якім чынам праходзіла — гэта ўжо другое апавяданьне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0