Як унесьці помнік у Сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў
16 красавіка сябры таварыства «Этна» Беларускага ўнівэрсытэту культуры разам з краязнаўчым клубам «Дыярыюш» БДПУ імя М.Танка прыбіралі старыя праваслаўныя могілкі ў Ракаве, якім ужо два стагодзьдзі. Самае раньняе пахаваньне адносіцца да 1827 г., багата надмагільных пліт сярэдзіны ХІХ ст. і пачатку ХХ ст.
Існуе імавернасьць зносу гэтых могілак. Паводле заканадаўства, калі могілкі не выкарыстоўваюцца больш за 50 год, яны падлягаюць зносу, а апошняе пахаваньне на іх адносіцца да 1956 г.
Адзіны спосаб уратаваць той ці іншы гістарычны аб’ект ад зьнішчэньня — унесьці яго ў Сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў.
На падрыхтоўку і падачу дакумэнтаў нам спатрэбіўся тыдзень. 26 красавіка ва Ўпраўленьні па ахове гісторыка-культурнай спадчыны зьбіралася рэспубліканская навукова-мэтадычная рада. Штодня нехта езьдзіў у Ракаў ці Валожын, зьвязваўся зь менскімі гісторыкамі і краязнаўцамі, зьбіраў дакумэнтацыю.
Урэшце Рада прыняла рашэньне. У Ракаве «зьявіўся» яшчэ адзін гістарычны помнік. Мы ўдвая павялічылі колькасьць гістарычных (ХІХ ст.) могілак, унесеных у Сьпіс помнікаў у Беларусі. Да гэтага часу ў яго ўваходзілі толькі Кальварыйскія могілкі ў Менску.
Статыстыка шакуе, бо ракаўскія могілкі далёка ня самыя старыя. Ёсьць значна больш старажытныя і каштоўныя — нават XVII ст. «Тэрмін даўнасьці» ў іх ужо даўно выйшаў, і яны могуць быць зьнесеныя ў любы момант.
Але мы можам вырашыць праблему сваімі сіламі. Патрэбна ініцыятыва! Успомніце, якія цікавыя аб’екты ёсьць у вашай мясцовасці? Вы самі можаце ўратаваць іх ад занядбаньня. Мы прапануем актывізаваць працэс унясеньня важных гістарычных помнікаў у Дзяржаўны сьпіс. Працэс нескладаны.
Дзеля гэтага патрэбна:
1) заява на ўнясеньне аб’екту ў сьпіс;
2) уліковая картка аб’екту;
3) дазвол уласьніка;
4) выпіска з генпляну з прывязкай аб’екту;
5) фотафіксацыя;
6) кароткая гістарычная даведка.
Гэта дастаткова проста. Кароткую гістарычную даведку можа напісаць мясцовы краязнавец, генплян вы, хутчэй за ўсё, знойдзеце ў сельсавеце, там жа вам дадуць дазвол на ўнясеньне аб’екту ў сьпіс (для сельсавету гэта яшчэ адзін патэнцыйны турыстычны аб’ект), для фотафіксацыі спатрэбіцца толькі фотаапарат.
Больш пытаньняў выкліча пошук формы ўліковай карткі. Яе вы знойдзеце ва Ўпраўленьні па ахове гісторыка-культурнай спадчыны (Менск) ці ў раённых аддзелах культуры.
З свайго боку, мы гатовыя прапанаваць дапамогу ў вырашэньні розных пытаньняў па ўнясеньні аб’екту ў Дзяржаўны сьпіс — падзяліцца вопытам, знайсьці краязнаўцаў у гэтай мясцовасьці, даслаць форму ўліковай карткі і прыклад гістарычнай даведкі. На ўсю справу вам спатрэбіцца ня больш за два тыдні. Але праца таго вартая.
Толькі замацаваньне за помнікам статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці можа выратаваць шмат вельмі цікавых аб’ектаў у Беларусі ад зьнішчэньня і занядбаньня.
Нашы кантакты:
Павал Каралёў — старшыня гісторыка-краязнаўчага таварыства «Этна», тэл. 776-24-35, e-mail: [email protected];
Цімох Акудовіч — старшыня краязнаўчага клюбу «Дыярыюш», тэл. 557-11-24, e-mail: [email protected].
P.S. 21 траўня зьбіраецца вялікая талака для добраўпарадкаваньня «новага» помніка. Далучайцеся. Сустракаемся ля прыступак Унівэрсытэту культуры а 9.00.