У газэце «Наша слова» ёсьць паласа «Пагоня за мову» зь мяккім знакам на шчыце, сымбалем барацьбы, абароны роднай мовы ад русіфікацыі. Але тэксты гэтай паласы напісаны якраз наркамаўскім правапісам. Мы жывём у цяжкі час, газэту могуць закрыць, самацэнзура і іншыя важкія прычыны могуць быць апраўданьнем зьнікненьню мяккіх знакаў. Незразумела іншае — калі вы здалі свае пазыцыі, дык чаму забыліся зьняць адтуль сьцяг?

Я — настаўнік. У клясным журнале вяду запісы зь мяккімі знакамі. Пазыцыя прынцыповая, але тлумачэньне сьмешнае: маўляў, калі хочаце, лічыце мае «лішнія» мяккія знакі памылкамі, бо на суседняй старонцы іншы настаўнік дапускае памылкі адваротнага кшталту — паставіў над «і» кропкі і думае, што гэта запіс па-беларуску. Не хачу пісаць «з памылкамі». Хачу доўгачаканага Зводу правілаў.

Шаноўны спадару Юры Тарасевіч, чаму Вам сёньня незразумелае захапленьне «рэпрэсаваным» правапісам? На дварэ ж усё той жа таталітарызм, што і ў канцы 1980-х — пачатку 1990-х. Усё тая ж барацьба з каляніяльным прыгнётам. Нават Ваш аргумэнт, што «супрацьпастаўленьне «тарашкевіцы» і «нетарашкевіцы» ўчыніла дадатковы падзел у супольнасьці», ня зрушыць мяне з мае пазыцыі. І з гэтым фактам Вам давядзецца лічыцца. Шчыра прызнаюся, што мне важнейшыя ідэалягічныя прынцыпы за еднасьць супольнасьці. А Вам наадварот? Калі гара не ідзе да Магамэта… Дык мо Вы зробіце крок да такой каштоўнай еднасьці? Наступіце на горла наркамаўскаму правапісу ды да нас яднацца! Нас мала, гэта праўда, але з Вамі будзе больш. Зрэшты, ня ў колькасьці справа, а ў стаўленьні да сьвятыні.

Навуковай рэформы правапісу так і не адбылося. Яна была абарваная грубым умяшаньнем ідэалёгіі. Мы памятаем і пра Ластоўскага, і пра Лёсіка. Мы адновім навуковую дыскусію і дапоўнім яе новымі аргумэнтамі. Мы ўсё ўзважым, каб «не пісаць два гукі пяцьцю літарамі». Мы знойдзем кампрамісы. Але дэбаты будуць весьціся пад знакам «ь». Нашы тэксты па рэформе клясычнага правапісу будуць пісаныя клясычным правапісам. Бо гэтак правільна з маральнага боку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0