Выдатная кніга нямецкага гісторыка Бэрнгарда К’яры па-беларуску дапамагае ў спасьціжэньні Вялікай вайны як стану рэчаў і сьвядомасьці. Акупацыя з пункту гледжаньня злачынцаў і ахвяраў, якія аднолькава імкнуліся да выжываньня. Але без апраўданьня злачынцаў, у тым ліку калябарантаў.

Піша Аркадзь Шанскі.

На тле юбілейнага сьвяткаваньня Дня Перамогі ціха адбылася прэзэнтацыя беларускага перакладу фундамэнтальнае кнігі нямецкага гісторыка Бэрнгарда К’яры «Штодзённасьць за лініяй фронту. Акупацыя, калабарацыя і супраціў у Беларусі (1941—1944)». Мерапрыемства прайшло 10 траўня ў Гістарычнай майстэрні, што на вуліцы Сухой.

Адкрываючы прэзэнтацыю, гісторык Сяргей Новікаў адзначыў, што ўпершыню ў беларускую гістарыяграфію і наагул у гуманістыку ўводзіцца тэрмін «акупаванага грамадзтва» — асноўная тэма кнігі К’яры. Дый шмат пра якія рэчы тут гаворыцца ўпершыню.

Сам К’яры зазначыў, што з 1998 г., калі нямецкі варыянт кнігі пабачыў сьвет у Дзюсэльдорфе, гістарычных дасьледаваньнях зьявілася шмат новага. «Гэтая кніга не дае агульнага ўяўленьня пра Другую сусьветную вайну, яна толькі распавядае пра грамадзтва пад акупацыяй», — адцеміў аўтар. Асобная гаворка ў гэтай сувязі — пра калябарацыю: ад добраахвотнай згоды на супрацоўніцтва да памкненьня выжыць у трагічных умовах акупацыі.

Б.К’яры прапанаваў сваё вызначэньне калябарацыі — сьвядомая падтрымка злачынных актаў, накіраваных на тэрор і забойствы. Усё астатняе — каапэрацыя і супрацоўніцтва, скіраваныя на выжываньне супольнасьці, кшталту «мяккай» калябарацыі перакладчыкаў і прыбіральшчыц. Нямецкі гісторык параўнаў сваё дасьледаваньне з Купалавымі «Тутэйшымі», якія яго глыбока ўразілі: «Я стараўся паказаць вайну ня з гледзішча віноўнікаў, а з гледзішча ахвяраў».

Куратар выданьня Генадзь Сагановіч, характарызуючы кнігу, адзначыў, што аўтарскі фактар у дасьледаваньні адзін з самых важных: «Кніга разбурае стэрэатыпы пра вайну, створаныя дасьледчыкамі абодвух лягераў нашых гісторыкаў. На жаль, усё было ня так, як хацела б падаваць нацыянальная гістарыяграфія. Гісторыя штодзённасьці агаляе трагізм нашай сытуацыі».

На думку перакладчыка манаграфіі Лявона Баршчэўскага, кніга выйшла ня столькі пра вайну, колькі пра беларускі мэнталітэт: «Яна прымушае задумацца, знайсьці карані паводзін сёньняшніх людзей. Гэта падручнік па сацыяльнай псыхалёгіі».

Сваё ў кнізе пабачыў архівіст Віталь Скалабан: ён разглядае працу ў кантэксьце ня толькі ваеннай, але і паваеннай гісторыі Беларусі. «Гэта кніга пра тое, ці існавала беларуская дзяржаўнасьць у часе вайны. І пра тое, якія былі перадумовы для ўмацаваньня беларускай дзяржаўнасьці ў паваенны час. У 1944—1946 г. была чарговая спроба беларускага нацыянальнага Адраджэньня. Дастаткова пачытаць тагачасны беларускі друк, дзе зьявіліся артыкулы пра А.Гаруна і Б.Эпімах-Шыпілу», — перакананы Скалабан.

Безумоўнымі вартасьцямі кнігі Захар Шыбека назваў тое, што аўтар паказаў пераемнасьць паміж савецкім і нямецкім панаваньнем, што даў сапраўднае ўяўленьне пра маштабы канфлікту паміж беларусамі й палякамі, што не ўнікае паказу канфліктаў і не баіцца абвяргаць стэрэатыпы. «Аўтар разбурае міт аб нямецкай «звышнацыі»: ён паказвае бездапаможнасьць нямецкай адміністрацыі, напрыклад, у аграрным пытаньні», — адзначыў гісторык.

Генадзь Сагановіч назваў кнігу «філязофскай».

«Штодзённасьць» уяўляе сабой спробу спасьцігнуць Другую сусьветную вайну як фрагмэнт «эпохі сусьветных войнаў», што ад 1914 году цягнулася да 1950-х, пакуль НКВД не разграміла нацыянальны супраціў саветам. І БЦРаўскія калябаранты, і польскае акоўскае падпольле, і УПА, і літоўскія «жалезныя ваўкі», і нават савецкая партызанка прадстаўлялі зусім не «народы», а нацыянальныя эліты і былі інсьпіраваныя з вонкавых цэнтраў супраціву. Іх падтрымка мясцовым насельніцтвам была пераважна неадназначнай і мянялася ў залежнасьці ад каньюнктуры. Гэта, на думку К’яры, галоўная выснова, якую можна зрабіць з праведзеных ім дасьледаваньняў.

Аднак аматару гісторыі ў кнізе будуць цікавыя ня толькі высновы. Нямецкі дасьледчык здолеў зрабіць тое, чаго ня ўмеюць пакуль беларускія гісторыкі. Ён вывучае індывідуальныя гісторыі паралельна з гісторыяй вялікіх гістарычных падзей. На базе аб’ектыўных крыніцаў ён дасьледуе дыяпазон рэакцый на чужынскае панаваньне. Абмалёўвае дыяпазон матываў, якія рухалі людзьмі ў экстрэмальнай сытуацыі вайны — ад палітычных і нацыянальных да імкненьня да банальнага выжываньня. Ён цікавіцца мэтодыкамі ўзьдзеяньня на сьвядомасьць акупаваных з боку акупантаў і іншых ваюючых бакоў. Нарэшце, у адрозьненьне ад шэрагу нацыяналістычных гісторыкаў, К’яры не баіцца канстатаваць, што Беларусь як структурна слабы аграрны рэгіён зь нізкімі ўраджаямі стала пляцоўкай для найгоршых формаў акупацыі, дзе ад пачатку дамінавалі голад і тэрор, а расісцкая вайна на вынішчэньне амаль не прыхоўвалася. І іншыя высновы, ужо маральныя: ахвяры не павінны быць забытыя, «нашчадкі ахвяраў і дзеці злачынцаў мусяць жыць з гэтымі жахлівымі падзеямі ў сабе».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0